Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура скрытыкавала менскія ўлады: забаранялі замала канцэртаў


Гурт Dzieciuki, ілюстрацыйнае фота
Гурт Dzieciuki, ілюстрацыйнае фота

На сайце беларускай Генэральнай пракуратуры зьявілася паведамленьне пра парушэньні, выяўленыя ў дзейнасьці Менскага гарвыканкаму ў сувязі з масавымі мерапрыемствамі.

«У асобных праграмах, прапанаваных арганізатарамі імпрэзаў [на разгляд Менгарвыканкаму], была інфармацыя, якая заахвочвае ўжываньне алькаголю, спажываньне псыхаактыўных рэчываў, заклікае да дыскрымінацыі па рэлігійнай прыкмеце, спрыяе распальваньню міжканфэсійнай варожасьці, падбухторвае да зьдзяйсьненьня небясьпечных для жыцьця дзеяньняў, — піша Генпракуратура. — Пры гэтым службовыя асобы галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Менскага гарвыканкаму згаджаліся з правядзеньнем такіх мерапрыемстваў без даваньня належнай ацэнкі відавочна заніжанаму знаку ўзроставай катэгорыі».

Якіх менавіта выканаўцаў «недазабаранілі», не ўдакладняецца.

Ад Менгарвыканкаму запатрабавалі ліквідаваць парушэньні і забясьпечыць «прафіляктычныя акцыі» ў начных клюбах, каб прадухіліць наведваньне іх непаўналетнімі, «адначасова з маніторынгам выкананьня нормаў пажарнай бясьпекі».

Сёлета ідэолягі Менгарвыканкаму забаранілі канцэрт паўднёваафрыканскага гурту Die Antwoord на падставе «нізкага мастацкага ўзроўню», што абурыла многіх беларусаў: маўляў, гурт мо і правакацыйны, але не экстрэмісцкі, дый расейскамоўнаму «Ленинграду» дазваляюць мацюкі са сцэны, а Die Antwoord з мацюкамі на ангельскай мове забараняюць. Музычны крытык Аляксандар Чарнуха публікаваў на Onliner.by падрабязны разбор прынцыпаў і мэтадаў забаронаў канцэртаў у Беларусі.

Тым часам пад Менскам нядаўна дазволілі правесьці вялікі рок-фэстываль з удзелам шматлікіх беларускіх выканаўцаў, якія раней былі ў нефармальных «чорных сьпісах»: на адной сцэне ў Музэі народнай архітэктуры 30 чэрвеня выступяць Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, Dzieciuki і яшчэ дзясятак гуртоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG