Антыкарупцыйны суд Армэніі пастанавіў арыштаваць на два месяцы былога прэзыдэнта Робэрта Качар’яна. Пра гэта паведамляе Армянская служба Радыё Свабода.
Сам ён знаходзіцца ў шпіталі. Суд пачаў разгляд хадайніцтва сьледзтва аб меры стрыманьня ўвечары 26 жніўня, куды спачатку даставілі Качар’яна, але потым яго вярнулі ў шпіталь, а паседжаньне суда працягнулася без яго.
Качар’яна затрымалі 25 жніўня пасьля ператрусу і даставілі ў Антыкарупцыйны камітэт Армэніі, там ягонае самаадчуваньне пагоршылася і яго перавялі ў шпіталь. Ягоны сын Лявон Качар’ян казаў, што ў яго бацькі праблемы з сэрцам і два тыдні таму яму правялі апэрацыю.
Былому прэзыдэнту Армэніі прад’явілі абвінавачаньне па артыкулах аб злоўжываньні службовым становішчам, адмываньні асабліва буйных сум грошай і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры.
Паводле вэрсіі сьледзтва, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, Качар’ян па папярэдняй дамоўленасьці са сваімі бліжэйшымі паплечнікамі «прысвоіў дзяржаўную ўласнасьць і набыў шэраг каштоўных абʼектаў грамадзкага і эканамічнага значэньня па цэнах значна ніжэйшых за рыначныя».
Каго яшчэ падазраюць у карупцыі
Раней суд арыштаваў на два месяцы і Сэдрака Качарʼяна, сына былога прэзыдэнта краіны Робэрта Качарʼяна. Яго абвінавацілі ў адмываньні сродкаў, дапамозе ў атрыманьні буйных хабараў і злоўжываньні службовым становішчам.
У Антыкарупцыйным камітэце Армэніі заявілі, што крымінальная справа заведзеная ў дачыненьні да 10 чалавек, сярод якіх Робэрт і Сэдрак Качарʼяны, былы прэзыдэнт Сэрж Саргсьян, былы прэмʼер Андранік Маргарʼян. Паведамлялі аб затрыманьні шасьці чалавек, у тым ліку Робэрта і Сэдрака Качарʼянаў.