Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька ў Берасьці: Улада сама робіць Плошчу


Анатоль Лябедзька на прэсавай канфэрэнцыі ў Берасьці
Анатоль Лябедзька на прэсавай канфэрэнцыі ў Берасьці

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька наведаў Берасьце, дзе сустрэўся з прадпрымальнікамі, актывам, даў прэсавую канфэрэнцыю.

Спадар Лябедзька апавёў, што ідзе на выбары, «каб не легітымізаваць рэжым Лукашэнкі».

«Адна з задач — не дапусьціць легітымізацыі вынікаў выбарчай кампаніі без свабодных, сумленных выбараў.

Некаторыя кажуць, што трэба ігнараваць выбарчую кампанію. Але каэфіцыент карыснага дзеяньня такога кроку невялікі. Ты мусіш папрацаваць зь людзьмі, каб гэта зразумелі іншыя. Мы будзем удзельнічаць, але будзем гуляць па сваім сцэнары, навязваць свае правілы.

Мне не падабаецца, што ідзе гэты адчай у сацыяльных сетках. Калі зойдзеш — хоць купляй вянок і сам сабе стаў сьвечку. І гэта ім ня так, і гэта нельга... Сябры мае, што мы хочам? Якія перамены прынесьці, калі мы не ўкладаемся і ня верым самі?» — казаў Анатоль Лябедзька на прэсавай канфэрэнцыі.

Спадар Лябедзька заявіў, што не выключае акцыі пратэсту пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў:

«Ужо ўсе кандыдаты ад апазыцыі, за выключэньнем мяне, заявілі, што яны на Плошчу людзей клікаць ня будуць. А чаму я так павінен заяўляць? Хто ведае, што будзе праз гэтыя пяць месяцаў? Калі ўлада і далей будзе праводзіць такую палітыку, яна будзе сама рабіць Плошчу».

Лідэр АГП адказаў на пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці не баіцца ён паўтарэньня сцэнару выбараў 2010 году, калі большасьць кандыдатаў апынуліся за кратамі:

«Адказ на гэтае пытаньне — у маёй кніжцы „108 дзён і начэй у засьценках КДБ“. У адрозьненьне ад іншых, я разумею ўсе нюансы гэтага, я адзіны, хто адрозьнівае пах Акрэсьціна ад паху „амэрыканкі“. І тут справа выбару — калі ня я, то хто? Калі многія цяжкавагавікі сышлі з кампаніі, гэта было адным з матываў майго ўдзелу. Хоць мы разумеем, што рызыкуем, калі выклікаем агонь на сябе».

Анатоль Лябедзька і кіраўнік Берасьцейскай арганізацыі АГП Уладзімер Вуек
Анатоль Лябедзька і кіраўнік Берасьцейскай арганізацыі АГП Уладзімер Вуек

Пасьля прэсавай канфэрэнцыі Анатоль Лябедзька прайшоў па рынку ў Берасьці, дзе раздаваў улёткі, пагутарыў з прадпрымальнікамі. Часам узьнікалі дыскусіі.

Прадпрымальнік: «Калі людзі выкажуць сваю грамадзянскую пазыцыю, не ідучы на выбары, то гэта будзе бачна».

Раздача ўлётак на рынку ў Берасьці
Раздача ўлётак на рынку ў Берасьці

Некаторыя прадпрымальнікі пазнавалі лідэра АГП
Некаторыя прадпрымальнікі пазнавалі лідэра АГП

Лябедзька: «А вось мы кажам, што трэба зьбіраць доказы, што выбараў няма. Іх няма, але за іх трэба змагацца. Калі ў 2012 годзе нашых 30 чалавек не пусьцілі ў эфір — гэта было ўжо доказам несумленнасьці выбараў. А калі нас ня будзе ў гэтай кампаніі, то ўсё пройдзе больш гладка. Ідзем для таго, каб уладам не было лёгка фальсыфікаваць выбары. У 2010-м як было? Калі садзяць кандыдатаў у прэзыдэнты — гэта ня ёсьць выбары».

Таксама ў межах візыту Анатоля Лябедзькі ў Берасьце заплянаваныя дэбаты на тэму ўзаемаадносінаў Эўразьвязу і Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG