Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскія галадоўнікі: шукалі справядлівасьці — знайшлі штраф


Галадоўнікі пасьля суду над імі
Галадоўнікі пасьля суду над імі

18 сьнежня Бабруйскі суд прызнаў вінаватымі ў правядзеньні без дазволу выканаўчай улады пікетаваньня шляхам галадоўкі сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалая Жыбуля, Аляксандра Варанкіна, Алега Шаўчэнку і Аляксандра Грамыку. Судзьдзя Натальля Шэгеда аштрафавала кожнага зь іх на сем базавых велічыняў (1 мільён 50 тысяч рублёў). Сваёй віны прафсаюзьнікі не прызналі. Заявілі, што наважыліся на галадоўку, бо іх незаконна звольнілі з Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў.

У судзе актывісты не хавалі, што праз правядзеньне акцыі пратэсту хацелі дамагчыся, каб іх аднавілі на заводзе ці, прынамсі, патлумачылі адкрыта прычыну звальненьня. Акрамя таго, казалі прафсаюзьнікі, галадоўкай яны намагаліся працягнуць увагу грамадзкасьці і ўладаў да перасьледу сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага на гэтым прадпрыемстве. Даводзілі суду, што ня бачаць віны ў абароне сваіх правоў:

«Я хацеў дамагчыся справядлівасьці і выкананьня закону, а атрымліваецца, што мяне за гэта зьбіраюцца пакараць. Я ня вешаў на сябе плякатаў, не зьбіраў вакол сябе людзей; хацеў абараніць свае правы, а стаў злачынцам», — казаў на судзе Аляксандар Варанкін.

На заводзе ён адпрацаваў сямнаццаць гадоў і меў вышэйшую кваліфікацыю. Амаль трыццаць гадоў стажу на заводзе меў Мікалай Жыбуль. Ён таксама, як і ягоныя калегі па прафсаюзе, казаў пра змаганьне за справядлівасьць:

«Мяне выкінулі на вуліцу. Я хацеў проста даведацца, за што з намі паступілі гэтак. Калі б нам адкрыта сказалі, што звольнілі за прафсаюзную прыналежнасьць, мы б на гэтым супакоіліся, але нам жа ніхто нічога не сказаў. І ў той жа час бяруць на завод прагульшчыкаў. Увесь год яны нас тэрарызавалі: мы вас звольнім, калі ня выйдзеце з гэтага няшчаснага прафсаюзу».

Актывісты даводзілі суду і тое, што спадзяваліся на ўплыў мясцовай улады на адміністрацыю заводу, аднак у гэтым памыліліся. Старшыня гарвыканкаму зь імі сустрэўся толькі пасьля шырокага водгуку пра галадоўку ў прэсе. Аднак чыноўнік заявіў, што ня можа ўладкаваць іх на завод ізноў, але паспрыяе знайсьці працу ў іншых месцах. Але чыноўніцкай дапамогі пратэстоўцы гэтак і не дачакаліся. Пісалі актывісты і Аляксандру Лукашэнку, але той не адказаў на іхнюю скаргу. Пра гэта таксама казалі на судзе.

Па сканчэньні суда яны так і не зразумелі, за што іх пакаралі:

«Я хацеў дамагчыся праўды, а зь мяне яшчэ і грошы запатрабавалі. Праўды я ніякай не знайшоў. Нікому я не патрэбны ў гэтай краіне. Просты народ тут — ніхто. Вырашылі даць мільён пяцьдзесят — далі. Маглі і больш. На колькі ім дазволіла сумленьне, столькі яны і далі», — камэнтуе вырак Мікалай Жыбуль.

Прадстаўнік улады, супрацоўнік аддзелу па працы з грамадзкімі арганізацыямі Несьцяровіч, на суд не зьявіўся — спаслаўся на службовую занятасьць. Як вынікае з матэрыялаў справы, ён паведаміў пра тое, што ў гарвыканкаме працоўныя абвясьцілі галадоўку. Адміністрацыйны працэс супраць галадоўнікаў распачаў падпалкоўнік міліцыі Сяргей Рудзько. Ён на судовым пасяджэньні прысутнічаў. Казаў, што зрабіў выснову пра акцыю пратэсту пасьля таго, як убачыў у групе грамадзянаў кіраўніка завадзкой суполкі незалежнага прафсаюзу Міхаіла Кавалькова, які ўвесну таксама галадаў.

Будынак Бабруйскага гарвыканкаму, дзе не дапамаглі пратэстоўцам
Будынак Бабруйскага гарвыканкаму, дзе не дапамаглі пратэстоўцам

Судзьдзя Натальля Шэгеда ў сваім выраку прызнала, што пратэстоўцы раней не прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці за падобныя дзеяньні, і што яны — добрапрыстойныя грамадзяне, аднак зьвярнула ўвагу на грамадзкі рэзананс ад акцыі пратэсту.

Матэрыялы справы поўняцца раздрукоўкамі матэрыялаў з сайтаў «Радыё Свабода», інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН» ды «Хартыі’97». Некаторыя зь іх судзьдзя згадала.

Аляксандар Варанкін зазначае, што рэзанансу яны дамагліся, аднак тут жа гаворыць і пра іншы бок папулярнасьці:

«Працы цяпер нам не даюць, бо мы зрабілі гэтую акцыю пратэсту — то бок, рэзананс вялікі. І ўсе баяцца нас прымаць на дзяржаўныя прадпрыемствы. І я нават ня ведаю, чым нам цяпер займацца».

Вырак судзьдзі Шэгеды стаў нечаканым для былых пратэстоўцаў. Яны чакалі пакараньня, але меншага.

Міхаіл Кавалькоў
Міхаіл Кавалькоў

Старшыня завадзкой суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў Мікалай Кавалькоў кажа, што прафсаюз мае намер абвясьціць акцыі салідарнасьці з пакаранымі актывістамі:

«Можа, нават адкрыем дабрачынны рахунак для збору сродкаў на выплату вось гэта доўгу дзяржаве. У людзей такіх грошай няма. Яны беспрацоўныя. Спадзяюся, што наша краіна не бяз добрых людзей, што сродкі будуць сабраныя і штрафы будуць выплачаныя».

Фармальная прычына звальненьня актывістаў прафсаюзу— непадаўжэньне працоўнага кантракту. Паводле заканадаўства, працадаўца можа не называць прычыну спыненьня працоўных адносінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG