Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я спадзяюся на справядлівы вырак». Прысуд у справе Андрэя Гаўроша, параненага міліцыянтам, абвесьцяць 1 жніўня


Прысуд у справе Андрэя Гаўроша, якога ў навагоднюю ноч параніў міліцыянт Руслан Салаўёў, абвесьцяць у судзе Маскоўскага раёну Менску 1 жніўня ў 15:30. У сваім апошнім слове ў судзе 31 жніўня Андрэй Гаўрош сказаў коратка: «Я спадзяюся на справядлівы вырак».

Дзяржаўны абвінаваўца, пракурор Алена Крупеніна папрасіла пакараць 29-гадовага работніка «Кераміна» Андрэя Гаўроша трыма гадамі пазбаўленьня волі.

31 ліпеня ў судзе вывучаліся пісьмовыя матэрыялы справы, рэчавыя доказы, дэманстраваліся відэаматэрыялы, а таксама адбыліся судовыя спрэчкі.

«Цалкам адэкватны, нізкая імавернасьць праяўленьня агрэсіўнасьці»

Пракурор зачытала пісьмовыя матэрыялы справы — заключэньне экспэртаў, вынікі сьледчага экспэрымэнту, комплекснай судова-мэдычнай, псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртыз, дакумэнты пра чарговасьць стрэлаў, акалічнасьці пашкоджаньняў і траекторыі куляў.

Гаўрош цалкам адэкватны, ніякіх псыхічных разладаў ці адхіленьняў у яго няма, залежнасьці ад алькаголю і наркатычных сродкаў таксама няма. «Нізкая імавернасьць праяўленьня агрэсіўнасьці», — гаворыцца ў заключэньні псыхоляга.

Характарыстыкі Гаўроша па месцы жыхарства, са школы, з каледжу, БДТУ — станоўчыя. Па месцы працы — на «Кераміне» — таксама сябе зарэкамэндаваў станоўча. Ні на якім уліку не стаіць.

Па прапанове судзьдзі былі паказаныя відэа допыту пацярпелага міліцыянта і сьледчага экспэрымэнту на месцы падзеі. Пацярпелы памятае першы стрэл, а другі і трэці — не. Патлумачыць, як выказаўся кіраўнік сьледчага экспэрымэнту, «лёгіку далейшых дзеяньняў» сяржант Салаўёў уцямна ня змог.

Судзьдзя заўважае некалькі супярэчнасьцяў паміж матэрыяламі папярэдніх допытаў і паказаньнямі пацярпелага міліцыянта падчас сьледчага экспэрымэнту. Салаўёў блытае рукі — правую і левую. Кажа, што Гаўрош яго то душыў, то ўхапіўся за ланцужок, то за каўнер.

На пытаньне, як і пасьля якога стрэлу кроў Гаўроша магла апынулася на форменнай вопратцы, Салаўёў адказаў, што, верагодна, пасьля першага. Блытаўся ён і ў паказаньнях пра тое, ці былі дзьверы ў саму кватэру адчыненыя ці зачыненыя, калі Гаўрош выйшаў у тамбур, ці была чуваць музыка з кватэры.

Руслан Салаўёў
Руслан Салаўёў

Судзьдзя запыталася, ці даваў паказаньні падчас сьледзтва абвінавачаны Гаўрош. Той сказаў, што адмаўляўся даваць паказаньні.

Пракурор зьмякчальных акалічнасьцяў ня бачыць

Дзяржаўная абвінаваўца Алена Крупеніна кажа, што Гаўрош аказаў супраціў супрацоўніку міліцыі. Ён нанёс цялесныя пашкоджаньні міліцыянту: ударыў у вобласьць жывата, хапаўся за форменнае абмундзіраваньне, пашкодзіў яго, некалькі разоў ударыў рукой у галаву. Вінаватым сябе Гаўрош не прызнаў. Зьмякчальных акалічнасьцяў пракурор ня бачыць, а абцяжарвальныя ёсьць — у абвінавачанага ў крыві было 1,88 праміле алькаголю.

У пацярпелага міліцыянта Салаўёва зафіксаваныя лёгкія цялесныя пашкоджаньні: закрытая чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені, некалькі гематомаў. Пракурор адзначыла, што паказаньні Салаўёва былі цалкам дакладныя і пасьлядоўныя. Ён дзейнічаў на законных падставах, выконваў свае службовыя абавязкі — быў пры выкананьні, таму знаходзіцца пад абаронай дзяржавы.

Пракурор перакананая ў вінаватасьці Андрэя Гаўроша. І просіць прызначыць пакараньне — тры гады пазбаўленьня волі.

«Поўная карціна інцыдэнту ня вызначаная, застаюцца сумневы»

Абаронца Гаўроша Юлія Станкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што інцыдэнт здарыўся ў навагоднюю ноч, калі народ сьвяткуе. І літаральна празь некалькі хвілін, а 7 гадзіне, ужо дазвалялася б слухаць музыку.

Юлія Станкевіч зьвяртае ўвагу на відавочныя супярэчнасьці ў паказаньнях пацярпелага падчас сьледзтва і на судзе, кажа пра неабʼектыўнасьць расьсьледаваньня, непасьлядоўнасьць паказаньняў пацярпелага, нестыкоўкі. Адвакатка ставіць пад сумнеў наяўнасьць цялесных пашкоджаньняў, якія нібыта атрымаў пацярпелы міліцыянт.

  • «Спачатку ў пацярпелага зафіксаваная толькі адна гематома, пры аглядзе ў вайсковым шпіталі — дзьве. А ў выніковым заключэньні экспэртаў зьяўляюцца ўжо чэрапна-мазгавая траўма і шматлікія гематомы ў вобласьці жывата, галавы. Але ЧМТ не пацьверджаная сучаснымі мэтадамі дасьледаваньняў, кшталту МРТ. Незразумела, як кроў пацярпелага магла апынуцца ззаду шапкі міліцыянта», — кажа Юлія Станкевіч.
  • На руках і на адзеньні Гаўроша ня знойдзена ніякіх сьлядоў барацьбы, валокнаў тканіны, рэшткаў біяматэрыялу Салаўёва. Ніхто ня бачыў і разрываў на абмундзіраваньні Салаўёва — толькі дзіркі ў кішэнях, якія ніякага дачыненьня да справы ня маюць. Пашкодзіць ніжнюю майку без пашкоджаньня кіцеля немагчыма, кажа адвакатка.
  • Што да сьлядоў пабелкі на куртцы Салаўёва, то сьцены ў падʼезьдзе пафарбаваныя, а не пабеленыя.
  • Блытаецца Салаўёў і наконт колькасьці стрэлаў. 1 студзеня, адразу пасьля інцыдэнту, міліцыянт кажа, што было два стрэлы, а 10 студзеня — ужо тры.

На думку адвакаткі, кожны сумнеў павінен трактавацца на карысьць абвінавачанага. Поўная карціна інцыдэнту ня вызначаная ні падчас сьледзтва, ні падчас судовага паседжаньня, падсумавала адвакатка.

Пасьля выступу адваката прысутныя на судзе запляскалі ў ладкі. Судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка папрасіла іх пакінуць залю.

Андрэй Гаўрош абвінавачваецца ў тым, што ў стане алькагольнага апʼяненьня 1 студзеня ў 6:45 на парозе ўласнай кватэры напаў на сяржанта міліцыі Руслана Салаўёва.

Нарад выклікалі суседзі, якія паскардзіліся на шум. Нягледзячы на тое, што Гаўрош быў паранены з табэльнай зброі, яму пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Сяржант Салаўёў, як высьветлілася на папярэднім паседжаньні суду, 1 студзеня першы раз выкарыстаў табэльную зброю. Папераджальнага стрэлу не было, два стрэлы — адразу ў Гаўроша (у нагу і сьпіну). На вучэньнях у 2016 годзе быў адзін раз, па стральбе па мішэні-сылюэце атрымаў «нездавальняюча».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG