Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Фядута: Мэмуары Мураўёва варта прачытаць і спаліць


Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута

Выдавецтва «Лімарыюс» выдала мэмуары графа Міхаіла Мураўёва, якога найбольш ведалі па мянушцы «Вешальнік». Гэта ён падпісаў сьмяротныя прысуды Кастусю Каліноўскаму і яшчэ 127 паўстанцам. Чым беларускаму чытачу могуць быць цікавыя ўспаміны ката? Госьцем перадачы — укладальнік кнігі Аляксандар Фядута.

— Аляксандар, вось жа кажуць, што мэмуарамі чалавек у старасьці выпраўляе грахі маладосьці. Грахі Мураўёва мы ведаем. А ва ўспамінах ён сябе якім паказвае?

— Калі чалавек піша мэмуары ў старасьці, гэта значыць, што ён стварае ўласны вобраз такім, якім ён хоча застацца ў памяці нашчадкаў. Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў, граф Віленскі, вельмі хацеў застацца ў памяці нашчадкаў чалавекам жорсткім, прынцыповым абаронцам Расейскай імпэрыі, унутраным, я б сказаў, апазыцыянэрам да пецярбурскай улады, які не баіцца спрачацца з самім імпэратарам. І яшчэ — чалавекам, які цалкам адпавядае ўласнай рэпутацыі, якую яму стваралі ягоныя ворагі, зь якімі ён змагаўся — найперш жыхары былой Рэчы Паспалітай і расейскія палітычныя эмігранты. Нагадаю, што ўспаміны Мураўёва выходзілі ў Польшчы, прычым двойчы. Упершыню іх надрукавалі ў перакладзе на польскую мову яшчэ ў 1898 годзе, без камэнтароў. Падрыхтаваў тое выданьне, наколькі я разумею, Тадэвуш Корзун, з паходжаньня мянчук, вядомы гісторык. Другі раз яны друкаваліся ў 1990 годзе — таксама без камэнтароў. Такім чынам, наша выданьне — фактычна, першае камэнтаванае, якое ўлічвае беларускія, польскія, расейскія і часткова літоўскія крыніцы.

— Вы сказалі пра жорсткасьць Мураўёва, пра тое, што ён і ў памяці нашчадкаў хацеў застацца жорсткім. 128 сьмяротных прысудаў, тысячы сасланых на катаргу... Як для запалохваньня — гэта яўна зашмат. Гэта ўжо нейкая хвараблівая жорсткасьць, паталягічная.

Вокладка мэмуараў Міхаіла Мураўёва
Вокладка мэмуараў Міхаіла Мураўёва

— Не было ў Мураўёва ніякай паталёгіі. Існавала заканадаўства Расейскай імпэрыі, і Мураўёў цалкам кіраваўся ім і тымі паўнамоцтвамі, якія ў яго былі як у генэрал-губэрнатара і фактычнага намесьніка Паўночна-Заходняга краю. Ішла карная апэрацыя, фактычна ён узначальваў карнікаў. І ён кіраваўся тымі выракамі, якія выносілі ваенна-палявыя суды. Калі чалавека лавілі са зброяй у руках, калі было даказана, што ён змагаўся супраць імпэрскай арміі, калі ён удзельнічаў у партызанскіх атрадах, то, зразумела, быў сьмяротны прысуд. І тое, што Мураўёў не зьмякчаў гэтыя прысуды, — гэта вядома. Ён прыехаў сюды, ведаючы, чаго ад яго чакалі. Пецярбурская ўлада чакала, што Мураўёў будзе цалкам адпавядаць сваёй мянушцы «Вешальнік», і ён сьвядома ёй адпавядаў. Ягоны папярэднік Уладзімер Назімаў адмыслова не зьмякчыў сьмяротныя прысуды двум ксяндзам, спадзеючыся, што Мураўёў скарыстаецца гэтай магчымасьцю, каб давесьці віленскай эліце, што зь ім можна мець справу. Але Мураўёў падпісаў сьмяротныя прысуды. Існуюць успаміны Якуба Гейштара, аднаго зь лідэраў паўстанцаў, дзе ён узгадвае, як тое сьмяротнае пакараньне ўзрушыла натоўп, што прыйшоў на плошчу і да канца спадзяваўся, што павешаньне ўсё ж будзе адмененае. Гейштар нават узяў з сабой сына, і зусім малы хлопец бачыў, як вешалі ксяндзоў.

— Мураўёў служыў на высокіх пасадах, сыходзіў у адстаўку, зноў служыў... Запатрабаванасьць Мураўёва ў 1864 годзе — гэта запатрабаванасьць ката?

— Так. Чаму Аляксандар ІІ адклікаў папярэдніка Мураўёва Назімава? У Назімава была рэпутацыя міратворцы, ён ніколі не дазваляў крыўдзіць эліту. І таму ў Пецярбургу лічылі Назімава адным з тых, хто вінаваты ў антыімпэрскіх настроях на гэтых тэрыторыях. Менавіта таму замест яго быў прысланы чалавек, якога ва ўладзе не любілі, які быў вядомы сваёй жорсткасьцю, якога, скажам так, ідэалягічна было не шкада. Бо Аляксандар ІІ вельмі не любіў Мураўёва, і Мураўёў не любіў Аляксандра ІІ. І менавіта таму адзін пасылае, а другі думае: «Ты лічыш мяне катам, дык я буду катам, бо адказваць за ўсё будзеш і ты таксама». Што і адбылося. Мураўёў памёр уласнай сьмерцю, а Аляксандра ІІ забіў беларус Ігнат Грынявіцкі.

— Мяне зьдзівіла, што ў сваіх мэмуарах Мураўёў толькі аднойчы згадвае Кастуся Каліноўскага.

— Разумееце, той погляд, якім мы глядзім на тую ці іншую гістарычную постаць, можа вельмі адрозьнівацца ад поглядаў сучасьнікаў. Хто такі Каліноўскі для нас? Гэта сапраўдны змагар, нацыянальны герой. Хто такі ён для Мураўёва? Усяго адзін з паўстанцаў.

— І для Мураўёва ён усё ж — кіраўнік мяцяжу ў Краі.

Росьпіс Міхаіла Мураўёва на прысудзе Кастусю Каліноўскаму: «Согласен. Исполнить приговор в Вильно. 5 марта 1864».
Росьпіс Міхаіла Мураўёва на прысудзе Кастусю Каліноўскаму: «Согласен. Исполнить приговор в Вильно. 5 марта 1864».

— Для Мураўёва галоўны вораг ня той, хто кіраваў мяцяжом у Краі. Для яго галоўныя ворагі, зь якімі ён змагаўся, сядзелі ў Пецярбургу. Большая частка яго ўспамінаў — гэта апісаньне таго, як ён супярэчыць ураду, як урад яму перашкаджае наводзіць тут парадак. Вось што для яго галоўнае. З другога боку, як тут не прыгадаць цудоўнае апавяданьне нобэлеўскага ляўрэата Анатоля Франса «Понцій Пілат». Там Пілат расказвае гісторыю свайго жыцьця, і суразмоўца ў яго пытаецца: «Спадар пракуратар, а вы помніце, быў такі Ісус?». «Ня помню», — адказвае Пілат. І ён сапраўды ня помніў. Для яго Ісус — гэта ўсяго адзін дзень жыцьця. Вось так і для Мураўёва прысуд Каліноўскаму — гэта ўсяго адзін дзень жыцьця, а для нас — гераічная старонка нашай гісторыі.

— У сёньняшніх школьных падручніках па гісторыі Беларусі Мураўёў названы «таленавітым адміністратарам». Калі б вам было прапанавана падрэдагаваць тыя падручнікі, што б вы напісалі?

— Я напісаў бы так: «Карную апэрацыю на тэрыторыі тагачаснага Паўночна-Заходняга краю ўзначальваў вядомы сваёй жорсткасьцю генэрал Міхаіл Мураўёў. За пасьпяховую карную апэрацыю ён атрымаў графскі тытул і прыдомак «Віленскі». Усё. Можна гаварыць пра яго матывы, вызначаць, чым і як ён кіраваўся, але ўсё гэта — элемэнты карнай апэрацыі. А тое, што ён быў «таленавіты адміністратар»... У свой час ён паказаў сябе сапраўдным гуманістам, калі ў 1820-я гады падчас голаду на Смаленшчыне зьбіраў грошы, каб карміць сялянаў. І што, гэта павінна неяк зьмяніць наш погляд на тое, чым ён займаўся ў якасьці кіраўніка карнікаў? Адно другога ня тычыцца.

— На сумленьні Мураўёва — сотні загубленых жыцьцяў, і нават «Энцыкляпэдыя гісторыя Беларусі» не забываецца на ягоную мянушку. Але чаму яго не любілі ў Расеі, пры двары? Пецярбурскі генэрал-губэрнатар публічна называў Мураўёва «людаедам». Ня кажучы ўжо пра тыя характарыстыкі, якія Мураўёў атрымаў ад Аляксандра Герцэна.

— Тут трэба ўлічваць, што 1860-я гады — час адноснай адлігі ў расейскім грамадзтве, якая настала пасьля сьмерці Мікалая І. Пры Аляксандру ІІ уплывовымі зрабіліся сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку замежныя, эмігранцкія. Калі паспрабаваць знайсьці паралелі, то «Колокол» і «Полярная звезда» Герцэна — гэта нашы сучасныя «Хартыя» і «Беларускі партызан». І калі Мураўёў зразумеў, што прайграе бойку за ўласную рэпутацыю ў Эўропе, ён пачаў працаваць на рэпутацыю ў Расеі. І ён перамог, бо толькі адзіночкі-інтэлектуалы выступалі зь яго нэгатыўнымі ацэнкамі ў Расеі. А народ зьбіраў грошы на помнікі Мураўёву пасьля яго сьмерці. І на віленскі помнік, які быў пастаўлены ў 1898 годзе, былі сабраныя грошы, каб ён быў пастаўлены менавіта ў Вільні — як адказ на помнік Адаму Міцкевічу. Гэты факт выклікаў абурэньне ў студэнтаў Кіеўскага ўнівэрсытэту, але ў Пецярбургу і Маскве ніякіх маніфэстацыяў не было.

— Помнікі, пастаўленыя па волі і на грошы народу, не ахоўвае кругласуткава паліцыя. А помнік Мураўёву ў Вільні пільна ахоўваўся.

— Я пішу пра гэта ў прадмове, спасылаючыся на ўспаміны Паўліны Мядзёлкі. Яна згадвае, што пастамэнт помніка Мураўёву быў памазаны салам, і ўсе гарадзкія сабакі бегалі туды. Пасьля гэтага ўлада і была вымушана паставіць там гарадавога. А што да народных грошай... Тагачасны народ Расейскай імпэрыі — гэта таксама і Калуга з Тамбовам, дзе Мураўёва лічылі героем.

— Чытаючы мэмуары Мураўёва-Вешальніка, немагчыма не ўспамінаць сучасную Расею. Калі Мураўёў некага хваліў, то казаў, што той чалавек «воистину русский». А калі некага ганіў, то не абыходзіўся бяз выразаў: «космополит», «приверженец европейских идей». Такі дзеяч, як Мураўёў, мог бы сёньня спатрэбіцца ў Расеі?

— А вы паглядзіце на тых, хто сёньня кіруе Расеяй. Дый на кіраўнікоў Беларусі. Постаць Мураўёва — як матрыца, якую можна накласьці на палітыкаў той ці іншай постсавецкай краіны, і мы ўбачым, як праяўляецца дзеяч, які асацыюецца з «моцнай рукой». Ён будзе апрануты трошкі больш сучасна, будзе карыстацца трошкі іншай лексыкай, але ён абавязкова зьявіцца. У «смутныя часы», калі дзяржава ня ведае, як кіраваць, што рабіць і куды ісьці, зьяўляецца запатрабаванасьць у цьвёрдай і жорсткай руцэ. «Зараз мы навядзем парадак! Мы адменім усе лібэральныя рэформы, і вы ўбачыце, якой моцнай будзе наша краіна!» — так гавораць, прыходзячы, новыя мураўёвы.

— Пра Паўстаньне 1863 году засталося нямала мэмуараў. Як на іхнім тле выглядаюць успаміны Мураўёва — з гледзішча факталёгіі?

— Калі я працаваў над камэнтарамі, самым цікавым для мяне было знайсьці тыя моманты, дзе ён сьвядома хлусіць. Напрыклад, гісторыя сьмяротнага пакараньня Зыгмунта Серакоўскага. Мураўёў кажа, як непрыстойна слабым выглядаў Серакоўскі. Але яго на плошчы не было! На плошчы быў той чалавек, якому Мураўёў дыктаваў свае ўспаміны — Масолаў. І ўспаміны Масолава былі надрукаваныя ў 1868 годзе, усяго праз два гады пасьля сьмерці Мураўёва. І Масолаў піша, як дастойна трымаўся Серакоўскі. Вось у мяне пазыцыя чалавека, які сьвядома ілжэ, выклікае агіду.

— Калі Мураўёва чытаць агідна, калі ён хлусіў, то ці мела сэнс выдаваць яго мэмуары, ды яшчэ ў такой паважнай сэрыі, як «Беларуская мэмуарная бібліятэка»?

— На маю думку, кожны чалавек, які займаецца гісторыяй Беларусі другой паловы ХІХ стагодзьдзя, мусіць раз у жыцьці прачытаць гэтую кнігу. А той, хто лічыць Мураўёва ворагам, зь якім трэба змагацца, павінен гэтую кнігу набыць, прачытаць і спаліць. Абавязкова прачытаць, паколькі бязь веданьня крыніцаў немагчыма зразумець, адкуль бярэцца ўсё гэта. Трэба чытаць, трэба разумець — я ў гэтым упэўнены.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG