Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмена сьмяротнага пакараньня ў Беларусі: пернік Лукашэнкі для Эўропы


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Торг беларускіх уладаў з Эўразьвязам наконт сьмяротнага пакараньня можа скончыцца вельмі нечаканым чынам.

18 красавіка ў Менску прайшоў чарговы круглы стол на тэму «Прававыя аспэкты адмены сьмяротнага пакараньня», арганізаваны Радай Эўропы. Колькі ўжо іх прайшло, але справа ня рухаецца. Апазыцыя ўжо не адзін раз зь вялікім нездавальненьнем зьвяртала ўвагу, што для Эўразьвязу і Рады Эўропы пытаньне адмены сьмяротнага пакараньня больш важнае, чым праблема свабодных выбараў у Беларусі. І гэта сапраўды так. Чаму?

Па-першае, пытаньне адмены сьмяротнага пакараньня для Эўропы каштоўнаснае. Яно — пэўны маркер прыналежнасьці краіны да эўрапейскай цывілізацыі. Бо ў ім выяўляецца стаўленьне да чалавека як вышэйшай каштоўнасьці, да ролі хрысьціянства.

Па-другое, эўрапейскім палітыкам лягчэй весьці дыялёг зь беларускімі ўладамі пра адмену сьмяротнага пакараньня, чым пра свабодныя выбары. Бо на ўсе прэтэнзіі Эўропы наконт фальсыфікацый падчас выбарчых кампаній афіцыйны Менск адказвае: ніякіх праблем няма, у нас свабодныя выбары, як кажа Лукашэнка, нават больш дэмакратычныя, чым у Эўразьвязе. На гэтым дыялёг і заканчваецца, бо гэта размова сьляпога з глухім. Нібы няма прадмету для дыскусіі.

А вось пра сьмяротнае пакараньне так ня скажаш. Ніхто не адмаўляе яго існаваньня ў Беларусі. Прадмет дыскусіі ёсьць, і абодва бакі яго прызнаюць.

Варта адзначыць, што беларускія ўлады памянялі тактыку. Раней на ўсе прэтэнзіі Эўропы яны казалі: гэта ня ваша справа, ня трэба ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі, мы не жадаем нават размаўляць на гэтую тэму.

Цяпер афіцыйны Менск займае іншую пазыцыю. Маўляў, чаму б і не пагаварыць. Вы хочаце яшчэ адзін сэмінар, круглы стол па згаданай праблеме? Ды калі ласка. Нават лепш, каб ён прайшоў у Брусэлі ці Страсбуры. Бо ня так часта беларускім «дэпутатам» удаецца паезьдзіць па Эўропе. Праўда, вынік усіх гэтых форумаў аднолькавы. Але ж эўрапейцы задаволеныя, маўляў, працэс жа ідзе.

Па-трэцяе, адмена сьмяротнага пакараньня ці ўвядзеньне мараторыю на яго прымяненьне — справа больш рэальная, чым правядзеньне свабодных выбараў. Бо гэта не стварае ніякіх пагрозаў існаму рэжыму. Чаго ня скажаш пра свабодныя выбары. Таму эўрапейцы рацыянальна разважаюць, што, маўляў, трэба пачынаць з прасьцейшых пытаньняў, зь нечага рэальнага. Бо ўявіць, што Лукашэнка пойдзе на дэмакратычныя выбары — гэта з вобласьці нерэальнага. А эўрапейскія палітыкі — людзі прагматычныя.

Уявіць, што Лукашэнка пойдзе на дэмакратычныя выбары — гэта з вобласьці нерэальнага. А эўрапейскія палітыкі — людзі прагматычныя.

Я не выключаю, што ў прынцыпе Лукашэнка можа пайсьці на адмену сьмяротнага пакараньня ці на мараторый. Але толькі пры ўмове, што атрымае ўзамен ад Эўропы нешта рэальнае. Прычым не абавязкова грошы.

Вось старшыня пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Беларусі Андрэй Навумовіч абмовіўся: «Думаю, правільна было б правесьці паўторны рэфэрэндум у гэтым пытаньні. Я як грамадзянін і парлямэнтар не выключаю гэтага».

І вось уявіце сытуацыю. Лукашэнку трэба павялічыць прэзыдэнцкі тэрмін да сямі гадоў праз рэфэрэндум. І зрабіць гэта трэба так, каб ня выклікаць прэтэнзій Эўропы. (Незадаволенасьць уласных грамадзян ён неяк перацерпіць.) І кіраўнік Беларусі зьмяшчае ў адзін пакет пытаньні пра тэрмін і пра сьмяротнае пакараньне. Можна і яшчэ некалькі дадатковых пытаньняў упісаць, каб прыхаваць галоўнае.

У Беларусі народ на рэфэрэндумах чамусьці заўсёды галасуе так, як хоча ўлада. І вось насельніцтва падчас «усенароднага волевыяўленьня» выказваецца адначасова і за павелічэньне прэзыдэнцкага тэрміну, і за адмену сьмяротнага пакараньня. І тым самым Менск ставіць Эўропу перад цяжкай дылемай. Крытыкаваць за недэмакратычныя ўмовы правядзеньня рэфэрэндуму? Але ж у выніку яго эўрапейцы дасягнулі таго, да чаго так доўга імкнуліся — адмены сьмяротнага пакараньня. Вечнае пытаньне суадносін мэты і сродкаў. І Менск не без падстаў разьлічвае, што Эўропа вымушана «праглыне» ўсе цуды беларускага галасаваньня.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

300 сьмяротных выракаў за часы незалежнасьці. 10 фактаў пра сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG