Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дармаед» з Гомелю сабраў 11 кіляграмаў подпісаў за адмену дэкрэту № 3


Віталь Юрчанка
Віталь Юрчанка

10,8 кіляграма важыць пасылка гамельчука Віталя Юрчанкі, адрасаваная ў Менск, у Адміністрацыю прэзыдэнта.

У рэальнасьці гэта звыш 61 тысячы подпісаў. На раздрукоўваньне іх спатрэбілася чатыры пачкі паперы, 1900 аркушаў фармату А4. Пра сваю акцыю пратэсту Віталь Юрчанка распавёў Свабодзе.

— Віталь, колькі часу спатрэбілася вам на збор подпісаў?

— Зьбіраць подпісы за адмену дэкрэту пад электронным зваротам я пачаў у красавіку 2015 году, як толькі Аляксандар Лукашэнка падпісаў гэты бесчалавечны дэкрэт. Рабіць мне не было чаго, бо перад гэтым мой прыватны бізнэс пайшоў на глум. Стаўку на арэнду памяшканьняў паднялі такім чынам, што валасы дуба. А тут яшчэ ўлады забаранілі прадпрымальнікам мець наёмных работнікаў. Давялося закрываць свой гандаль дзіцячым абуткам, дарэчы, беларускім, а таксама харчовымі таварамі.

«Мой невялікі бізнэс празь дзяржаўныя парадкі разваліўся»

З чаго я заплачу дзяржаве нават 360 рублёў, калі мой невялікі бізнэс, лічы, празь дзяржаўныя парадкі й разваліўся?

— Я пачытаў дэкрэт, нашу беларускую Канстытуцыю, і зразумеў, што гэты дэкрэт і супраць мяне асабіста. З чаго я заплачу дзяржаве нават 360 рублёў, калі мой невялікі бізнэс, лічы, празь дзяржаўныя парадкі й разваліўся?

— І з чаго пачалі змагацца за адмену дэкрэту?

— Найперш зарэгістраваўся на сhange.org — адкрытай электроннай плятформе для стварэньня і прасоўваньня сацыяльных і грамадзка-палітычных ініцыятыў, падачы грамадзянскіх пэтыцыяў. Напісаў, што дэкрэт парушае артыкул 41 Канстытуцыі, Канвэнцыю Міжнароднай арганізацыі працы № 105 «Аб ліквідацыі прымусовай працы». Ну і стаў зьбіраць подпісы пад электронным зваротам. Амаль за два гады сабраў 61455 подпісаў. Калі знаёмыя дапамаглі раздрукаваць гэтыя подпісы на паперы, яны заважылі 10 кіляграмаў 800 грамаў. Ёсьць адпаведны квіток з пошты.

«Зварот запакавалі ў кардонную каробку»

— Пошта не супраціўлялася прымаць такі важкі зварот на адрас Аляксандра Лукашэнкі?

— Асаблівых пярэчаньняў з боку супрацоўнікаў аддзяленьня сувязі не было. Знайшлі кардонную каробку, упакавалі. Толькі калі пачалі здымаць упакоўку на відэа, запратэставалі, выклікалі міліцыю. Але міліцыянты паглядзелі, што парадку ніхто не парушае, і сышлі.

«Трэба разьняволіць людзей, каб яны ўладкоўвалі краіну, зараблялі годна — і яны без дэкрэтаў будуць плаціць падаткі»

— Ваша пэтыцыя дайшла да адрасата?

Трэба, наадварот, разьняволіць людзей, паспрыяць, каб яны ўладкоўвалі краіну, зараблялі годна — і яны без дэкрэтаў будуць плаціць падаткі.

— Учора мне патэлефанаваў зь Менску, з галоўнага ўпраўленьня па працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў Адміністрацыі прэзыдэнта Пятро Катушкін, патлумачыў, што ён куратар Гомельскай вобласьці. Спраўдзіў, ці накіроўваў я ліст з дадаткам кіраўніку дзяржавы. Адказаў: «Так, накіроўваў». Катушкін паведаміў, што ліст мой разам зь іншымі подпісамі атрыманы, і разьвітаўся. Усё ветліва, культурна. Ніякіх прэтэнзіяў наконт цяжкасьці звароту. Я думаю, што цяпер і Аляксандар Лукашэнка, і ягоныя шматлікія чыноўнікі разумеюць, што перагнулі палку з гэтым дэкрэтам. Можа, і ёсьць у нас мільянэры ці мільярдэры, якія мусяць у большай ступені паўдзельнічаць у дадатковым фінансаваньні дзяржаўных расходаў. Але ж прычасалі грабеньчыкам найперш беспрацоўных небарак — іх выштурхнулі з прадпрыемстваў, дробнага бізнэсу, узамен нічога не прапанавалі, а цяпер кажуць: «Дармаеды, плаціце!» Трэба, наадварот, разьняволіць людзей, паспрыяць, каб яны ўладкоўвалі краіну, зараблялі годна — і яны без дэкрэтаў будуць плаціць падаткі. Паглядзіце на суседнюю Польшчу. Я ў школе вучыўся, калі нашы бацькі вазілі туды ўсякую ўсячыну, каб прадаць. І палякі куплялі, бо ня мелі сваёй. Гляньце цяпер на Польшчу — гэта ж дзіва! І заробкі параўнайце: ня ў марах «пяцьсот даляраў», а ў рэальнасьці ў два зь лішкам разы болей«.

«Дзяржава крадзе ў людзей час — надзвычай каштоўнае багацьце»

— Раскажыце, на які адказ спадзяецеся?

Вы паглядзіце, на што людзі час марнуюць? На цяганьне па ўстановах, збор даведак, на прыніжэньні перад чыноўнікамі, каб даказаць, што ў іх цяжкая жыцьцёвая сытуацыя. Дзяржава крадзе ў людзей час.

— Найпершае маё жаданьне, каб дэкрэт быў як мага хутчэй адменены. Вы паглядзіце, на што людзі час марнуюць? На цяганьне па ўстановах, збор даведак, на прыніжэньні перад чыноўнікамі, каб даказаць, што ў іх цяжкая жыцьцёвая сытуацыя. Дзяржава крадзе ў людзей час — надзвычай каштоўнае багацьце. Хіба горш было б, каб гэты час грамадзяне выкарысталі на выхаваньне дзяцей, на рэалізацыю сваіх амбітных ці ня надта жыцьцёвых праектаў, у тым ліку і на здабываньне грошай.

Зазірніце ў нашы крамы — яны ж напаўпустыя. Ажываюць недзе пасьля пятага чысла, калі пачынаюцца сацыяльныя выплаты. Як будзе разьвівацца вытворчасьць, калі насельніцтва не купляе тавараў? Ніяк.

— Самі вы атрымалі «ліст шчасьця»?

— Так, атрымаў. Але плаціць не зьбіраюся. 24 лютага, калі ўжо сышоў тэрмін выплаты «дармаедзкага» збору, я напісаў у камісію гарвыканкаму асобны ліст, у якім распавёў пра абставіны страты свайго невялікага прыватнага бізнэсу. Ён, дарэчы, дазваляў і сям’ю ўтрымліваць, і падаткі плаціць, і даваць грошы на ўпарадкаваньне раёну, дзе жыву. Нават перад раённай адміністрацыяй плітку масьціў за свае сродкі. Цяпер ня маю сродкаў на аплату «дармаедзкага» падатку. Прадаў машыну, каб былі якія капейкі. Дабіваю апошнія. Добра, што хоць жонка працу мае ды дзяды-бабкі побач. Некаторыя калегі па прадпрымальніцкім цэху паехалі ў Расею, ва Ўкраіну — там наладжваюць свой бізнэс. Зьехаць, вядома, можна. Але хто ў такім разе будзе нашу Беларусь уладкоўваць? Вось у чым загваздка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG