Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артур Фінькевіч на волі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Артур Фінькевіч
Артур Фінькевіч

Калегія Магілёўскага абласнога суду пад старшынствам судзьдзі Ігара Прошкі сёньня пастанавіла вызваліць актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Артура Фінькевіча з-пад варты. Празь дзьве гадзіны па сканчэньні разгляду Артур Фінькевіч выйшаў на волю.

Фотагалерэя

Вось што сказаў “Свабодзе” Артур Фінькевіч адразу пасьля свайго вызваленьня:

“Вельмі ўдзячны тым людзям, якія праводзілі вялізную працу дзеля таго, каб мяне выпусьцілі. Маладафронтаўцам, сябрам, блізкім. Камітэту ў абарону палітзьняволеных. Асабіста Аляксандру Мілінкевічу. У той жа час я разумею: вызваленьне Дашкевіча, Аўтуховіча, мяне — гэта факт таго, што Лукашэнка ідзе папросту на саступкі Захаду. Нас проста разьмянялі”.

Разгляд касацыйнай скаргі Артура Фінькевіча доўжыўся каля дзьвюх гадзінаў. Судовае паседжаньне было адкрытым, але самога зьняволенага на ім не было.
Гэта факт таго, што Лукашэнка ідзе папросту на саступкі Захаду. Нас проста разьмянялі

Разгляд скаргі пачаўся з выступу адвакаткі Ганны Бахціной.

Вырак Кастрычніцкага суду яна назвала несправядлівым, надуманым і неаб’ектыўным.

Адвакатка пералічыла шэраг парушэньняў, дапушчаных судом пры разглядзе справы Фінькевіча:

“Суд не дасьледаваў у поўнай меры матэрыялы справы. Ён парушыў правы Артура Фінькевіча на абарону. Фінькевіч на судзе быў аб’ектыўны ў адносінах да сваіх учынкаў. Калі ён нешта парушаў у спэцкамэндатуры – то прызнаваў. Калі не парушаў — спрабаваў аргумэнтавана гэта давесьці суду. Суд, аднак, папросту ігнараваў гэтыя довады”, – зазначала на сёньняшнім судзе Ганна Бахціна.

Стаўленьне адміністрацыі спэцкамэндатуры да Артура Фінькевіча адвакатка назвала перадузятым. Паводле яе, адміністрацыя папросту хацела пазбавіцца ад нязручнага асуджанага, да якога рэгулярна прыяжджалі палітыкі, прадстаўнікі замежных амбасадаў. Калі супрацоўнікам камэндатуры здавалася, што Фінькевіч парушае рэжым, тыя адразу складалі пратакол і накладалі спагнаньне, не разьбіраючыся.

Пракурор Каранкоў у сваім выступе зазначыў, што віна Артура Фінькевіча цалкам даказана, аднак вырак Кастрычніцкага суду ён назваў занадта жорсткім і прасіў судовую калегію пакараць актывіста адбытым тэрмінам зьняволеньня.

Калегія абласнога суду праз паўгадзіны роздуму пастанавіла вызваліць вязьня з-пад варты.
Сёньняшняя падзея — плён дзейнасьці ўсіх людзей, якія былі салідарныя з Артурам Фінькевічам. Гэта наша агульная перамога

Судовая заля на зачытаны вырак выбухнула воклічам “Жыве Беларусь”.

На разгляд скаргі прыехалі каля сарака паплечнікаў Артура Фінькевіча. У судовай залі прысутнічалі палітыкі Вячаслаў Сіўчык, Алесь Міхалевіч, Зьміцер Дашкевіч. Быў і прадстаўнік амэрыканскай амбасады Луіс Крыжак.

Вось як пракамэнтаваў “Свабодзе” пастанову калегіі абласнога суду Павал Севярынец:

“Сёньняшняя падзея — плён дзейнасьці ўсіх людзей, якія былі салідарныя з Артурам Фінькевічам. Гэта наша агульная перамога. Цяпер наперадзе іншыя справы: сядзяць Андрэй Кім, Клімаў, Казулін, іх трэба вызваляць”.

Вось думка Зьмітра Дашкевіча:

“Мы вельмі радыя. Спадзяемся, што сёньня ўжо пабачым Артура. Трэба сказаць усім дзякуй, усім людзям добрай волі, якія ахвяравалі сабою, сваім часам і падтрымлівалі Артура, праводзілі акцыі салідарнасьці. Трэба сказаць дзякуй міжнароднай супольнасьці, якая займала прынцыповую пазыцыю, патрабуючы вызваленьня ўсіх вязьняў”.

Дзьве гадзіны паплечнікі Артура Фінькевіча чакалі яго ля сьледчай турмы № 4 — і дачакаліся. А 14 гадзіне Фінькевіч выйшаў на волю.

20 сьнежня Кастрычніцкі суд Магілёва асудзіў Артура Фінькевіча на паўтара года зьняволеньня з адбыцьцём пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму. Судзьдзя Натальля Крашкіна прызнала яго вінаватым у парушэньні артыкула крымінальнага кодэксу “Ухіленьне ад адбыцьця пакараньня”.

Ад 26 кастрычніка Артур Фінькевіч утрымліваўся ў Магілёўскай сьледчай турме № 4.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG