Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кат ужо чакае. Ці зальле беларускую мову хваля англіцызмаў?


Цырульня „Барбершоп «Кат»“ у Менску на вул. Камсамольскай

На Радыё Свабода пару гадоў таму прыслаў сымпатычны ліст верны слухач Giedrius Majauskas з Коўна-Каўнаса. У лісьце трывога:

…Часта ў перадачах трапляюцца і словы-паразыты. Напрыклад, словы „пэрфоманс“, „мэсадж“ — проста рэжуць вушы, калі слухаеш прыгожую беларускую мову. Яшчэ гадоў 5 назад гэтых словаў-паразытаў не было чуваць ані ў расейскай, ані ў беларускай гаворцы. Яны прыліплі да гутарковай мовы быццам кампутарны вірус, імі нібыта „заразіліся“ многія журналісты.

Няўжо ў беларускай мове бракуе слоўнікавага запасу, каб выказаць сьцісла думку, не ўжываючы іншародных словаў, якія сталі паразытамі?

Пытаньне вечнае. Дзе мяжа прымальнага ў пазычэньні чужых словаў? На якім этапе мова траціць самабытнасьць, а ўрэшце — сэнс свайго асобнага існаваньня?

(Тут аўдыёпадкаст.)

Ці беларускую мову зальле хваля англіцызмаў?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:56 0:00
Наўпроставы лінк

У мовазнаўстве імкненьне ўнікаць падабенства зь іншымі мовамі, актывізаваць свой моўны матэрыял называецца пурызмам (ад лацінскага purus — чысты).

Вацлаў Ластоўскі, беларускі моўны пурыст
Вацлаў Ластоўскі, беларускі моўны пурыст

У розных моваў з гэтым розна. Прыкладам, ангельская мова ў групе германскіх, але ў раньнім сярэднявеччы яна набралася гэтулькі францускіх пазычаньняў, што часта ангельскі і францускі сказы складаюцца зь вельмі падобных словаў.

У эстонскай мове пурыстычная традыцыя надзвычай моцная. Скажам, агульнаэўрапейскі лацінізм рэспубліка па-эстонску vabariik (зрэшты, і ў нас была ў гэтым значэньні Рэч Паспалітая — г. зн. ‘агульная справа’). Або там абвясьцілі былі нацыянальны конкурс на найлепшае слова для кампутара, і перамог мовазнаўца Манівальдэ Лубі, які прыдумаў — падкрэсьлю, ня ўзяў ужо наяўныя ў мове карані, а стварыў з галавы — слова raal.

А ў нас кампутар яшчэ ВКЛаўскі

Беларуская мова гістарычна знаходзілася ў агульнаэўрапейскім культурна-адукацыйным полі. І тысячы грэцызмаў-лацінізмаў, што пашыраліся ў гэтай цывілізацыйнай прасторы, вякамі ўжываліся і ў нас. Матэматыка і лёгіка, адукацыя і школа, статут і гонар, грошы і акуляры — словы, пазычаныя нашымі продкамі шчэ ў сярэднявеччы з грэцкай і лацінскай.

Лацінізмы — натуральная частка беларускага слоўнага запасу. У ангельскай слова computer, утворанае ад лацінскага кораня, загучала адпаведна асаблівасьцям ангельскай фанэтыкі, якія нават інтэрнацыянальныя лацінізмы непазнавальна зьмяняюць у вымаўленьні. Нам жа не было патрэбы браць гэтае слова ў ангельскім абліччы („камп’ютар“). У старабеларускай мове быў лацінізм кампут (‘рэестар, сьпіс, рахунак’), ВКЛаўскія службоўцы на ўсю моц кампутавалі. То і новая рэч па-беларуску натуральна гучыць кампутар — на лацінскі лад. (Аналягічна прамоцыя, а не „прамоўшан“, дыгіталізацыя, а не „дыджы-“; на ютубе, а не „юцьюбе“.)

#Hashtag: актаторп, двукрыж, драбіна?

Цяпер галоўная пагроза самабытнасьці беларускае мовы — гэта перанасычэньне русізмамі. Аднак масавы і часта беспадстаўны наплыў англіцызмаў, зь якім сутыкаецца бальшыня эўрапейскіх моваў, — таксама зьява неадназначная. У Літве ёсьць Дзяржаўная камісія літоўскай мовы, якая пільна з-пад далоні аглядае моўныя прасторы — і як пабачыць якую заразу-англіцызм, тут жа выдае адпаведны загад.

Вось важнае цяпер паняцьце і слова hashtag — значок у выглядзе краткі # для пазначэньня тэмы допісу ў сацыяльных сетках. І літоўскія інтэрнэтаўцы запраста пішуць „heštegas“ (нашыя нічым ня лепшыя). Хаця гучыць такое што па-беларуску, што па-літоўску фанэтычна крыва і наагул ненатуральна. І Моўная камісія прапаноўвае некалькі сваіх варыянтаў накшталт grotažymė (знак кратаў). У нас пакуль дбае пра чысьціню мовы толькі само беларускамоўнае грамадзтва, слова для hashtag яшчэ шукацьмем.

(Але пра кампутарны жаргон у цэлым гаворка асобная.)

Кантэнт стэйкхолдэравага мэсыджу

Сп. Маяўскас спытаў пра два канкрэтныя англіцызмы. Я паставіўся б да іх па-рознаму. Слова пэрформанс (менавіта так — не „пэрфоманс“ і не „пэфоманс“) у ангельскай мове раманскага паходжаньня і мае шмат значэньняў — ‘спэктакль’ ды інш. У беларускай жа яно толькі ў адным значэньні — постмадэрнісцкі вычын артыста, які сваім уласным кароткім дзеяньнем выяўляе ідэю.

Пэрформанс „Зялёныя чалавечкі“. Эксперымэнтальны тэатар T(e)=Art. Менск, 21 траўня 2016 г.
Пэрформанс „Зялёныя чалавечкі“. Эксперымэнтальны тэатар T(e)=Art. Менск, 21 траўня 2016 г.

Што ж да слова мэсыдж (мэсэдж, мэсадж?), то тут, сп. Маяўскас, я Ваш паплечнік. У ангельскай мове яно шматзначнае, але да кожнага значэньня можам падабраць свае, непазычаныя, адпаведнікі. Калі гэта тэкст, пасланы з тэлефона ці кампутара, то — вестка. Калі гэта ідэя, якую мусяць засвоіць чытачы-гледачы праз рэклямную або палітычную кампанію, то — пасланьне.

Беларускі аўтар, які крыху авалодаў ангельскай мовай і думае, што ўсе ягоныя слухачы абавязаныя ёю валодаць, памыляецца. Неканечне кожны беларус павінен ведаць, што такое мэсыдж, а пагатоў адвокасі ці там стэйкхолдэр. (Advocacy — адстойваньне правоў, прадстаўніцтва. Stakeholder — зацікаўлены ўдзельнік нечага.) Дарэчы, часам маю ўражаньне, што мову перасыпаюць непатрэбнымі англіцызмамі, калі малавата ўласных думак ці калі хочуць падвысіць свой статус (ва ўласных вачох).

Менавіта дзеля апошняга, мне здаецца, і ўжываюць словы „івэнт“ (замест падзея), „кантэнт“ (зьмест), „мэрчандайзэр“ (таваразнаўца)... Сьпіс англіцызмаў, якія не дадаюць нічога да сэмантыкі ўжо наяўнага беларускага слова, даўжэзны: тут і „фолаўап“ (працяг), і „булінг“ (цкаваньне), і „харасмэнт“ (дамаганьне)... А інвазіўнае (як баршчэўнік) слова „рытэйл“ перашкаджае вярнуць у беларускую мову замест ня менш недарэчнага русізму „розьнічны“ традыцыйныя і празрыстыя гандаль ураздроб, раздробны гандаль, раздроб, урэшце. ​

Кат ужо тут

Часам мова чыніць злыя жарты з аматарамі англіцызмаў (а мо тут зусім ня жарт?).

М. Байкоў, С. Некрашэвіч. Беларуска-расійскі слоўнік. Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1926
М. Байкоў, С. Некрашэвіч. Беларуска-расійскі слоўнік. Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1926

Уласьнікі закладу „Барбершоп «Кат»“ (г. зн. cut ‘парэз; стрыжка’) на вул. Камсамольскай у Менску, магчыма, кіраваліся тым самым матывам — уяўнай „прэстыжнасьці“ англіцызмаў. Але, па-першае, у клясычнай беларускай моўнай традыцыі барбар — тое самае, што варвар. А па-другое — беларускае слова кат агульнавядомае, і цікава, як яго значэньне ўлічылі тыя цырульнікі, што праз дарогу ад КДБ.

Памятная табліца Сталіну. Крым, 7 сакавіка 2016 г.
Памятная табліца Сталіну. Крым, 7 сакавіка 2016 г.

Слова summit, калі яно пра палітыку, у ангельскай мове мэтафара. Найперш гэта вяршаліна, верхавіна гары ці дрэва. А пра палітычную падзею прасьцей сказаць па-беларуску высокая сустрэча. Вось і Саўка ды Грышка разважаюць:

Ах! Ах!
Сустрэча ў вярхах.
Цікава, што чакае

Перамога ці то крах?

І яшчэ. Калі няма як абысьціся без англіцызмаў і лянота шукаць беларускае слова — то прынамсі ўжывайма той англіцызм правільна. Не „экзыт-пул“ (як часам кажуць нават выпускнікі „ін’язаў“), а экзыт-пол, апытаньне выбарнікаў на выхадзе. Exit-poll. А pool — гэта ж вір! То ня кідайма нашых няшчасных чытачоў-слухачоў-суразмоўцаў у вір лішніх англіцызмаў.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG