Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты БХД прынесьлі падарункі ў магілёўскі Дом дзіцяці


Гадаванцы магілёўскага Дому дзіцяці

Прыхільнікі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі павіншавалі гадаванцаў магілёўскага Дому дзіцяці з надыходам Новага году і перадалі падарункі.

У магілёўскім Доме дзіцяці гадуюцца пераважна дзеткі з парушэньнямі цэнтральнай нэрвовай сыстэмы і пашкоджаньнямі псыхікі. Разьмешчаны ў ім і цэнтар паліятыўнай дапамогі дзецям.

«Навагодняе сьвята — сямейнае сьвята, і дужа хочацца, каб кожнае дзіця адшукала пад ялінкай свой падарунак», — кажа ініцыятарка наведваньня прытулку Сьвятлана Шэвела.

«Дзеткі засталіся без бацькоў, і яны адчуваюць, што побач няма мамы і таты. Мы іх не заменім, але хоць нечым дапаможам, але дзелімся цеплынёю сваёй душы зь дзецьмі».

Госьці прытулку прынесьлі з сабою вязаную сваімі рукамі адзежу, падгузьнікі, цацкі.

У цэнтры паліятыўнай дапамогі дзецям.
У цэнтры паліятыўнай дапамогі дзецям.

У Доме дзіцяці больш за сто гадаванцаў — ад немаўлят да трохгадовых. Амаль усе сацыяльныя сіроты. Іх забралі з сацыяльна небясьпечных семʼяў. У прыватных гутарках супрацоўнікі адзначаюць, што дзеці з такіх семʼяў адстаюць у разьвіцьці, але хутка наганяюць адставаньне.

Паводле супрацоўнікаў, прытулак забясьпечаны ўсім неабходным дзеля камфортнага жыцьця ў ім, а таксама для мэдычнай ды іншай дапамогі. Сёлета адрамантавалі басэйн. Многае з абсталяваньня — гуманітарная дапамога.

Некаторых гадаванцаў супрацоўнікі прытулку забіраюць сабе, бо завязаліся блізкія стасункі. Бяруць да сябе ў семʼі і дзетак з абмежаванымі магчымасьцямі.

Прытулку ў сьвяточныя дні ня гэтулькі важная матэрыяльная дапамога, колькі маральная падтрымка, кажуць у Доме дзіцяці.

«Цяпер штодзень да нас прыходзяць госьці, якія прыносяць ня толькі падарункі, але і ўсьмешкі, пазытыўны настрой — самае галоўнае для нас і нашых гадаванцаў», — адзначае галоўная мэдычная сястра ўстановы Галіна Хаўстовіч.

«Калі нам тэлефануюць і цікавяцца, што нам трэба прынесьці, мы адказваем: неабавязкова падарункі. У нас дзеці ў дужа добрых умовах жывуць — у цеплыні і камфорце. Даволі харчаваньня. Але тое, што госьць патрымае нашага гадаванца на руках, пагладзіць па галоўцы, — гэта самае галоўнае. Яны пазбаўленыя бацькоўскай цеплыні ды пяшчоты. У іх няма мамы і таты. Таму прыходзьце і проста шкадуйце нашых дзетак».

Пакуль гасьцям паказвалі прытулак, нямала бацькоў прыйшлі ў яго, каб пабачыцца са сваімі дзецьмі. Некаторым зь іх шанцуе ўзьяднацца.

Магілёўскія прыхільнікі БХД каля Дому дзіцяці
Магілёўскія прыхільнікі БХД каля Дому дзіцяці

«Я вельмі спагадаю гэтым дзеткам. Яны гадуюцца па-за сямʼёй. Але робіцца спакайней, калі бачыш людзей, якія клапоцяцца ў прытулку аб чужых дзецях, — дзялілася ўражаньнямі адна з наведніц прытулку Ганна Рыжкова. — Дужа хацелася б, каб было паменей бацькоў, якіх пазбавілі правоў і чыіх дзяцей забралі. Таму пачуцьцё адначасова сумнае і радаснае. Дзеці дагледжаныя. Дай Бог здароўя тым, хто сірот даглядае».

XS
SM
MD
LG