Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП абскардзіла папярэджаньне партыі ў Вярхоўным судзе


Абʼяднаная грамадзянская партыя накіравала ў Вярхоўны суд Беларусі зварот з патрабаваньнем прызнаць незаконным папярэджаньне, вынесенае партыі Міністэрствам юстыцыі за акцыю на Дзень Волі.

Арганізатарам несанкцыянаванай акцыі ў папярэджаньні названы «нявыяўлены прадстаўнік АГП», які нібыта распаўсюджваў інфармацыю пра акцыю, заплянаваную на 25 сакавіка, да афіцыйнага дазволу акцыі, што сапраўды забаронена. Але АГП зьвяртае ўвагу на тое, што папярэджаньне партыі можа быць вынесена за дзеяньні партыі, а доказаў таго, што парушэньні зьдзейсьніла менавіта партыя, не прыводзіцца. Таму, піша АГП у лісьце ў Вярхоўны суд, папярэджаньне партыі ня ёсьць законным і абгрунтаваным, а значыць, павінна быць скасавана.

Старшыня партыі Анатоль Лябедзька кажа, што папярэджаньне «не вытрымлівае ніякай крытыкі»: «Яму апаніруе нават Менгарвыканкам, які на прапанову кіраўнікоў некалькіх палітычных арганізацый абмеркаваць правядзеньне Дня Волі адказаў шматлікімі цытатамі зь дзейнага заканадаўства, што мы ня можам быць арганізатарамі дадзенага мерапрыемства. Чаму ў аналягічнай сытуацыі Мінʼюст убачыў у АГП арганізатара Дня Волі, застаецца толькі здагадвацца. Розныя структуры ня ў стане нават дамовіцца, каб хлусіць адным голасам».

За акцыю на Дзень Волі пісьмовыя папярэджаньні таксама атрымала партыя БНФ і рух «За свабоду». У БНФ папярэджаньне назвалі «лухтой», у руху «За свабоду» — абсурдам. Заяўку на акцыю, падкрэсьліваюць усе «папярэджаныя», падавалі прыватныя асобы, а не юрыдычныя.

Тым часам адзін з заяўнікаў акцыі на Дзень Волі, адказны сакратар Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі падаў у суд Маскоўскага раёну скаргу на дзеяньні Менгарвыканкаму адносна заяўкі на мітынг і шэсьце ў Дзень Волі: чыноўнікі далі адказ на заяўку менш як за дзень да пачатку, хоць паводле закону мусілі адказаць за 5 дзён. Адказ быў адмоўны, хоць падстаў для гэтага Садоўскі ня бачыць. Рашэньне дазволіць мітынг у Парку дружбы народаў не ўзгаднялася з заяўнікам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG