Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анемпадыстаў прадстаўляе кнігу пра колеры Беларусі


Сёньня ў галерэі Беларускага саюзу дызайнэраў будзе прэзэнтаваная кніга Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі». Шматгадовая дасьледчыцкая праца рэалізаваная ў рамках міжнароднага праекту па разьвіцьці культурнай спадчыны CHOICE.

Дагэтуль, як паведамляла Свабода, у той жа галерэі адбылася выстава Анемпадыстава пад аналягічнай назвай. Як удакладняў аўтар, былі выстаўленыя абʼекты-носьбіты ўлюбёных колераў беларускай культурнай традыцыі. Гэта візуальная частка вялікага дасьледаваньня, якая і папярэднічала выхаду кнігі.

Што такое «колер» і чаму ён фэномэн культуры? Якія адценьні першымі атрымалі ўласныя імёны ў нашых продкаў? Чые калярыстычныя трэнды беларусы перанялі і як іх пераасэнсавалі? Гэтыя ды іншыя пытаньні Міхал Анемпадыстаў некалі паставіў перад сабой, а цяпер дзеліцца з публікай сваімі назіраньнямі і адкрыцьцямі.

Міхал Анемпадыстаў
Міхал Анемпадыстаў

«Візуальныя матэрыялы кожнага з разьдзелаў — „Белы“, „Чорны“, „Чырвоны“, „Сіні. Блакітны“, „Шэры“, „Залаты. Жоўты“, „Зялёны“ — суправаджаюць разгорнутыя аўтарскія тэксты, — кажа рэцэнзэнт выданьня, доктар мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская. — Гэта экскурсы ў культуралёгію колераў. Кожны колер паўстае як прадукт культуры, для якога на пэўным этапе гісторыі зьяўляецца адпаведная назва, увасабляючы ягоны знакавы сэнс, сымбалічную інфармацыю, маркерныя функцыі».

Сама па сабе Беларусь шматколерная: адны бачаць яе чырвона-зялёнай, іншыя — бел-чырвона-белай, а хтосьці абмяжоўваецца манахромным белым ці чорным. А зь якога гістарычнага пласта пачынае свой каляровы адлік Анемпадыстаў? «Ад пачатку пачаткаў», — кажа ён:

«Я пачынаю ад максымальнай глыбіні, амаль ад таго, калі яшчэ нічога не было. Фізіялягічна і чалавек, і жывёлы бачаць колеры, але іх не ідэнтыфікуюць, не адрозьніваюць — пакуль у мове не зьяўляецца іх назва. Пакуль колер не засвойваецца культурай і для яго не ўзьнікае той самы моўны ідэнтыфікатар, чалавек папросту ня ў стане распазнаць усю паўнату гамы. Наогул першыя колеры, якія зьяўляюцца ва ўсіх культурах і ва ўсіх мовах, гэта чорны і белы. Фактычна гэта цемра і сьвятло. Пазьней пачынаецца напаўненьне, узьнікаюць новыя назвы і бачаньне гэтых самых колераў, то бок ідэнтыфікацыя, адрозьніваньне. Зрэшты, гэта ўжо не мае дасьледаваньні, я тут не першапраходзец...»

Рэдактар кнігі, філёзаф Валянцін Акудовіч у вызначэньні сутнасьці «Колеру Беларусі» ляканічны — праца з катэгорыі «патрэбных»:

«Калі б мяне папрасілі адным словам ахарактарызаваць кнігу Міхала Анемпадыстава, дык гэтым словам было б наступнае — „патрэбная“. Мне яна бачыцца надзвычай патрэбнай кнігай для ўсіх, хто хоча заглыбіцца ў самую сутнасьць Беларусі праз гісторыю яе колераў. І я пэўны, што бальшыня чытачоў адкрые для сябе новы сьвет, пра існаваньне якога яны нават не здагадваліся, нягледзячы на ўсе свае ўнівэрсытэты».

Ці разьлічвае Міхал Анемпадыстаў, што ягонае аўтарскае дасьледаваньне будзе мець практычны попыт? Ці магчыма з дапамогай ягоных высноваў «правільна расфарбаваць» Беларусь?

«Па вялікім рахунку, я ўвогуле нічога б не расфарбоўваў. Безумоўна, маё дасьледаваньне мае ўжытковую, прыкладную, утылітарную функцыю, але гэта хутчэй інфармацыя для гістарычнай рэканструкцыі, для працы са стылямі. Напрыклад, узьнікаюць праблемы, калі ствараецца нейкая гандлёвая марка. Прадпрыемства ці бізнэсовец хочуць яе зрабіць у прывязцы да беларускай гісторыі, так званай шляхецкай. Пры гэтым шляхецтва ў нас разумецца як нешта вытанчанае, рафінаванае. А насамрэч шляхецкая культура досыць грубая, гэта сарматызм. І ў гэтым сэнсе дасьледаваньне карыснае тым, што дапамагае людзям, якія працуюць са стылямі. Найперш гаворка пра рэклямістаў, дызайнэраў, мастакоў, архітэктараў, ляндшафтнікаў. Шмат якія прафэсіі сутыкаюцца са стылем».

Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 году ў Менску. Дызайнэр, фатограф, графік, паэт, публіцыст. Сябра Беларускага саюзу дызайнэраў і Беларускага ПЭН-клюбу. Навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні, працуе ў жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, пляката, фатаграфіі. Удзельнічаў у калектыўных і пэрсанальных выставах за мяжой і ў Беларусі.

Адзін са стваральнікаў беларускай рок-паэзіі 1990-х. Аўтар ідэі і тэкстаў культавага музычнага праекту «Народны альбом», які выйшаў у 1997 годзе і быў названы «Альбомам году» на цырымоніі «Рок-каранацыя». «Чалавек году-2006» па вэрсіі інтэрнэт-парталу «Тузін гітоў». Песьні на вершы Анемпадыстава — у рэпэртуары Зьмітра Вайцюшкевіча, гуртоў «Новае Неба», N.R.M., IQ48. Перакладаў тэксты песень культавых польскіх гуртоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG