Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад міністра ўнутраных справаў патрабуюць «навесьці парадак у органах». Чаму?


Ігар Шуневіч, архіўнае фота
Ігар Шуневіч, архіўнае фота

Удзельнікі чарговага форуму «Свабоду палітвязьням» апублікавалі на change.org адкрыты зварот да міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча: «Не — бязьмежжу і беспакаранасьці праваахоўных органаў Беларусі».

Аўтары яго нагадваюць пра законныя абавязкі і задачы ўнутраных органаў, кажуць, што «калі б супрацоўнікі органаў унутраных справаў падпарадкоўваліся закону, то яны былі б прыкладам для грамадзянаў Рэспублікі Беларусь і сапраўднымі абаронцамі іх канстытуцыйных правоў і свабодаў». Ды апошнім часам «кожны дзень бударажаць, шакуюць навіны пра злачынствах, якія ўчыняюцца супрацоўнікамі органаў унутраных справаў».

Аўтары ліста нагадваюць пра падзеі апошняга году: пра заявы людзей аб зьбіваньні міліцыянтам, у тым ліку непаўналетняга, раварыстаў, беспрытульнага, журналіста ў судзе, у тым ліку з патрабаваньнем падпісаць паперу аб адсутнасьці прэтэнзіяў, у тым ліку за беларускую мову; аб тыканьні дубінкай у зубы падчас зьбіваньня, аб пагрозах сэксуальнай расправай і адпраўленьні малой патрэбы на затрыманага, аб штурме кватэры і зьбіваньні гаспадара без падставаў, пра сьмерці ў СІЗА і нібыта самагубства, пасьля якога засталіся сьляды пабояў. У шэрагу пералічаных выпадкаў зьбітыя атрымлівалі штрафы за непадпарадкаваньне міліцыі.

Ад міністра патрабуюць як мага хутчэй правесьці рэформу органаў МУС з шырокім абмеркаваньнем у СМІ, навесьці парадак у органах унутраных справаў, правесьці праверку ўсіх супрацоўнікаў на адпаведнасьць пасадам і праверку псыхічнага здароўя супрацоўнікаў МУС, праверыць на дэтэктары хлусьні супрацоўнікаў РАУСаў, Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў і АМАП на датычнасьць да злачынстваў. Таксама патрабуюць навесьці парадак у турмах.

Звольніць з пасадаў патрабуюць кіраўніка МУС па грамадзянскай бясьпецы, кіраўніка ГУУС Менгарвыканкаму і ягонага намесьніка па грамадзянскай бясьпецы, начальніка менскага АМАП і начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.

Разам з тым патрабуюць пазбавіць АМАП функцыі забесьпячэньня правапарадку і прыбраць яго з вуліц альбо наагул скасаваць такую структуру. Пры МУС прапануюць стварыць грамадзкую раду, у якую б разам з супрацоўнікамі МУС увайшлі прадстаўнікі грамадзтва і праваабаронцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG