Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя зноў ня можа дамовіцца перад выбарамі


3 траўня ў Менску прайшло паседжаньне пастаянна дзейнай нарады дэмакратычных арганізацыяў Беларусі.

На ім абмяркоўвалася падрыхтоўка да сёлетніх выбараў у Палату прадстаўнікоў.

«Шчыра скажу, што вялікай надзеі на поўнае абʼяднаньне ў мяне няма — прызнаўся Свабодзе прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы „Беларускі рух“ Вацлаў Арэшка. — Але я прытрымліваюся такой думкі — лепш нешта рабіць і бачыць недахопы, чым крытыкаваць збоку і казаць: можна зрабіць лепей.

Вацлаў Арэшка
Вацлаў Арэшка

Таму я спрабую ўкласьці ў агульную справу свае намаганьні, хоць вялікага імпэту да сурʼёзнай працы і сурʼёзнага абʼяднаньня ў дэмакратычных сілаў, як мне падаецца, традыцыйна няма. Аднак я бачу жаданьне некаторых субʼектаў, некаторых лідэраў абʼяднаць намаганьні. І гэта вельмі добра. Таму, мне здаецца, трэба паспрабаваць зрабіць хоць нейкія крокі дзеля агульнай справы».

«У нас ёсьць свае патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты, і таму нам хочацца разам выпрацаваць агульныя падыходы да гэтай выбарчай кампаніі», — тлумачыць сваё далучэньне да нарады кіраўнік рэспубліканскага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:

Генадзь Фядыніч
Генадзь Фядыніч

«Але мне не падабаецца схільнасьць некаторых апазыцыйных лідэраў адыходзіць ад супольнага парадку і дысцыпліны. Напрыклад, прапануецца, каб усе рашэньні нарады насілі не абавязковы, а рэкамэндацыйны характар. І што тады атрымліваецца? Рашэньне прынятае кансэнсусам, а я магу яго выканаць, а магу — і ня выканаць. То бок калі камусьці нешта не даспадобы, то можна ў любы момант, як кажуць, саскочыць. А я лічу, што калі большасьць прымае рашэньне, то яго трэба выконваць усім».

Стварэньне нарады ініцыяваў «Правы цэнтар», куды ўваходзяць Абʼяднаная грамадзянская партыя, рух «За свабоду» і аргкамітэт у справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Акрамя «Беларускага руху» і прафсаюзу РЭП, знайсьці агульную для ўсіх мову спрабуюць структуры Анатоля Бухвостава, Сяргея Калякіна, Уладзімера Навасяда, Уладзімера Някляева, Мікалая Статкевіча ды некаторых іншых дэмакратычных палітыкаў.

На нарадзе не прадстаўленая грамадзянская кампанія «Гавары праўду».

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«У прапановы аб вылучэньні адзінага кандыдата на акругу ёсьць і адваротны бок», — лічыць лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў:

«Кандыдаты, якія зарэгіструюцца на парлямэнцкія выбары, будуць мець 5 хвілін на выступ і яшчэ плюс 7 хвілін, калі будуць адбывацца дэбаты. Таму, чым больш будзе людзей, якія будуць казаць пра неабходнасьць пераменаў і рэформаў, тым больш, умоўна кажучы, просты беларус будзе мець шанцаў пабачыць на дзяржаўным экране альтэрнатыўную думку.

А адзіны сьпіс якраз і скрадзе ў дэмакратычных незалежных кандыдатаў гэтую ўнікальную магчымасьць праз тэлебачаньне дагрукацца да беларусаў».

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Насамрэч сытуацыя ў нас іншая, чым яна ўяўляецца кіраўнікам „Гавары праўду“, — тлумачыць старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. — Мы ўжо дамовіліся, што супольны сьпіс азначае вось што — мы імкнёмся мінімізаваць колькасьць кандыдатаў. Але гэта не азначае, што абавязкова будзе адзін кандыдат дэмсілаў на адну акругу.

Калі ёсьць адна ўзгодненая кандыдатура, гэта добра. Але калі прэтэндэнтаў некалькі, то наша задача — забясьпечыць каардынацыю іх супольнай дзейнасьці. Гэта і выступы на тэлебачаньні і радыё, і арганізацыя пікетаў, і ўсё астатняе».

Аляксандар Лукашэнка ў прынцыпе пагадзіўся з прапановай Цэнтральнай выбарчай камісіі правесьці чарговыя парлямэнцкія выбары 11 верасьня 2016 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG