Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Кастусёў: «Магілёўскіх не сагнеш»


На ХVIII зьезьдзе БНФ «Адраджэньне» Рыгор Кастусёў абраны старшынём партыі — ён набраў 107 галасоў. За Вольгу Дамаскіну прагаласавала 32 дэлегаты. Свабода паразмаўляла з Рыгорам Кастусёвым адразу пасьля абраньня на пасаду старшыні партыі БНФ.

Пра агульныя памылкі і Тацяну Караткевіч у прыватнасьці

— Якія памылкі Вы бачыце ў працы Фронту і як зьбіраецеся іх улічыць?

— Не памыляецца той, хто нічога ня робіць. Памылкі былі, і першая — гэта калі партыя праяўляла сваю несамастойнасьць у розных кампаніях, далучалася да кагосьці, падтрымлівала іншых. Была вялізная памылка, калі падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі мы падтрымалі Тацяну Караткевіч, а потым ад яе адыйшлі, таму што спадарыня Караткевіч не апраўдала нашых спадзяваньняў. Асабіста я быў супраць яе падтрымкі, але рашэньне Сойму было — за. І я падпарадкаваўся Сойму і яе падтрымліваў. Гэтая памылка нанесла Фронту вялікую шкоду. Але мы яе своечасова выправілі. Галоўнае, каб чалавек прызнаў памылку і імкнуўся яе выправіцць. Вось тое, што партыя пачала праводзіць самастойныя кампаніі — гэта плюс.

Для БНФ вельмі важна, што нас падтрымала і прыйшла прывітаць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. Я зьяўляюся памочнікам дэпутаткі Анісім. Але калі для партыі, руху пытаньне абароны незалежнасьці ня важнае, нам зь імі не па дарозе.

Пра Зянона Пазьняка і магчымасьці аб’яднаньня з КХП-БНФ

— З КХП-БНФ не хацелі б аб’яднацца? А калі б вярнуўся ў Беларусь Зянон Пазьняк, саступілі б вы яму сваю пасаду? І ці было б гэта на карысьць Фронту?

—Я асабіста закідваў прапанову аб’яднацца Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Але адказу адтуль мы пакуль не атрымалі.

Я гатовы супрацоўнічаць зь Зянонам Станіслававічам Пазьняком. Я гатовы працаваць на тое, каб правесьці аб’яднаўчы зьезд партый БНФ і КХП БНФ. А каго людзі абяруць на гэтым аб’ядноўчым зьезьдзе, той і будзе старшынём.

Пра Лукашэнку і 2010 год

— Раней вы ня раз казалі, што асабіста знаёмы з Аляксандрам Лукашэнкам, вы землякі. Як вы думаеце, можна выкарыстаць гэта знаёмства на карысьць партыі?

— Ведаеце, я ўжо зь ім бачыўся апошні раз дзесьці ў 2000 годзе, хоць у 2010 годзе ён і казаў на мой адрас камплімэнты. Шчыра — я пра гэта ня думаў, гэта нечаканае для мяне пытаньне. Нават ня ведаю, што вам адказаць.

— Вы самі ўзгадалі 2010 год, таму задам непрыемнае пытаньне. Пасьля выбараў усіх астатніх васьмярых кандыдатаў затрымалі, зьмясьцілі ў СІЗА на розныя тэрміны. І толькі Вы абыйшліся лёгкім спалохам. Можа, Лукашэнка заступіўся — бо вы асабіста знаёмыя?

— Магчыма. Як сказаў мне адзін з высокапастаўленых начальнікаў — сілавікоў: «Што з вас, БНФаўцаў возьмеш? У вас хоць кол на галаве цяшы!» Яны ведаюць, што мы сваіх пазыцый не памяняем, у нас ёсьць асноўныя каштоўнасьці, ад якіх мы не адступімся. Яны важныя да гэтай пары — гэта абарона і незалежнасьць нашай краіны, а таксама інтарэсы нашага народу. Гэта і Лукашэнка ведае. Калі ведаюць, што чалавека можна пераламаць, яго ламалі. У Магілёве на Зорнай плошчы ёсьць такі надпіс: «Зломіш, але не сагнеш». Я сам з Магілёўшчыны, таму гэтых прынцыпаў і прытрымліваюся.

Пра самастойнасьць і Аляксея Янукевіча

— Наколі вы будзеце самастойным старшынём? Аляксей Янукевіч ужо шмат гадоў езьдзіць ва ўплывовыя эўрапейскія структуры, ведае замежныя мовы. Сярод намесьнікаў у вас маладыя амбітныя людзі. Вы будзеце самастойным, цьвёрдасьць зможаце праявіць?

— Я магу праявіць цьвёрдасьць. Але задача любога кіраўніка, ці гэта партыя, ці гэта прадпрыемства, установа — разьмеркаваць абавязкі так, каб больш эфэктыўна выкарыстоўваць патэнцыял людзей. І ёсьць яшчэ адзін важкі прынцып, якім я кіраваўся, калі знаходзіўся на розных пасадах: калі ў арганізацыі ёсьць посьпех, то гэта посьпех людзей, якія побач з табой, якія працуюць пад тваім кіраўніцтвам. Калі поспеху няма, ёсьць няўдачы — вінаваты кіраўнік.

— Некалькі гадоў таму, калі на зьезьдзе старшынём абралі 33-гадовага Аляксея Янукевіча, калегі-журналісты, сталыя палітыкі казалі: «Маладыя ваўкі перамаглі зуброў». А цяпер зноў вяртаецца чалавек саліднага ўзросту.

— Мяне вельмі задавальняе ў паводзінах Аляксея Янукевіча, што ён пагадзіўся разьвіваць самастойнасьць партыі. Да 2009 году партыю ўцягвалі то ў «Пяцёрку плюс», то ў «Сямёрку плюс», то ў АДС, то да Саньнікава, то яшчэ да кагосьці, і партыя проста пачала «растварацца». Чаму мы многіх людзей згубілі ў тыя часы? Таму, што партыя не была самастойнай арганізацыяй у многіх палітычных кампаніях. Менавіта самастойнасьць партыі і дала штуршок да таго, што ў БНФ пачалі вяртацца людзі — і тыя, каго павыключалі, і той, хто сам сышоў з партыі. Прыйшла моладзь. Я лічу, што гэта правільны курс, які трэба працягваць далей.

Пра вяртаньне ў партыю «зуброў», якія сышлі

— А тых «зуброў», што сышлі — Вінцука Вячорку, Валянціна Голубева, Лявона Баршчэўскага, іншых — можа, запросіце вярнуцца?

— Заяву на выхад з партыі напісаў толькі адзін Лявон Баршчэўскі. Ні Голубеў, ні Вячорка заявы не пісалі. Глдзіце, Аляксей Марачкін прыйшоў на наш зьезд, і яго мы вылучаем у Сойм, вярнулі Алеся Міхалевіча, Вячаслава Сіўчыка. Працэс вяртаньня людзей пайшоў. Гэта нармальная зьява. Трэба ўмець разумецца зь людзьмі. Трэба людзей пераконваць. Я думаю, што я гэта ўмею рабіць.

Пра асноўную канкурэнтку Вольгу Дамаскіну

— Я ня ведаю падводных камянёў, вашых стратэгіяў, разьлікаў, але на зьезьдзе адна з кандыдатаў на пасаду старшыні Вольга Дамаскіна выказала папрок: маўляў, яе вылучыла кіраўніцтва партыі, а потым зьявіліся кандыдатуры Рыгора Кастусёва і Ігара Лялькова. Вось што гэта было?

— Разумееце, вылучыць чалавека — гэта адно. Трэба яшчэ, каб чалавек разумеў і хацеў на гэта вылучэньне ісьці. І чалавек павінен яшчэ рабіць вялікую працу, каб яго абралі. Ну, а вылучыцца і сядзець дома — гэта быў няправільны шлях. Мы гатовыя былі дапамагчы Вользе, падтрымаць яе, і я пра гэта заяўляў. Гэта маё меркаваньне, але спадарыня Дамаскіна недапрацавала ў гэтым накірунку.

— Ці не пашкодзіла Дамаскінай тое сьмелае інтэрвію, якое яна дала Радыё Свабода і ў якім заявіла, што мае амбітныя пляны, што зьбіраецца прыйсьці ўсур’ёз і надоўга — на два тэрміны? І кіраўніцтва Фронту адразу ж усё перайграла і вылучыла яшчэ дзьве кандыдатуры зь ліку намесьнікаў старшыні?

— Не-не, ня ў гэтым справа. Калі чалавека вылучылі, ён павінен усьведамляць, што трэба працаваць у першую чаргу яму, за яго ніхто ня будзе рабіць працу. Канечне, мы дапаможам, але дапамагаюць таму, хто працуе сам. А калі чалавек не працуе сам, няма сэнсу яму дапамагаць. Што да яе заявы пра два тэрміны і ўзгадку Мядзьведзева, то гэта нармальныя амбіцыі, але пад гэтыя палітычныя амбіцыі трэба працаваць. Пад ляжачы камень вада не цячэ.

Пра фінансы і надзею

— Партыя перажывае ня лепшыя фінансавыя часы, летам па некалькі дзён не працаваў офіс, не было электрычнасьці, праблемы з аплатай офісу. Сёньня на зьезьдзе прагучала, што на партыйным рахунку — нуль.

—Так, вельмі складаная ў нас сытуацыя. Вы ведаеце, што на пачатку гэтага году падаражэлі камунальныя паслугі, гэта трошкі выбіла нас з калеяіны. І ня ўсім падабаецца самастойнасьць партыі БНФ, неўваходжаньне ў розныя кааліцыі. Гэта таксама паўплывала, што мы засталіся бяз сродкаў. Але мы паступова выходзім з гэтай цяжкай сытуацыі, бачыце, сродкі на зьезд знайшлі, сьвятло ў офісе ўключылі. Так што працэс пайшоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG