Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 сакавіка ў Берасьці — марш «Мы не дармаеды»


Ілюстрацыйнае фота. Папярэдні «Марш недарамедаў» у Берасьці. Шэсьце рушыць па вуліцы Савецкай. Берасьце, 26 лютага 2017 году

Паводле агучанага аргкамітэтам маршаў «Мы не дармаеды» пляну, чарговая вулічная акцыя супраць дэкрэту № 3 адбудзецца сёньня, 5 сакавіка, у Берасьці.

Галоўны арганізатар акцыі — актывіст АГП зь Бярозы Аляксандр Кабанаў. Ён паведаміў Свабодзе, што збор удзельнікаў прызначаны апоўдні на плошчы Леніна ў Берасьці.

«Мы хочам агучыць і прыняць рэзалюцыю. Таксама ў нас будуць падпісныя лісты, усе ахвотныя змогуць паставіць подпіс за адмену дэкрэту № 3. Акцыя адбудзецца як марш па горадзе, як гэта адбываецца ўсюды».

Актывіст АГП Аляксандар Кабанаў (з мэгафонам) у часе «Маршу недармаедаў» 26 лютага ў Берасьці
Актывіст АГП Аляксандар Кабанаў (з мэгафонам) у часе «Маршу недармаедаў» 26 лютага ў Берасьці

3 сакавіка а 17.00 Аляксандра Кабанава выклікалі ў Ленінскі РУУС Берасьця ў якасьці сьведкі.

2 сакавіка Аляксандра Кабанава цягам дня двойчы затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі. На другі раз яго азнаёмілі з пратаколам за брыдкаслоўе і адвезьлі ў суд. Аднак у судзе Бярозы апазыцыянэр запатрабаваў даць яму адваката, таму судзьдзя адклаў паседжаньне на тыдзень, да 9 сакавіка. Пасьля гэтага Кабанава выклікалі ў Ленінскі РУУС Берасьця на 3 сакавіка.

На марш «Мы не дармаеды» ў Берасьце накіраваліся старшыня АГП Анатоль Лябедзька і сустрашыня БХД Віталь Рымашэўскі.

«Галоўнага арганізатара берасьцейскай акцыі Аляксандра Кабанава прасуюць з усіх бакоў. Таму мы бяром на сябе абавязак яго падстрахаваць у Берасьці. Зрэшты, паводле графіку маршаў „Мы не дармаеды“, мы плянуем быць на ўсіх акцыях», — адзначыў Анатоль Лябедзька.

Ён дадаў, што на кожным маршы «Мы не дармаеды» будуць вызначаныя прадстаўнікі, якія 16 сакавіка складуць дэлегацыю з 30-40 чалавек і калектыўна пададуць прынятыя на маршах дакумэнты Аляксандру Лукашэнку, ва ўрад Беларусі і ў Палату прадстаўнікоў.

10 сакавіка марш «Мы не дармаеды» пройдзе ў Маладэчне, 11-га — у Пінску, 12-га — у Бабруйску, Воршы і Рагачове, 15 сакавіка — у Горадні, Магілёве і Менску. Таксама вядуцца каардынацыйныя перамовы пра правядзеньне акцыяў у Віцебску, Слуцку, Сьветлагорску і Лідзе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG