Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвастрэньне на Данбасе: два ўкраінскія салдаты загінулі, дзевяць параненыя


Ілюстрацыйнае фота

У зоне баявых дзеяньняў на ўкраінскім Данбасе 21 траўня загінулі два ўкраінскія вайскоўцы, яшчэ дзевяць атрымалі раненьні, паведаміў штаб Апэрацыі аб'яднаных сілаў.

Страты баевікоў самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» склалі 15 чалавек забітымі і 13 параненымі, сьцьвярджае ўкраінскі бок (самі групоўкі гэтага не пацьвярджалі на момант публікацыі).

У ранішняй зводцы ўкраінскага штабу Аперацыі абʼяднаных сілаў на Данбасе сьцьвярджаецца, што за мінулыя суткі баевікі 53 разы парушылі рэжым спыненьня агню, зь іх 30 разоў ужылі артылерыю калібру 122 мм, мінамёты калібраў 120 мм і 82 мм. Баявыя дзеяньні працягваліся ўздоўж усёй лініі сутыкненьня.

У групоўцы «ДНР» 21 траўня пацьвердзілі толькі, што ўкраінскім вайскоўцам удалося захапіць трох баевікоў паблізу Горлаўкі. Аб баявых дзеяньнях цягам мінулых сутак не паведамлялі. У групоўцы «ЛНР» заявілі пра чатыры абстрэлы з боку Ўзброеных сілаў Украіны 21 мая.

Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе 26 сакавіка абвясьціла «ўсёабдымнае, устойлівае і бестэрміновае спыненьне агню» з 30 сакавіка – так званае «Велікоднае замірэньне». Яно было парушанае ўжо празь некалькі хвілінаў пасьля заяўленага пачатку і з тых часоў парушаецца пастаянна.

Узброены канфлікт на Данбасе працягваецца з 2014 году пасьля расейскай анэксіі ўкраінскага Крыму. Украіна і дзяржавы Захаду абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы «сэпаратыстаў». Крэмль абвяргае гэтыя абвінавачваньні і заяўляе, што на Данбасе могуць быць толькі расейскія «добраахвотнікі» (тое, што крымскія «зялёныя чалавечкі» былі расейскімі вайскоўцамі, Крэмль пацьвердзіў яшчэ ў 2014-м). Паводле зьвестак ААН, за час канфлікту на Данбасе загінулі больш за 10 000 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG