Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ляжаў тварам на падлозе, калі адзін зь іх расшпіліў шырынку» — падлетак, зьбіты АМАПаўцамі


Родныя Аляксея маюць толькі частку дакумэнтаў справы

Родныя Аляксея маюць толькі частку дакумэнтаў справы

Зьбіты і зьняважаны менскім АМАПам падлетак расказаў Свабодзе дэталі здарэньня, за якое яго будуць яшчэ і судзіць.

Увечары 18 ліпеня мянчук Аляксей К. сустрэўся зь сябрам, каб адзначыць свой сямнаццаты дзень народзінаў. Тады хлопец упершыню пакаштаваў алькаголь. Празь некалькі гадзінаў ён ляжаў на падлозе аўтазака, зьбіты і закаваны ў кайданкі, а на твар лілася «цёплая вадкасьць». Сёньня падлетак, на якога была заведзеная крымінальная справа, пагадзіўся на інтэрвію з журналістам Свабоды.

Нармальнае выхаваньне

Сям’я Аляксея жыве ў чыстай і ўтульнай трохпакаёўцы ў сталічным мікрараёне. Айчым Сяргей працуе будаўніком, маці Сьвятлана гадуе маленькае дзіця. Сам Аляксей у дзяцінстве захапляўся маляваньнем і футболам, а цяпер атрымлівае тэхнічную спэцыяльнасьць, чытае фантастыку, сябруе зь дзяўчынай. Паводле родных, хлопец ня курыць і імкнецца трымацца здаровага ладу жыцьця. На сьцяне ў пакоі — турнік для трэніровак. На паліцах — падручнікі па замежных мовах.

— Аляксей ніколі не ідзе на канфлікты. Скаргаў ад настаўнікаў зь ліцэю не было, вучыцца і паводзіць сябе мой сын заўжды прыстойна, — распавядае Сьвятлана. — Я ня памятаю, каб ён прыходзіў дадому п’яны ці праяўляў нейкую агрэсію, такі спакойны хлопчык.

Айчым Аляксея кажа, што стасункі ў іх сяброўскія, у сям’і ўсе падтрымліваюць адно аднаго.

— Разумееце, у такім узросьце кожны хоча паспрабаваць нешта новае. Катэгарычная забарона — ня лепшы аргумэнт у размове з 17-гадовым юнаком. Мы з жонкай упэўненыя: калі Лёша і выпіў, то не зьбіраўся ўтойваць ад нас гэты факт. Алькаголь ня ўвойдзе ў ягоную звычку, бо выхаваньне нармальнае. Калі ўночы патэлефанавалі зь міліцэйскага ўчастку, мы адчулі моцны шок...

Пакуль гутарым з бацькамі, хлопец сарамліва пазірае з канапы, трохі чырванее і ўціскае плечы. Яму ўпершыню даводзіцца падрабязна дзяліцца агідным успамінам з чужым чалавекам — усе дэталі гісторыі ня ведае нават найлепшы сябар Аляксея.

«Мы хацелі адчуць эфэкт гарэлкі»

Раней сям’я жыла ў іншым раёне і хлопец сябраваў зь Мікалаем, суседам-аднагодкам. Пасьля пераезду яны рэдка бачыліся, але нарэшце вырашылі сустрэцца з нагоды дня народзінаў Аляксея.

Дом, дзе жыве Аляксей

Дом, дзе жыве Аляксей

— Сустрэчу прызначылі прыкладна а 6-й вечара на Нямізе. Спачатку проста шпацыравалі, а пасьля паехалі ў Дразды пасядзець ля дамбы, там заўсёды зьбіралася наша кампанія. Я ня памятаю, хто першы прапанаваў выпіць. Мужыкі, якія стаялі ля крамы, пагадзіліся набыць для нас пляшку гарэлкі, — успамінае Аляксей.

— А чаму менавіта гарэлкі?

— Хацелася адчуць нязвыклы эфэкт.

— І пачалі піць проста на вуліцы?

— Там была лаўка... Разьлілі па плястыкавых кубачках і зрабілі колькі глыткоў, так разы тры. Цела пачало разьнявольвацца, як бы мякчэць. Шчыра кажучы, смак брыдкі, адразу не спадабаўся, таму большую частку бутэлькі пакінулі некранутай. Заядалі салёнымі сухарыкамі.

— Калі вас убачылі міліцыянты?

— Насустрач ішла незнаёмая моладзь, хтосьці папярэдзіў, што вуліцу патрулюе АМАП, параіў нам сысьці. Але было позна. Адзін з амапаўцаў аклікнуў мяне словамі «Эй, дружище!» Мы зь Міколам спужаліся і пачалі ўцякаць. Дабеглі да прыпынку. Падумалі, што больш ня сочаць і няма ад каго хавацца. Толькі нейкі мужчына побач быў.

— Як цябе затрымалі?

— Неўзабаве да Міколы ззаду падскочыў гэты мужчына ў цывільным, абхапіў шыю і ўдарыў у правае вока. Двое астатніх ў форме пабеглі ў наш бок. Я інстынктыўна кінуўся наўцёкі, але тут жа вярнуўся: нельга ж сябра пакідаць. Мікола ўжо ляжаў на зямлі, вока было чырвонае і распухла. Ніякага супраціву ён фізычна ня мог аказваць у такім стане. Праз хвіліну пад’ехаў зялёны аўтазак, там сядзелі таксама непаўналетнія затрыманыя і яшчэ двое амапаўцаў, якія нецэнзурна лаяліся. Атрымліваецца, пяць міліцыянтаў на пяць падлеткаў.

Жарты праваахоўнікаў: пагроза «апусьціць»

Ужо пазьней з матэрыялаў справы маці Аляксея даведалася імёны і прозьвішчы супрацоўнікаў АМАПу, якія затрымлівалі сына зь сябрам: Алег Шарко, Уладзіслаў Рутчанкоў і, меркавана, Віталь Кузьмін. Усе яны праходзілі вайсковую службу ў в/ч 3214. Вядома, што Рутчанкоў цяпер навучаецца ў Акадэміі МУС.

— Куды вас павезьлі? — пытаемся Аляксея.

— На мэдыцынскі агляд. Па дарозе нам зь Міколам не давалі размаўляць паміж сабой. Раптам я адчуў сябе блага, закружылася галава, закалола ў сэрцы. Папрасіў спыніць машыну — ніхто ня слухаў, тады я паспрабаваў прыўзьняцца, і тут аўтазак рэзка павярнуў. Каб ня ўпасьці, схапіўся за руку амапаўца Шарко... У адказ ён моцна адштурхнуў мяне, паваліў на лаўку, тварам да зямлі, і начапіў кайданкі. Іншы супрацоўнік тым часам зрабіў тое ж зь Міколам. За што Міколу — ня ведаю, той жа проста ціха сядзеў!

Адказ Менскага АМАПу на скаргу маці

Адказ Менскага АМАПу на скаргу маці

— Ці памятаеш, з чаго пачалося зьбіцьцё?

— З лаўкі абодвух павалілі на падлогу, заціснулі кайданкі максымальна шчыльна. Шарко нанёс першы ўдар кулаком па галаве, нехта адначасова наступіў на галаву ботам. Далей пачаліся хаатычныя ўдары па верхняй частцы тулава. Я чуў, як Мікола крычаў побач. А незнаёмыя падлеткі туліліся ў кут. Адзін амапавец сказаў: «Шкада, што вам няма 18. Мы б вас зараз...» Гэта была пагроза сэксуальнага гвалту, выказаная матам, пагроза «апусьціць». Спужацца я не пасьпеў, бо зразумеў — жартуюць.

— Што адбывалася на мэдаглядзе?

— Выяўлялі колькасьць алькаголю ў крыві. У мяне знайшлі 0,6 праміле. Спачатку міліцыянты паставілі нас тварам да сьцяны і нечага чакалі. У кабінэт загналі высьпяткамі па ягадзіцах, а па заканчэньні агляду заламалі рукі, як злачынцам, і зноў запіхнулі ў аўтазак, каб адвезьці ў РАУС. Суправаджалася ўсё нецэнзурнай лаянкай, бясконцымі абразамі...

— У аўтазаку працягвалі біць ці супаколіся?

— Незнаёмых падлеткаў ужо не было ўсярэдзіне. А нас паклалі тварам на падлогу і прыціснулі ботамі галаву. Адзін пачаў наступаць на пяткі, спружыніць. Неўзабаве недзе ўверсе ў грубай форме прагучала прапанова... справіць на мяне малую патрэбу. Я пачуў, як расшпільваецца «маланка» на шырынцы. Зьверху палілася цёплая вадкасьць. Я хацеў адвярнуцца, круціўся, але вадкасьць трапляла на твар і валасы.

«Парушэньняў ня выяўлена»

Апоўначы Сьвятлане патэлефанавалі з Цэнтральнага РУУС і паведамілі пра затрыманьне Аляксея. Жанчына ўзяла таксі і прымчалася ў аддзяленьне.

— Эмоцыяў не хапала: абурэньне, разгубленасьць... Як? За што? У кабінеце прысутнічалі 6 амапаўцаў і інспэктарка па справах непаўналетніх Алена Жыбуль. Я адмовілася падпісваць складзены на сына адміністрацыйны пратакол, бо сама бачыла, у якім стане дзеці. Тым больш у ролі сьведкаў у пратаколе фігуравалі тыя ж амапаўцы, якія праводзілі затрыманьне. Жыбуль на маіх вачах парвала дакумэнт і склала новы. Тата Міколы хутка таксама прыехаў у РУУС. Аднак нам сыноў не аддалі — іх пратрымалі ў ізалятары ўсю ноч. Дапытвалі ўночы, прадстаўнік органаў сацыяльнай апекі пры допыце адсутнічаў.

На наступную раніцу маці ўсё ж вярнулі падлетка з гематомамі. Судмэдэкспэрт зафіксаваў цялесныя пашкоджаньні і рэшткі мачы на зрэзе валасоў Аляксея, аднак ДНК, паводле экспэртызы, «вызначыць немагчыма». Копію даведкі на рукі Сьвятлане ня выдалі. 19 ліпеня яна падала скаргу на супрацьпраўныя дзеяньні міліцыянтаў ва ўпраўленьне ўласнай бясьпекі МУС і праз месяц атрымала афіцыйны адказ: «Па выніках службовай праверкі дзеяньні супрацоўнікаў прызнаныя законнымі; падставы для прымяненьня фізычнай сілы меліся». 12 верасьня на адпаведную скаргу адказаў АМАП. У лісьце за подпісам камандзіра атраду Дзьмітрыя Балабы значыцца: «У дзеяньнях праваахоўнікаў парушэньняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь ня выяўлена».

Адказ Упраўленьня ўласнай бясьпекі МУС

Адказ Упраўленьня ўласнай бясьпекі МУС

Неўзабаве маці даведалася: яшчэ 18 ліпеня старэйшы прапаршчык міліцыі Алег Шарко пасьпеў падаць заяву на Аляксея за «гвалт у дачыненьні да супрацоўніка праваахоўных органаў». Паводле Шарко, Аляксей нанёс яму «ня менш за адзін удар у вобласьць галавы» і пакінуў сіняк на губе. 21 ліпеня Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу на Аляксея па артыкуле 364 КК Рэспублікі Беларусь.

Айчым хлопца праз сацыяльныя сеткі знайшоў аднаго з непаўналетніх, што ехалі ў аўтазаку. Паводле Сяргея, той мог бы выступіць як непрадузяты сьведка на судзе — ён бачыў сытуацыю звонку. 19 верасьня ад імя Аляксея было накіравана хадайніцтва пра допуск такога сьведкі. 21 верасьня СК адмовіў у задавальненьні хадайніцтва. Цяпер хлопец знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Суд адбудзецца хутка, але дату пакуль не паведамляюць. Застаецца чакаць, — кажа маці падлетка.

Айчым дадае:

— Жорсткасьць міліцыянтаў цяжка апраўдаць, ёй няма тлумачэньня. Хіба толькі адно: яны атрымліваюць задавальненьне ад гвалту, бо выгадаваліся на кульце сілы.

Камэнтар праваабаронцы

Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка, да якога зьвярнулася Сьвятлана, падкрэсьлівае:

Павал Сапелка

Павал Сапелка

«Незалежна ад таго, ці зьяўляюцца непаўналетнія вінаватымі ў правапарушэннях, прымяненьне ў дачыненьні да іх жорсткага, бесчалавечнага, зьневажальнага абыходжаньня недапушчальнае. Па кожным факце такога звароту павінна праводзіцца аб’ектыўная праверка, і вінаватыя асобы павінны прыцягвацца да адказнасьці. У гэтай сытуацыі складваецца ўражаньне, што праверка была неаб’ектыўнай і няпоўнай. Тым больш што, па зьвестках праваабаронцаў, ня ўсе сьведкі бясчынстваў праваахоўнікаў былі апытаныя».

7 выпадкаў зьбіцьця грамадзянаў міліцыянтамі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG