Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краўцэвіч: Наша задача — напісаць гісторыю зь беларускага пункту гледжаньня, але ня выклікаць канфрантацыі з суседзямі


Алесь Краўцэвіч

У Варшаўскім унівэрсытэце ўтвораны Цэнтар беларускіх дасьледаваньняў. Ягоным кіраўніком абраны гарадзенскі гісторык, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч.

— Зьявіўся новы Цэнтар дасьледаваньня беларускай гісторыі. Праўда, ён зьявіўся за мяжой. Якія ягоныя мэты, задачы, наагул пляны?

— Гэта новая структура, ня толькі дасьледчая, але і дыдактычная. І найперш яна ўзьнікла як ідэя дапамогі гісторыкам, якія перасьледуюцца беларускімі ўладамі альбо там не запатрабаваныя. Напэўна, ва ўсіх яшчэ ў памяці падзеі, зьвязаныя з гісторыкамі ў Горадні, якіх папросту павыкідалі з выкладчыцкай працы, не працягнулі кантракты і да таго падобнае.

Мы плянуем разьвіваць адразу некалькі функцыяў: выкладаньне на факультэце Ўсходніх дасьледаваньняў у Варшаўскім унівэрсытэце і праца над гістарычнымі тэмамі, слаба распрацаванымі ў Беларусі. Беларускія гісторыкі будуць выкладаць польскім студэнтам гісторыю Беларусі зь беларускага пункту гледжаньня. Паспрабуем выхоўваць адмыслоўцаў па гісторыі Беларусі ў сваім духу. І наша стратэгічная задача — стварэньне беларускай гістарыяграфіі, якая мае неканфліктны з палякамі характар.

— Пра апошняе, калі ласка, больш падрабязна, бо такія фармулёўкі пра «неканфліктны характар» у беларускай пэрыёдыцы сустракаюцца даволі рэдка.

— Гэта азначае, што мы пішам гісторыю Беларусі зь беларускага пункту гледжаньня, але не выклікаем канфрантацыі з суседзямі. Наша задача — збліжэньне, а не канфрантацыя, і пры гэтым, зразумела, не абмінаючы вострыя моманты нашай гісторыі. Мы маем ужо пэўны досьвед.

— Да прыкладу...

— Ну вось кніга пра Горадню «Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам» — яе напісалі разам польскія і беларускія гісторыкі, не абмінаючы вострых пытаньняў, і прычым напісалі згодную гісторыю памежнага гораду. У Эўропе цяпер шмат робіцца ў гэтым кірунку. Была, да прыкладу, і даволі пасьпяховая спроба стварыць гісторыю краінаў першай Рэчы Паспалітай. Яе пісалі калектывы гісторыкаў з Польшчы, Літвы і Беларусі. Праца была выдадзена на нацыянальных мовах. Ад Беларусі яе пісалі Генадзь Сагановіч і Захар Шыбека.

— І ўсё ж даволі няпроста ўявіць неканфліктную гісторыю. Калі бываеш на гістарычных канфэрэнцыях, сутыкаесься ня проста з дыскусіямі адмыслоўцаў, а ледзьве ня з бойкамі па найбольш вострых пытаньнях.

Гаворым адкрыта пра мінулае, каб наладзіць нармальныя стасункі ў будучым

— Мы не зьбіраемся абмінаць вострыя пытаньні, скажам, па той жа тэме Арміі Краёвай, ці праблемах антыбеларускай палітыкі польскіх уладаў у міжваенны пэрыяд, і г.д. Але ўсё гэта разьлічэньне зь мінулым — гаворым адкрыта пра мінулае, каб наладзіць нармальныя стасункі ў будучым.

— Літаральна на гэтым тыдні ў адным з польскіх гарадоў праводзілі роварны прабег, і на іх рэкляме была намалявана мапа Польшчы зь межамі да 1939 году...

— Я хачу сказаць, што такія маляваньні мапаў з уключэньнем чужых тэрыторыяў у склад сваёй краіны здараюцца, на жаль, паўсюль. У тым ліку і ў Беларусі Беласточчыну малююць так, што яна ўваходзіць у склад нашае краіны. Але гэта дзеяньні маргіналаў, гэта дзеяньні людзей, якія знаходзяцца на ўзбочыне маральнага і грамадзкага жыцьця. Такое, на жаль, паўтаруся, сустракаецца ва ўсіх нашых суседзяў. Але гэта маргіналы, і яны ня маюць нічога супольнага з навукай.

— Ужо некалькі гадоў таму адмыслоўцы загаварылі пра гарадзенскі асяродак гісторыкаў. Былі выдадзены кнігі, ладзіліся шматлікія навуковыя канфэрэнцыі. А цяпер выходзіць, што ўсё гэта перамяшчаецца ў Варшаву...

— У нашым Цэнтры будуць працаваць аж чатыры дактары навук, якія аказаліся непатрэбнымі ў Гарадзенскім унівэрсытэце, але сталі запатрабаванымі ў адным з найбуйнейшых унівэрсытэтаў Эўропы — Варшаўскім. Дарэчы, у нас будзе працаваць і Генадзь Сагановіч, які быў звольнены з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Але трэба разумець, што мы ўсё роўна будзем працаваць дзеля беларускай гісторыі. Хоць, вядома, прыкра, што ніхто з нас ня можа афіцыйна працаваць у беларускіх унівэрсытэтах.

— На вашу думку, чым застаецца гарадзенскі гістфак для беларускай навукі?

Думаю, што ў навуковым разуменьні гістфаку гарадзенскага як такога ўжо няма

— Думаю, што ў навуковым разуменьні гістфаку гарадзенскага як такога ўжо няма. Выкідваньне з унівэрсытэтаў вядучых адмыслоўцаў — гэта яскравае сьведчаньне таго, што гэтай уладзе непатрэбнае разьвіцьцё краіны, ёй патрэбна паслухмяная, ідэалягічна апрацаваная маса.

— Якія будуць першыя праекты Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў?

— Гэта якраз цяпер абмяркоўваецца ў нашым асяродку. Я, да прыкладу, прапаноўваю ў адным зь першых праектаў напісаць нарысы гісторыі суседніх краін зь беларускага пункту гледжаньня. Мы ў Беларусі ня маем гісторыі Расеі, напісанай беларусам, а карыстаемся расейскімі падручнікамі альбо тэкстамі, якія за беларускія грошы прасоўваюць расейскую афіцыйную гісторыю ў Беларусі. Як гэта, да прыкладу, у Горадні робіць прафэсар Нечухры́н. Беларуская дзяржава 30 год корміць прафэсара, які працуе, па сутнасьці, на Расею. У нас таксама няма беларускай гісторыі Польшчы, Літвы, Украіны. Плянуецца, што ў нас будзе гадавік, дзе будуць публікавацца нашы працы па-беларуску і па-польску.

— Каму належыць ідэя стварэньня Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў у Варшаўскім унівэрсытэце?

— Наколькі я ведаю, ідэя належыць былому Генэральнаму консулу Польшчы ў Горадні Анджэю Хадкевічу, які сам па адукацыі гісторык, і дырэктару Студый Усходніх Варшаўскага ўнівэрсытэту Яну Маліцкаму. Генэральны консул Хадкевіч прабыў у Горадні пяць гадоў, ён вельмі цікавіўся гістарычнай навукай у Беларусі, чытаў усе нашы працы, ведаў усіх гарадзенскіх гісторыкаў, дапамагаў нам праводзіць навуковыя канфэрэнцыі. Ён сапраўды аказаў нам рэальную дапамогу.

Глядзець камэнтары (15)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG