Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэя Бандарэнку ў турме дапытвалі да ночы, безь перапынку на абед, з выкліканьнем лекара


Андрэй Бандарэнка

У магілёўскай турме аднавіліся сьледчыя дзеяньні па справе супроць вязьня, праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, якога цяпер абвінавачваюць у непадпарадкаваньні супрацоўнікам адміністрацыі ўстановы.

Паводле зьвестак, допыт Андрэя Бандарэнкі пачаўся 16 сакавіка раніцай і цягнуўся амаль да ночы, прычым падчас допыту вязьню выклікалі мэдыкаў.

Пра дэталі допыту Андрэя Бандарэнкі карэспандэнту Свабоды сказаў бацька вязьня Валер Бандарэнка.

«Спачатку была вочная стаўка. Потым іншыя сьледчыя дзеяньні. Ведаю, што адвакат удзельнічаў у допыце да канца працоўнага дня, а тады заявіў, што мусіць зьехаць, але сьледчы Андрэя не адпускаў. У выніку допыт працягваўся да 22:30. Прычым на абед Андрэя сьледчы не адпусьціў, не хацеў адпускаць і на вячэру, але сыну стала блага, да яго выклікалі турэмнага лекара. Мяркую, траціў прытомнасьць, бо ў чалавека ўжо няма здароўя ўсё гэта вытрымліваць. Ня ведаю, куды і скардзіцца? Раней скардзіўся ў пракуратуру, у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі зьвяртаўся. Нібыта адрэагавалі, даслалі адказ, што скаргу разгледзіць пракурор... Атрымліваецца, стала яшчэ горш», — сказаў Валер Бандарэнка.

Андрэй Бандарэнка адбывае ў магілёўскай турме 3 гады за злоснае хуліганства. 31 сакавіка 2017 году заканчваецца тэрмін, прызначаны Бандарэнку Маскоўскім судом Менску. Але ў канцы 2016 году на праваабаронцу завялі справу паводле 411 артыкула Крымінальнага кодэксу аб непадпарадкаваньні, які дазваляе дабаўляць вязьням яшчэ ад 1 да 2 гадоў зьняволеньня. У лютым у Магілёве адбылося папярэдняе паседжаньне суду па новай справе Андрэя Бандарэнкі. Скончылася яно тым, што судзьдзя адправіла справу на дапрацоўку.

Праваабаронцы «Вясны» ды іншых праваабарончых арганізацыяў ужо папярэдзілі беларускія ўлады, што прызнаюць Андрэя Бандарэнку палітвязьнем, калі ён будзе асуджаны паводле 411 артыкула, які яны лічаць рэпрэсіўным.

XS
SM
MD
LG