Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З амаль трох тысяч акцыянэраў «Амкадора» на сход прыйшлі ўсяго 10 чалавек


Завод «Амкадор»
Завод «Амкадор»

Чыстыя страты аднаго з флягманаў беларускага машынабудаваньня, акцыянэрнага таварыства «Амкадор», па выніках 2014 году склалі 94,5 мільярда рублёў. Зноў, як і ў папярэднія гады, кіраўніцтва прадпрыемства адмовілася плаціць акцыянэрам дывідэнды і папярэдзіла, што 2015 год будзе яшчэ больш складаны, чым папярэдні. Да 40% працоўных на прадпрыемстве трэба скарачаць, каб выйсьці на паказчыкі эфэктыўнасьці працы, кажуць адмыслоўцы.

Настрой акцыянэраў ясна дэманструе колькасьць удзельнікаў штогадовага сходу акцыянэраў, які прайшоў на «Амкадоры» ў канцы сакавіка. З 2995 чалавек на сход прыйшлі толькі 10. Прычым зноў не зьявіўся старшыня рады дырэктараў акцыянэрнага таварыства «Амкадор — кіраўнічая кампанія холдынгу» Аляксандар Шакуцін, які яшчэ нядаўна валодаў найбольшым пакетам акцыяў. Частка акцыянэраў, якія бралі ўдзел у сходзе, вырашылі зьвярнуцца ў пракуратуру з патрабаваньнем правесьці праверку дзейнасьці кіраўніцтва акцыянэрнага таварыства.

Акцыянэр «Амкадора», былы супрацоўнік заводу «Ўдарнік» у складзе холдынгу Юрась Беленькі распавёў пра выступ на сходзе гендырэктара Сяргея Ткачова.

Юрась Беленькі
Юрась Беленькі

«Нагадаю, Ткачоў прыйшоў на гэтую пасаду з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, і калі яго ў мінулым годзе прадстаўлялі на гэтай пасадзе, ягоны выступ быў вельмі бадзёры і амбітны. Дык сёньня танальнасьць была зусім іншая. Аказалася, што „Амкадор“ з прыбытковага прадпрыемства стаў стратным. Па выніках мінулага году — 94,5 мільярда рублёў чыстых стратаў. Першапрычына ў тым, што 90% экспартнай прадукцыі прадпрыемства ідзе ў Расею. Кантракты прывязаныя да расейскага рубля, а рубель упаў амаль удвая, і адсюль вялікія страты. Таксама стала відавочна, што ў прадукцыі „Амкадора“ досыць нізкая якасьць, прычым збольшага падводзяць пастаўшчыкі камплектуючых. Да іх асноўная частка прэтэнзіяў па якасьці, у тым ліку да Менскага маторнага заводу».

Юрась Беленькі з 1986 па 1995 год працаваў на заводзе «Ўдарнік» і намесьнікам фінансавага дырэктара прадпрыемства «Амкодор-траст», якое ўваходзіла ў склад «Амкадора». Ад «Амкадора» Юрася Беленькага накіравалі на стажыроўку ў Вялікабрытанію, дзе ён атрымаў веды па рынкавай эканоміцы. Паводле Юрася Беленькага, цяперашні курс прадпрыемства рынкавым назваць немагчыма.

Калі ў 1994 годзе прыйшоў да ўлады Аляксандар Лукашэнка, то выклікаў кіраўніцтва „Амкадора“ і загадаў парваць кантракты з Захадам

«У той час „Амкадор“ выбраў правільную стратэгію па паступовым пераадоленьні тэхналягічнага разрыву з Захадам. Было наладжана шчыльнае супрацоўніцтва з заходнімі кампаніямі, кіраўнікі розных узроўняў пабывалі на вучобе ў Эўропе, інжынэры прайшлі стажыроўкі. У выніку прадпрыемства пачало выпускаць прадукцыю на ўзроўні з заходнімі кампаніямі, мы нават выпускалі тэхніку пад адной маркай разам зь вядомай фірмай Bomag. Але калі ў 1994 годзе прыйшоў да ўлады Аляксандар Лукашэнка, то выклікаў кіраўніцтва „Амкадора“ і загадаў парваць кантракты з Захадам ды пераарыентавацца на Расею. Вось гэтая стратэгія цяпер і дае вынік. Камплектацыя ідзе няякасная, як беларуская, гэтак і расейская, прадукцыя з гэтай няякаснай камплектацыі можа прадавацца ў асноўным толькі ў Расею. Там яна больш-менш куплялася, калі там былі грошы. Але як толькі паток шалёных грошай паменеў, адразу пачаліся праблемы ў „Амкадора“. Гэта прагназавалася яшчэ 15 год таму, але высноваў ніхто не зрабіў.

Дарэчы, Сяргей Ткачоў сказаў акцыянэрам, што на „Амкадоры“ яшчэ ня самая жахлівая сытуацыя. Што ў нас толькі 94 мільярды стратаў, а вось на МТЗ — 900 мільярдаў рублёў чыстых стратаў. На „Амкадоры“ падзеньне вытворчасьці ў студзені-лютым у параўнаньні зь мінулым годам — 30–40%, і каб стрымаць сытуацыю, трэба было б скараціць 40% працаўнікоў, але гэтага не зрабілі. То бок у нас фактычна схаванае беспрацоўе на 40% — гэта кіраўніцтва прызнала».

Паводле зьвестак Юрася Беленькага, апошнім часам на прадпрыемстве скараціліся рэальныя заробкі, шмат у якіх падразьдзяленьнях працаўнікі занятыя толькі часткова.

Былы генэральны дырэктар заводу Васіль Шлындзікаў мяркуе, што вынікі працы акцыянэрнага прадпрыемства сьведчаць пра сыстэмны крызіс ва ўсёй беларускай эканоміцы, дзе дамінуе ня рынкавы, а адміністрацыйны падыход.

«Што адбылося апошнім часам? Калі гандлёвы дом „Амкадора“ ліквідавалі, дык асноўныя продажы, наколькі вядома, ішлі праз прыватныя структуры Шакуціна. Больш-менш усё ішло, але зьнешнегандлёвай дзейнасьцю ўсур’ёз не займаліся, усіх задавальняла, што Расея стала асноўным спажыўцом. Але ж раней мы прадавалі нашай тэхнікі значна больш у працэнтным падзеле на тую ж Эўропу і сьвет. У Польшчу, Баўгарыю, Італію, нават у ЗША, у Вэнэсуэлу, дзе былі людзі, якія гэтым адмыслова займаліся. Прадавалі ў Сынгапур, Тайлянд, Турэччыну і гэтак далей. А цяпер? Цяпер толькі чакаюць, як Аляксандар Рыгоравіч дамовіцца кудысьці што паставіць. Разавыя партыі ёсьць, але сыстэмнай працы няма.

Але самае галоўнае, як я лічу, — гэта адчужэньне калектыву ад праблемаў кампаніі. У свой час я спрабаваў стварыць калектыў-сям’ю, калі людзі ўспрымаюць агульныя праблемы як свае і мы ўсе разам маглі б выжыць. І людзі адгукаліся, дапамагалі, у тым ліку і ў рэалізацыі прадукцыі. А цяпер ёсьць група ўласьнікаў, а ўсе астатнія — проста прыдатак. І тое, што ня плацяць дывідэнды, з гэтага становішча вынікае. Дарэчы, гэта толькі наш беларускі закон дазваляе не плаціць акцыянэрам дывідэнды ва ўмовах, калі і акцыі немагчыма прадаць, бо хто іх купіць? Калі вы ня можаце плаціць дывідэнды, дык вярніце грошы. Але наш беларускі закон дазваляе не плаціць. Вось усё і застыла».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG