Абстрэлы на лініі разьмежаваньня на Данбасе працягваюцца. Бакі канфлікту абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньні рэжыму спыненьня агню. Аб парушэньні перамір’я заяўляюць і прадстаўнікі АБСЭ, паведамляе «Настоящее время».
Кароткія начныя перастрэлкі тут, пад непадкантрольнай украінскаму боку Горлаўкай, справа звычайная. Украінскія вайскоўцы кажуць, што ўжо і ўвагі асаблівай не зьвяртаюць на гэта. Іншая справа — артылерыйскі абстрэл, тады даводзіцца ў прамым сэнсе сыходзіць пад зямлю.
«Чым глыбей мы капаем, тым больш шанцаў выжыць», — распавядае афіцэр Узброеных сіл Украіны з пазыўным «Капуста».
Афіцэру ўсяго 23 гады. На фронт ён трапіў праз тыдзень пасьля выпускнога, скончыўшы Львоўскую акадэмію сухапутных войскаў. Кажа, баявыя дзеяньні ў Данбасе пачаліся, калі ён быў на другім курсе.
«У нас такая праца. Мы давалі прысягу і робім сваю справу», — працягвае «Капуста».
Размовы пра палітыку хлопцу не падабаюцца, тут, на лініі разьмежаваньня, усё бачыцца досыць проста.
«Мы дома, на сваёй зямлі, у нас ёсьць праціўнік, захопнік, якога трэба адагнаць і аднавіць нашу тэрытарыяльную цэласнасьць. Інакш — ніяк», — кажа «Капуста».
Такую «вайну» спэцыялісты называюць траншэйнай або пазыцыйнай, калі ні адзін з бакоў істотна не прасоўваецца наперад.
Узброены канфлікт на Данбасе працягваецца зь 2014 году. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў. Крэмль абвяргае гэтыя абвінавачваньні і заяўляе, што ў Данбасе могуць быць толькі расейскія «добраахвотнікі».
На працягу чатырох гадоў у Данбасе шмат разоў абвяшчалі рэжым спыненьня агню, але ён адразу ж парушаўся.
Паводле дадзеных ААН, за час канфлікту загінулі больш за 10 тысяч чалавек.