Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаньне ў тэракце ня выстаўленае, арышты і допыты працягваюцца


У справе па тэракце 11 красавіка павінны прайсьці «сотні тысяч» допытаў, заявіў міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў падчас он-лайн канфэрэнцыі ў інтэрнэце. Тым часам памёр яшчэ адзін пацярпелы ад тэракту. Гэта — ужо 14-я сьмяротная ахвяра выбуху.

«Інсынуацыямі» назваў Анатоль Куляшоў вэрсіі пра тое, што тэракт у менскім мэтро арганізавала ня група тэрарыстаў з адхіленьнямі ў псыхіцы, а нейкія магутныя спэцслужбы. 25 красавіка міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў адказваў на пытаньні наведнікаў афіцыйнага сайту МУС падчас он-лайн канфэрэнцыі.

«Ужо не засталося ніводнага чалавека, які б сумняваўся ў тым, што знойдзеныя менавіта тыя асобы, якія датычныя да выбуху на станцыі мэтро «Кастрычніцкая», — адказаў міністар Куляшоў на пытаньне чалавека, які пераказаў адну з вэрсій тых, хто сумняваецца.

На пытаньне, калі канкрэтна падазроным будзе выстаўлена абвінавачаньне, Анатоль Куляшоў не адказаў. Паводле міністра, каб высьветліць усе супярэчнасьці, «трэба правесьці калясальную працу, у тым ліку сотні тысяч допытаў і апытаньняў».

Анатоль Куляшоў паведаміў некаторыя дэталі расьсьледаваньня. У прыватнасьці, што затрыманыя бацька і брат аднаго з падазроных, а таксама — што МУС правёў 3 службовыя праверкі дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі, якія «прагледзелі» падазронага ў мэтро і своечасова не ўзялі ў яго адбіткі пальцаў. Паводле спадара Куляшова, матэрыялы праверкі накіраваныя ў пракуратуру ў сьледчую групу, якой кіруе намесьнік генпракурора Анатоль Швед. Па абвінавачаньні ў халатнасьці службовых асобаў заведзена адна крымінальная справа, паведаміў Анатоль Куляшоў.

Апошнія падзеі ў Беларусі ўжо пацьвярджаюць заявы сілавікоў пра шматлікія допыты ў сувязі з тэрактам. 25 красавіка ў Гомельскай вобласьці затрымалі моладзевага актывіста Алеся Каліту, які служыў у вайсковай частцы разам з адным з падазроных у тэракце. Алеся Каліту абвінавацілі ў дробным хуліганстве і асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, але шмат хто не сумняваецца, што актывіста арыштавалі, бо ўлады працягваюць шукаць датычнасьць апазыцыі да тэракту. На допыт у пракуратуру на аўторак, 26 красавіка, выклікалі экс-кандыдата на прэзыдэнта Рыгора Кастусёва.

Рыгор Кастусёў
«Мне сказалі, што ў сувязі з тэрактам у мэтро. Я спытаўся, якое я магу мець дачыненьне да гэтага? Не патлумачылі. Сказалі, што неабходна зьявіцца ў якасьці сьведкі, і ўсё. Ведаю, што Каліту затрымалі, але чаго мяне завуць, ня ведаю».

Карэспандэнт: «А што вы думаеце пра тэракт? Якая вэрсія падаецца вам найбольш верагоднай?».

«Мяркую, замовілі гэты тэракт не ў Беларусі. Можа, гэта нейкія эканамічныя разборкі? Можа, камусьці беларускія ўлады альбо „хвост прыціснулі“, альбо кагосьці „пракінулі“? А выканаўцы — гэта дробязь. Мяркую, за імі стаяць фігуры больш маштабныя. У нашай краіне трэба ўва ўсім сумнявацца, улічваючы тое, за што і як нас саджаюць».

На 26 красавіка ў пракуратуру для допыту выкліканы таксама старшыня АГП Анатоль Лябедзька. У справе тэракту ўжо быў дапытаны лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін. «Гэта была фармальная размова, для галачкі», — пракамэнтаваў допыт у пракуратуры Менску Сяргей Калякін. Паводле зьвестак, 24 красавіка супрацоўнікі гарадзкой пракуратуры шукалі «для размовы» і лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, які цяпер за мяжой.

25 красавіка стала вядома, што ў менскім шпіталі памёр яшчэ адзін пацярпелы ад тэракту 11 красавіка. 40-гадовы мянчук Віталь Дайнека стаў 14-й ахвярай тэрарыстаў. Яшчэ 10 чалавек зь ліку параненых, паводле мэдыкаў, — у «цяжкім стане».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG