Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па дарозе ў душ Бандарэнку пазбавілі кароткатэрміновага спатканьня. Суд адхіліў скаргу вязьня


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

Ленінскі суд Магілёва пакінуў у сіле пастанову адміністрацыі турмы № 4 аб пазбаўленьні зьняволенага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі кароткатэрміновага спатканьня.

Дысцыплінарнае спагнаньне было накладзенае на асуджанага 11 студзеня за, нібыта, парушэньне ім правілаў перасоўваньня па тэрыторыі турмы. Бандарэнка, настойваюць турэмшчыкі, падчас канваяваньня не трымаў рукі за сьпінаю і дазволіў сабе гутарку зь іншым асуджаным.

Андрэй Бандарэнка абскардзіў рашэньне адміністрацыі турмы. Накладзенае на яго спагнаньне ён лічыць беспадстаўным і неабгрунтаваным. Гэтая скарга і разглядалася 8 лютага 2017 году.

«Адміністрацыя турмы правакуе мяне на супрацьпраўныя дзеяньні», — пераказаў пазыцыю свайго падабароннага адвакат Вадзім Мушынскі.

Бандарэнка, па ягоных словах, адмаўляе абвінавачваньні, выстаўленыя яму адміністрацыяй. Ён прызнае, што падчас канваяваньня яго паставілі тварам да сьцяны і рукі ён трымаў за сьпінаю. У той жа час побач паставілі яшчэ аднаго асуджанага, Латышава, які даймаў яго пытаньнямі. Каб суняць Латышава, Бандарэнка жэстам рукі даў яму зразумець, што гаварыць зь ім ня будзе.

Адвакат зьвярнуў увагу суду, што яго падабаронны па заяве да адміністрацыі сядзіць у адзіночнай камэры ў інтарэсах уласнай бясьпекі і канваіры павінны рабіць усё, каб ён не сутыкаўся зь іншымі асуджанымі. Акрамя таго, Мушынскі сказаў, што рукі зьняволеныя мусяць трымаць за сьпінай менавіта падчас перасоўваньня. Калі ж яны стаяць, то такога патрабаваньня да іх няма.

Прадстаўнік турмы Міхаіл Кірыенка заявіў, што на Бандарэнку дысцыплінарнае спагнаньне накладзенае правамерна, і прасіў суд пакінуць скаргу асуджанага без задавальненьня.

Ён патлумачыў, што Бандарэнку вялі ў душ, і па дарозе спрацаваў сыгнал трывогі. Бандарэнку загадалі стаяць тварам да сьцяны з закладзенымі за сьпіну рукамі. Кірыенка сказаў, што асуджаны рабіў жэсты, але што яны азначаюць, ён ня ведае. Абодвум зьняволеным была зробленая заўвага. Падчас праверкі Латышаў сваю віну прызнаў, і яго, гэтаксама як і Бандарэнку, пазбавілі кароткатэрміновага спатканьня. Гэтага пакараньня ён не абскарджваў.

Галіна Тарасава ня ўгледзела ў дзеяньнях адміністрацыі турмы парушэньня. Паводле яе, дысцыплінарнае спагнаньне на асуджанага было накладзена правамерна.

«Накладзенае спагнаньне адпавядае цяжкасьці ўчыненага асуджаным правапарушэньня парадку адбываньня пакараньня. Па прыбыцьці ў турму ён быў азнаёмлены з парадкам і ўмовамі адбыцьця пакараньня, што пацьвярджаецца копіяй яго расьпіскі», — сказала судзьдзя, зачытваючы вырак.

Галіна Тарасава пастанавіла: рашэньне адміністрацыі турмы аб пазбаўленьні Бандарэнкі чарговага кароткатэрміновага спатканьня пакінуць бязь зьменаў, а скаргу асуджанага — без задавальненьня.

За час зьняволеньня на Андрэя Бандарэнку былі накладзеныя больш за дзясятак спагнаньняў. Шэсьць зь іх, у тым ліку пастаноўку на прафіляктычны ўлік як злоснага парушальніка рэжыму, асуджаны намагаўся абскардзіць, аднак марна. Як парушальніка рэжыму Бандарэнку перавялі з калёніі адбываць пакараньне на турэмны рэжым.

9 лютага адбудзецца папярэдні разгляд крымінальнай справы супраць Андрэя Бандарэнкі, распачатай паводле 411 артыкула — «Злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы». Вязьню пагражае да 3 гадоў зьняволеньня. Паводле ранейшага прысуду, за злоснае хуліганства, Андрэй Бандарэнка меўся выйсьці на волю 31 сакавіка 2017 году.

Былому кіраўніку арганізацыі абароны правоў вязьняў «Плятформа» Андрэю Бандарэнку Кастрычніцкі суд Менску ў 2014 годзе прысудзіў за злоснае хуліганства 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пазьней тэрмін быў скарочаны на год у выніку амністыі.

Сваю віну праваабаронца прызнаў часткова і ня выключыў, што гэта была правакацыя спэцслужбаў, каб адпомсьціць яму за праваабарончую дзейнасьць. Думкі калегаў наконт палітычных прычын перасьледу Бандарэнкі ў той сытуацыі падзяліліся.

Летась у лістападзе беларускія праваабарончыя арганізацыі заявілі, што ў выпадку асуджэньня Андрэя Бандарэнкі паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы) яго прызнаюць палітвязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG