B&B Insurance усё яшчэ можа прымаць чарговыя страхавыя ўнёскі і па-ранейшаму мусіць выконваць абавязальніцтвы па страхавых выплатах у заключаных раней дамовах.
Беларускае міністэрства фінансаў паведаміла 1 сьнежня аб прыпыненьні дзейнасьці ліцэнзіі, выдадзенай на права страхавой дзейнасьці ААСТ «Бі энд Бі іншурэнс КО» – беларускай страхавой кампаніі B&B Insurance. Ліцэнзію прыпыняюць ад 11 сьнежня 2017 году да 10 красавіка 2018-га.
Паводле Мінфіну, у кампаніі «не ліквідаваныя выяўленыя ў час кантрольных мерапрыемстваў парушэньні патрабаваньняў заканадаўства аб страхаваньні, што выразілася ў незабесьпячэньні грашовымі сродкамі ў поўным аб’ёме сфармаваных страхавых рэзэрваў і мінімальнага памеру статутнага фонду».
Кампанія пагаджаецца з такой фармулёўкай, але дадае:
«Улічваючы складаныя працяглыя адміністрацыйныя працэдуры і рэглямэнты аднаго з акцыянэраў, рэалізацыя рашэньня [аб павелічэньні статутнага фонду] запатрабавала больш часу, чым было запатрабавана».
B&B Insurance піша: акцыянэры запэўніваюць, што сытуацыя мае вырашыцца ў найбліжэйшы час, а кампанія «адчувае сябе ўпэўнена і мае намер няўхільна выконваць усе прынятыя на сябе абавязкі».
У 2014 годзе адбывалася падобнае: Мінфін прыпыняў ліцэнзію B&B Insurance у сувязі зь «неналежным фармаваньнем і разьмяшчэньнем сродкаў страхавых рэзэрваў». Але ліцэнзію адабралі не на 7 месяцаў, як плянавалася, а толькі на тры.
B&B Insurance працуе на беларускім рынку ад 1995 году, 65% акцыяў належаць Мазырскаму НПЗ, а яшчэ 35% – кампаніі «Транс Эўра Кансалтынг» дырэктара B&B Insurance Барыса Медніка.
Як адзначае Tut.by, некалі кампанія была найбуйнейшым прыватным страхавіком Беларусі, але цяпер займае толькі 9-е месца па колькасьці страхавых унёскаў. Чыстыя страты кампаніі з пачатку году склалі 3 млн рублёў пры ўласным капітале ў больш як 11 млрд.