Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горш чым злачынства



Ну не шанцуе кіраўніку Беларусі на вязьняў. Як не пашанцавала 11 гадоў таму з Шараметам, гэтак і цяпер не шанцуе з Казуліным.

Ёсьць дзьве па-свойму пасьлядоўныя пазыцыі, два вобразы дзеяньняў, пры якіх можна было б захаваць твар. Адна – міласьцівая, маўляў, усе правіны дарую, даю волю. Менавіта так было зроблена адносна амаль усіх зьняволеных, вызваленых у апошнія тыдні: Аўтуховіча, Дашкевіча, Фінькевіча і нарэшце Клімава. Царская міласьць ні пра якія асабістыя чыньнікі вязьняў ведаць ня ведае, бо ня царская гэта справа. І калі гэтая міласьць насамрэч вымушаная, тым больш безумоўнай і шчодрай павінна выглядаць зьнешне, каб той самы твар захаваць. Спроба ў гэтай сытуацыі прадставіць вызваленых ледзь не як замежных шпіёнаў у гэтай сытуацыі выглядае дасьціпным дадатковым сродкам гэтага самага захаваньня.

Ёсьць і іншая, таксама ў пэўным сэнсе “чыстая” пазыцыя. Строгі цар, вялікая віна, выпусьціць вязьня на волю не дазваляюць высокія дзяржаўныя інтарэсы. Асабістыя чыньнікі тут таксама пад увагу не бяруцца, суворы закон, але гэта закон, заявязаныя вочы Феміды на твары не зважаюць. Такая пазыцыя, якая ўжывалася адносна палітвязьняў да апошняга часу, шмат каму можа не падабацца, але яна па-свойму цэльная і годная царскага званьня.

Але ня вытрываў. Як у 1997 годзе, калі “на блакітным воку” заяўлялася, што Шарамет сам з турмы выходзіць ня хоча. Разумееце, учапіўся за нары, ня выцягнеш. Гэтак і цяпер. Быліна пра тое, як Казулін ня хоча выходзіць з турмы, каб ня везьці хворую жонку за мяжу, ня толькі брыдкая, яна яшчэ і надзвычай дробная. І незразумела, на каго разьлічаная. На заходнікаў? Ну гэта проста сьмешна. На суайчыньнікаў, ці больш вузка – на ўласны электарат? Таксама неяк недарэчна, асабліва на фоне безумоўных вызваленьняў іншых вязьняў. Электарат можа сапраўды сьвята верыць свайму куміру, але і ў яго могуць узнікнуць простыя пытаньні: Фінькевіча, Дашкевіча і Клімава вызвалілі, не ўскладаючы на іх дадатковых абавязкаў адносна іх родных. Дык якая розьніца, якія там у Казуліна адносіны зь ягонай жонкай? Сам жа кумір гаворыць, што ён у чужыя сямейныя справы ўлазіць ня хоча. Дык і ня трэба, калі Казуліна можна выпусьціць, то і варта выпусьціць, гэтак жа, як і астатніх, а там ужо хай яны ў сваёй сям'і разьбіраюцца, з кім хворая Ірына Казуліна паедзе на лячэньне.

Зразумела, што ў падмурку тут – дробная помста за словы Казуліна, сказаныя з экрану БТ і пра жонку і пра дзяцей. Зьнік сталы палітык, зьнік кіраўнік дзяржавы, застаўся маленькі хлапчук, якому трэба прымаць кожны выклік, трэба біцца ў кроў за любую крыўду: “Ты мне так, і я табе гэтак жа, ты маіх, дык я – тваіх”.

Байцоўскія якасьці таго хлапчука выклікаюць нават сымпатію. Але пры цяперашніх ролях, калі ўсясільны ўладар паводзіць сябе такім чынам супраць бяспраўнага вязьня, гэта выклікае зусім іншыя пачуцьці, уладар такім чынам нізводзіць сябе да ўзроўню таго хлапчука, а вязьня – падымае да свайго царскага ўзроўню.

Гэта ня толькі кепская мараль, гэта кепская палітычная прагматыка. “Гэта горш чым злачынства, гэта памылка” – як сказаў у свой час стары цынік Талейран пра расейскі паход свайго боса Напалеона.

Паспрабуем працягнуць гіпатэтычныя развагі прыхільніка Лукашэнкі. Астатніх “баявікоў” вызвалілі, відаць, палічылі, што неба на зямлю ад гэтага не абрынецца. А Казуліна чаму выпусьціць у прынцыпе можна, але толькі за мяжу? Ён што, такі грозны, такі моцны? А можа “бацька” яго, гэта – баіцца?

Ад сябе дадамо, што наўрад ці, проста гульня ў хлопчыка-задзіру зацягнула. Але падумаць так людзі могуць, а ўжо лепш насамрэч быць баязьліўцам, але ўмела гэта хаваць, чым ня быць, але выглядаць ім.

Пры гэтым рэальна зусім ня факт, што выйшаўшы з турмы і жывучы ў Беларусі, Казулін будзе ўяўляць такую ўжо вялікую пагрозу для ўлады. Можа - так, а можа - не. Калі Павал Шарамет сядзеў у турме, лёзунг “Шарамета – ў прэзыдэнты” не гучаў так ужо бессэнсоўна. А калі выйшаў – стаў такім і зусім не з прычыны ягонай маладосьці. Часам нават маўчаньне за кратамі гучнейшае за слова на волі.

А Казулін як раз за імі і застаецца. І так выглядае, што пасьля вызваленьня ўсіх, акрамя яго, Захад будзе даціскаць, каб на волю выйшаў і Казулін, і бяз гэтага зьдзелка, гледзячы па ўсім, надзвычай цяпер патрэбная Лукашэнку, не адбудзецца. І зусім не таму, што агульная лінія Захаду – на адну саступку патрабаваць дзьве, даціскаючы да поўнай капітуляцыі. Насуперак страхам адных і спадзяваньням іншых такі падыход на Захадзе зусім не зьяўляецца даміноўным. Але вызваленьне менавіта ўсіх – гэта па-першае, даўно абвешчаная мінімальная ўмова, а па-другое, як раз для Захаду вызваленьне экс-кандыдата ў прэзыдэнты – не галоўны прыз, не дыямант у кароне. Важна ня тое, што Казулін, а тое, што апошні, быў бы апошнім, скажам, Дашкевіч, біліся б і за яго, як цяпер за Казуліна.

У сваёй лекцыі ў БДУ Лукашэнка паспрабаваў прапанаваць іншую лёгіку, маўляў, вызвалілі, каго можна было, зараз паглядзім на ягоную, Захаду, сумленнасьць і вернасьць слову. Але ўпартасьць Захаду выглядае тут значна больш абгрунтаванай, чым упартасьць кіраўніка Беларусі. Упартасьць Захаду базуецца на прынцыпе “Вызваліць усіх”. На прынцыпе, хаця і кепскім, базавалася ранейшая пазыцыя Менску “Не вызваляем нікога”. Цяперашняя пазыцыя “Вызваляем усіх, акрамя Казуліна, і нават яго, але толькі за мяжу” - гэта ці капрыз, ці дробная помста, ці сапраўды праява баязьлівасьці, што заўгодна, але не сур'ёзная палітыка.

Вылезьці з гэтай пасткі, хаця і з пэўнымі стратамі, Лукашэнка можа, вярнуўшыся да апісанага вышэй “чыстага” першага варыянту: “Ужо такая дабрыня мяне ахапіла, што ніколі такога не было, не бывае такіх міласьцівых уладароў у сьвеце, адзін я такі, вызваляю і Казуліна”. Для людзей дасьведчаных будуць зразумелыя матывы такой ласкі, але і для іх, і для астатніх толькі гэта будзе выглядаць па-царску, а не па-пацанску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG