Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывізаваўся перасьлед удзельнікаў берасьцейскага «Маршу недармаедаў»


Натальля Папкова ў часе «Маршу недармаедаў» у Берасьці 26 лютага
Натальля Папкова ў часе «Маршу недармаедаў» у Берасьці 26 лютага

Некалькі актыўных удзельнікаў акцыі «Марш недармаедаў», якая адбылася ў Берасьці 26 лютага, атрымалі позвы ў міліцыю. Актывісты асьцерагаюцца, што іх хочуць пасадзіць на суткі.

Як распавяла Свабодзе жыхарка Берасьця, актывістка «Маладой Беларусі» Натальля Папкова, яе могуць судзіць за ўдзел у берасьцейскім «маршы»:

«Спачатку позва была на сёньня а 10-й раніцы. А ўчора вярталася дадому, і ўручылі іншую — на 17.00. Я ўжо хадзіла 28 лютага, але тады адмовілася даваць паказаньні супраць сябе. Папярэджаньне зрабілі і сказалі, што сёньня вырашыцца, будзе ў мяне суд ці ня будзе — маўляў, я прымала ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, за гэта ёсьць адказнасьць. То бок можа быць суд, але яны яшчэ дакладна ня ведаюць».

Празь некалькі гадзін пасьля гутаркі з Натальляй Папковай берасьцейская актывістка АГП Людміла Захарэнка паведаміла карэспандэнту Свабоды, што спадарыню Папкову затрымаў участковы:

«Патэлефанавала сястра Натальлі. Колькі дзён да гэтага ёй тэлефанавалі і запрашалі прайсьці агляд у псыханэўралягічным дыспансэры (без афіцыйных папер). У 14.30 сёстры выйшлі з хаты, і Натальлю затрымаў участковы. Ня даў сястры забраць тэлефон, іншыя рэчы, не патлумачыў, куды вязе. Сказаў толькі, што ў сувязі з тым, што Натальля праігнаравала візыт у дыспансэр», — сказала Людміла Захарэнка.

Тэлефон Натальлі Папковай цяпер недасяжны.

Павал Кінчак у часе акцыі 26 лютага ў Берасьці
Павал Кінчак у часе акцыі 26 лютага ў Берасьці

Таксама а 17 гадзіне сёньня мусіць зьявіцца ў міліцыю берасьцеец Павал Кінчак:

«Учора атрымаў позву, выклікаюць у Ленінскі РАУС. Відэа па сетцы ўсюды гуляе, я выступаў і 19, і 26 лютага на акцыях. Што будзе? Дай Бог, каб прыгразілі пальцам пакуль. Але ўсё ў іх руках. З майго ж боку парушэньня закону не было, я выказаў сваю грамадзянскую пазыцыю. У адпаведнасьці з Канстытуцыяй я маю права выказвацца. Я нікога не пакрыўдзіў, нікога не абразіў».

Павал Кінчак кажа, што ня лічыць сябе вінаватым у парушэньні закону, яму крыўдна толькі за тое, што чыноўнікі ня хочуць «выслухаць народ».

Празь дзьве гадзіны пасьля гутаркі з карэспандэнтам Свабоды Павал Кінчак ператэлефанаваў і паведаміў, што сёньня на працы пагражалі ягонай жонцы:

Выклікалі жонку да дырэктара і папярэдзілі, што калі я яшчэ раз зьяўлюся ў гэтую нядзелю на акцыі, то страціць працу

«Выклікалі жонку да дырэктара і папярэдзілі, што калі я яшчэ раз зьяўлюся ў гэтую нядзелю на акцыі, то страціць працу. Яна сацыяльны працаўнік, дапамагае даглядаць дзяцей. Вось такая сытуацыя, вось як пачынаюць ціснуць і за што чапляюць», — сказаў Павал.

Позву, каб зьявіцца ў Ленінскі РАУС Берасьця а 17 гадзіне 3 сакавіка, атрымаў і актывіст Абʼяднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Кабанаў зь Бярозы. Спачатку яму таксама позва была на 10 гадзіну, але ўручылі новую на канец працоўнага дня. У інтэрвію Свабодзе спадар Кабанаў не выключаў, што яго хочуць пасадзіць на суткі, каб не дапусьціць удзелу ў «Маршы недармаедаў» 5 сакавіка ў Берасьці.

На 3 сакавіка позву ў міліцыю атрымаў і берасьцейскі каардынатар «Гавары праўду» Даніл Палянскі, які таксама выступаў на «Маршы недармаедаў» 26 лютага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG