Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічба як мастацкая дэталь (спроба эстэтычнага погляду на паліталягічны тэкст)


Нядаўна давялося прачытаць у інтэрнэце цікавы артыкул з назвай “Глябалізаваны мэркантылізм”, дзе аўтар (Heiner Flassbeck) разважае пра складанасьці эканамічнай інтэграцыі ў межах ЭЗ, нацыянальныя інтарэсы і эгаізмы ды нізкія курсы валютаў як сродак сучаснага “дзяржаўнага мэркантылізму”.


Артыкул прыцягнуў увагу таму, што нешта накшталт мэркантылізму эпохі нараджэньня капіталістычных адносінаў мае месца ў нас у Беларусі. Наша сёньняшняе кіраўніцтва, як сярэднявечныя сувэрэны, шукаючы сродкі напампаваць казну і палітычна падпарадкаваць сабе маладую клясу гандляроў, спрабуе “закітаваць” шчыліны ў падвалінах эканамічнага абсалютызму.

Прыгажосьць аргумэнтацыі аўтара згаданага артыкулу пра сучасны глябалізаваны мэркантылізм – у лічбах. На трох старонках ён змог пераканаўча выпукліць праблемы эўраінтэграцыі ў сілавым полі глябалізму. Разумеючы, што статыстыка можа быць і добра схаванай маной, усё ж-такі прачытаўшы такую лічбавую сымфонію, пагаджаесься з афарызмам, што ў кожным сьцьверджаньні столькі ісьціны, колькі матэматыкі.

З нашых беларускіх эканамічных аглядальнікаў і палітолягаў заўсёды эстэтычна камфортна чытаць, напрыклад, Л. Заіку, М. Залескага, Л. Злотнікава, – усіх тых, хто без асаблівых эмоцыяў і вальяжнасьці пры дапамозе некалькіх лічбаў дае “рэцыпіенту” магчымасьць самому рабіць высновы.

Стылёвая манера “нялічбавай” аргумэнтацыі – у тым ліку і нашых “дэмакратычных” аналітыкаў – як мне здаецца, павінна быць больш аргумэнтаванай і па магчымасьці менш заклінальнай і катэгарычнай. У гэтай сувязі ўзгадваецца адзін пасаж з нобэлеўскай лекцыі Іосіфа Бродзкага: “Чалавек з густам, у прыватнасьці літаратурным, менш адкрыты для ўплыву паўтораў і заклінаньняў, якія ўласьцівыя любой форме палітычнай дэмагогіі. Рэч ня ў тым, што дабрадзейнасьць не зьяўляецца гарантыяй стварэньня шэдэўру, колькі ў тым, што зло, асабліва палітычнае, заўсёды дрэнны стыліст. Чым багацейшы эстэтычны досьвед індывідуўма, тым цьвярдзейшы ягоны густ, тым больш выразна акрэсьлены ягоны маральны выбар, тым ён больш свабодны – хаця, магчыма, ня робіцца ад гэтага больш шчасьлівым…”. Бязь лічбавай аргумэнтацыі тэксты самых дэмакратычных аўтараў не заўсёды гучаць пераканаўча нават пры самым добразычлівым чытаньні.

Нашыя кашалькі ніколі не былі асабліва пухлыя, але сёньня людзі пачынаюць лічыць свае рублі вельмі акуратненька. Усе становяцца стыхійнымі статыстыкамі. Асабліва, калі дзяржава хавае інфармацыю пра тэндэры, кошты, заробкі намэнклятуры, крыніцы фінансаваньня … Калі б я быў палітолягам, я б рызыкнуў сёньня сфармуляваць лёзунг: Публічная статыстыка – посах прэтэндэнта на будучае прэзыдэнцтва.

Сапраўды, нават хатняя гаспадыня, якая, паводле Бродзкага, мае слабы імунітэт супраць дзяржаўнай заклінальнай дэмагогіі, лягчэй бы паверыла кампэтэнтнаму апазыцыйнаму аналітыку, што “гіпэры” (гіпэрмаркеты), пасьля таго, як перамогуць “Жданы” (дробны гандаль у Ждановічах), падымуць цэны, калі б аналітык да свайго замежнага досьведу дадаў просьценькі статыстычны прыклад з нашай рэчаіснасьці. Напрыклад, колькі каштаваў паўгоду таму 1 кг марожанай рыбы ў малых шапіках, у менскім “Віталюры” ва Ўруччы, на Камароўцы, у “Жданах”, і ў “Кароне”, што на Кальварыйскай, і колькі каштуе цяпер. А калі б ён яшчэ даведаўся і напісаў, каму належаць тыя “Віталюр” ды “Карона” і што нас чакае далей, дык бы тая хатняя гаспадыня, магчыма, пабегла б на плошчу бараніць дробных гандляроў.

Нам можна было б пераняць замежны досьвед і выпусьціць для шырокага ўжытку, напрыклад, папулярную брашуру – “Хто колькі зарабляе ў бюджэтнай сфэры?”. Быў бы бэстсэлер. У мяне дома ёсьць такая нямецкая кніжка мінулых гадоў выданьня. Вельмі цікава. Або разабрацца на паліталягічным узроўні ў лічбах прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў, якія закранулі лёсы тысяч грамадзянаў.

Мяне ў свой час зацікавіла публікацыя Т.Манёнак у тыднёвіку “Беларусы і рынак” пра лёс мотавелазаводу, дзе я яшчэ пры саветах на працягу 4 гадоў працаваў інжынэрам-патэнтаведам. Маючы з таго часу знаёмых з “Мотавела”, сачу за эпапеяй прыватызацыі як за дэтэктыўным сюжэтам. У навагоднім выпуску інфармацыйнага бюлетэню “Ленинский район сегодня” прачытаў аптымістычны матэрыял пра завод. Там ні слова пра тое, што, напрыклад, вэтэранам заводу, членам акцыянэрнага таварыства, якія мелі па некалькі дзясяткаў акцыяў, укладаючы ў разьвіцьцё вытворчасьці ўласныя сродкі, прапаноўваюць цяпер за іх 20-30 тыс. беларускіх рублёў і не даюць ніякай фінансавай інфармацыі. Ніхто з акцыянэраў тых акцыяў ніколі ў руках не трымаў, ніхто ня ведае, які цяпер рынкавы кошт акцыі, як ацэньвала БТІ кошт нерухомасьці, дзе той дэпазітарый, дзе нібыта захоўваліся акцыі, чаму менавіта ATEC Holding GmbH (як бы аўстрыйская фірма), а не, напрыклад, “Амкадор” (больш празрыстая і з бліжэйшай спэцыялізацыяй) атрымала права на прыватызацыю і г. д.? Тут такое поле для палітычнага і эканамічнага аналізу! Дасьледчыка чакае сымфонія лічбаў.

З Указу прэзыдэнта РБ ад 26 ліпеня 2007 “Аб некаторых пытаньнях адкрытага акцыянэрнага таварыства МОТАВЕЛА” (п. 4.2) можна даведацца, што ў 2013 годзе цяперашні ўладальнік заводу, калі ня выканае свае абавязацельствы, “мусіць заплаціць у дзяржбюджэт розьніцу паміж рынкавым коштам акцыяў на момант іх пакупкі ды іх намінальным коштам, вызначаным у ч. 1 падпункту 1.2 Указу”. Незалежныя экспэрты кажуць, што вызначыць тую штрафную розьніцу немагчыма. Як пойдзе рэальна аплата акцыяў, якая будзе стаўка рэфінансаваньня, як будуць вылічацца працэнты зь неаплачанай сумы? За 6 гадоў можа столькі ўсяго зьмяніцца!

Або яшчэ адзін па-мастацку захапляльны лічбавы сюжэт: Дзяржаўнае УП “Водаканал” разарвала ўціхую пад шум адмены льготаў тысячы дамоваў зь фізычнымі асобамі на 20%-ую зьніжку платы за ваду да 2010 г. ў кошт кампэнсацыі пакупкі карыстальнікамі за свой кошт лічыльнікаў расходу вады (кожны каштуе з устаноўкай больш за 200. 000 бел. руб.). Пры гэтым “Водаканал” ссылаецца на Пастанову СМ № 1366 ад 18. 10. 2007 г., што грунтуецца на некалькіх артыкулах Грамадзянскага кодэксу РБ (392, 378 ды інш).

Выходзіць, што любое дзяржаўнае УП можа так проста адмовіцца ад сваіх абавязацельстваў і абрабаваць фізычную асобу, – кожнага з нас, калі кіраўніцтва краіны (СМ ці прэзыдэнт) раптам аб’явяць: “Сацыялістычная Айчына ў небясьпецы!”. А дзяржава наша – спрэс УП!

Вось дзе прастора разгуляцца лічбавай аналітыцы. Тут рублёвая статыстыка глядзіць у вялікую палітыку і можа стаць мастацкім упрыгожаньнем зусім не мастацкага жанру.






Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG