Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тут усё па-сапраўднаму!», — 10-гадовая дзяўчынка абараняе Курапаты разам з татам


10-гадовая Аляксандра Варошка ў лягеры пратэстоўцаў ля будаўнічай пляцоўкі пад мэмарыялам «Курапаты»

На сёмы дзень абароны маленькая Аляксандра прыехала ў намётавае мястэчка на поўначы Менску.

Яе прывёз бацька, Аляксандар Варошка — актывіст з Заслаўя, які ўжо некалькі дзён сам абараняе Курапаты, а цяпер вырашыў паказаць лягер дачцэ.

— Мы з жонкай хочам вырасьціць годнага чалавека, таму я прывёз Сашу сюды. Дома я заўжды распавядаю ёй пра беларускую гісторыю, казаў і пра падзеі ў Курапатах. У школе ім спрабуюць навязаць удзел у пэўных мерапрыемствах, але ў нас свая праграма выхаваньня, — кажа Аляксандар.

Тым часам дзяўчынка з цікаўнасьцю разглядае пратэстоўцаў і грэецца ля бочкі з вогнішчам.

— Вось вярнуся дадому і распавяду сябрам ды настаўніцы, дзе я была, — усьміхаецца Саша, трымаючы тату за руку.

— У суботы нашу клясу вазілі на Лінію Сталіна, глядзець на нейкую рэканструкцыю, але там — усё штучнае, проста гульня. А ў Курапатах усё па-сапраўднаму! — узрушана кажа яна.

— Запомніцца табе надоўга гэты лягер? — спытала карэспандэнт Свабоды ў Сашы.

— На ўсё мае жыцьцё.

Аляксандар Варошка
Аляксандар Варошка


***
Абарона Курапатаў трывае ўжо семы дзень. Раніцай неабыякавыя людзі прывезьлі абаронцам бліноў з нагоды Масьленіцы. Раней у лягеры ўсталявалі вялікі вайсковы намёт і паставілі генэратар.

Забудоўнік лічыць, што будаваць на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу законна, бо яна «ўжо не ахоўная тэрыторыя», а абаронцы Курапатаў з гэтым нязгодныя. Адміністрацыя Савецкага раёну Менску тлумачыць, што зямельны ўчастак плошчай 0,32 га быў выдзелены пад будаўніцтва ў выніку аўкцыёну, які прайшоў 26 чэрвеня 2013 году.

Паводле апошняй вэрсіі межаў зонаў аховы Курапатаў, зацьверджанай у 2014 годзе, будоўля-2017 не трапляе ні ў ахоўную зону, ні ў зону рэгуляванай забудовы.

Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць суды супраць Генэральнай пракуратуры, Міністэрства культуры і пэрсанальна супраць Ігара Чарняўскага, які ўзначальваў у Міністэрстве дэпартамэнт аховы гістарычна-культурнай спадчыны.

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG