Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасягненьні і няўдачы беларускага спорту


Вынікі 2007 году.


Лядовыя палацы будуюць, каб на Зямлі стала халадней?
Першая перамога сёлета для беларусаў прыйшла на чэмпіянаце сьвету ў лыжным спорце, калі 19-гадовы магілёвец Леанід Карніенка выйграў срэбны мэдаль — гэта найвышэйшае дасягненьне ў гісторыі беларускіх лыжаў.

Ці ёсьць нейкая сыстэма ў падрыхтоўцы беларускіх спартоўцаў? Хто вінаваты, што ў бальшыні дысцыплінаў няма вынікаў? Чаму беларускія спартовыя функцыянэры загадзя акрэсьліваюць нашае сьціплае месца на Алімпійскіх гульнях у Кітаі? На гэтыя ды іншыя пытаньні шукаюць адказы трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер ПАРФЯНОВІЧ і спартовы тэлекамэнтатар Аляксандар ПУЦІЛА.


Карней: “Каб не зацягваць інтрыгу, якія падзеі з удзелам беларускіх спартоўцаў сёлета можна аднесьці ў актыў, а якія — у пасіў спартовага жыцьця? Папрашу адразу адказаць Аляксандра Пуцілу, які, паводле сваёй прафэсіі, штодня сутыкаецца са спартовымі навінамі, аналізуе іх...”

Пуціла: “Першая перамога сёлета для беларусаў прыйшла на чэмпіянаце сьвету ў лыжным спорце, калі 19-гадовы магілёвец Леанід Карніенка выйграў срэбны мэдаль — гэта найвышэйшае дасягненьне ў гісторыі беларускіх лыжаў. Праўда, ужо агульна вядома, што гэта здарылася досыць выпадкова, бо ў фаварытаў пачаліся праблемы з надвор’ем, а Карніенка пасьпеў стартаваць, яшчэ калі стаяла пагода.

Таксама я адзначыў бы посьпех лёгкаатлетаў — Івана Ціхана і Надзеі Астапчук — на чэмпіянаце сьвету ў японскім горадзе Осака. Упершыню ў гісторыі беларускага паруснага спорту стала чэмпіёнкай сьвету Тацяна Драздоўская. Яна доўга ішла да гэтай узнагароды і стала чэмпіёнкай сьвету не выпадкова. Яшчэ ўзгадаю перамогу Юліі Бічэк і Натальлі Гелах: у Мюнхэне на чэмпіянаце сьвету ў акадэмічным веславаньні яны ўпершыню сталі прызёрамі спаборніцтваў.


Пераведзеная ў “немкі” Карстэн застаецца беларускім алмазам

Але самым вялікім дасягненьнем беларускага спорту я лічу посьпехі вясьляркі Кацярыны Карстэн, якая працягвае прыемна зьдзіўляць нас, хоць і перабралася на стала ў Нямеччыну. Зь іншых перамог гэтага году адзначу цяжкаатлета Андрэя Арамнага, ён таксама выйграў на чэмпіянаце сьвету. Гэта дэбютант спаборніцтваў такога высокага ўзроўню, ён яшчэ юніёр, 19 гадоў яму.

Але ўсё ж вернемся да таго, што плыўцы, біятляністы, футбалісты, хакеісты, тэнісісты — усё гэта засталося на ранейшым узроўні. І ў цэлым карціна беларускага спорту больш яскравай не стала, я так лічу. Нейкіх адметных і хуткіх рухаў наперад не было, і нейкага вялікага патэнцыялу ў чымсьці ў нас пакуль не зьявілася. Па-ранейшаму выступаем так: калі атрымаецца — ёсьць мэдаль, а не — то й ня трэба. Карацей кажучы, не стабільна”.

Карней: “Уладзімер Уладзімеравіч, а як з вашага гледзішча можна выбудаваць “гіт-парад” рэкордаў ці, наадварот, антыдасягненьняў у беларускім спорце?”

Парфяновіч: “Думаю, найвялікшае “дасягненьне” , якое мела месца сёлета ў беларускім спорце, — прысваеньне званьня “Заслужаных майстроў спорту Рэспублікі Беларусь” хакеістам”.

Пуціла: “Хакеістам клюба “Юнацтва”, а ня зборнай, як шмат хто мог палічыць...”

Парфяновіч: “Так-так. Я размаўляў з многімі заслужанымі майстрамі, і большага “дасягненьня” ў беларускім спорце ў гэтым годзе не было. Бо апусьцілі званьне ніжэй за плінтус. Уганаравалі за ўдзел у рэспубліканскім і клюбным турнірах. Першынства двара. Гэта вельмі дрэнна.

Карней:
“Чаму вы такі катэгарычны?”

Парфяновіч: “Усе алімпійскія чэмпіёны абураюцца. Кажуць, мы працавалі, мы біліся на алімпійскіх гульнях і атрымалі гэтае высокае званьне. А ім за што?”

Карней: “Можа, і так. Але, мне падаецца, у пераліку заўважных падзеяў мы прапусьцілі баскетбол...”

Пуціла: “Так, жаночая зборная баскетбалістак выступіла вельмі добра на чэмпіянаце Эўропы ў Італіі, стаўшы трэцім прызёрам. Ня ведаю, магчыма, гэта і не выпадковасьць, бо дзяўчаты сапраўды вельмі моцна выглядалі. Прыяжджаў, дарэчы, у Менск днямі Генэральны сакратар FIBA Эўропы Нар Заналін. Паводле пашпарту італьянец, нарадзіўся ў Канадзе, а ў трэцім пакаленьні, як ён сам расказваў, мае родных — беларусаў.

Наведаў нашыя залі, дзе праходзіць чэмпіянат Беларусі, — пабываў у БНТУ і “Гарызонце”. Натуральна, зьдзівіўся: залі цёмныя, сьцены старыя, абшарпаныя, шыбы таксама няновыя. Але ён сказаў, што гэта ня самая горшая заля, якую ён бачыў. Перад гэтым быў у Грузіі, у Альбаніі, Малдове, — маўляў, у вас яшчэ ня самае запусьценьне. З улікам таго, што ў тых краінах таксама няма баскетбольных посьпехаў, то аналёгіі ня самыя прыемныя. Ва ўсялякім разе, ён сказаў, што будзе дапамагаць нам”.


Этнічны беларус падзівіўся на беларускі баскетбол
Вы ведаеце, у чым праблемы ў баскетболе? Мацнейшыя беларускі гуляюць за межамі краіны

Парфяновіч: “Вы ведаеце, у чым праблемы ў баскетболе. Як, зрэшты, і ў астатніх гульнёвых відах? Мацнейшыя беларускі гуляюць за межамі краіны. І разам зьбіраюцца на чэмпіянатах. І гэта праблема”.

Пуціла: “Магу ўдакладніць, што ў зборнай толькі адна ўдзельніца чэмпіянату Беларусі была...”

Парфяновіч: “У фэдэрацыі гэта вельмі добра ведаюць, таму чэмпіянат краіны павінен быць зусім іншага ўзроўню”.

Пуціла: “Ну, прэзыдэнт падпісаў указ ня толькі пра хакей, за хакеем пайшлі баскетбол, гандбол і валейбол...”

Парфяновіч: “А наступныя віды?”

Пуціла: “Аб’ектыўна гульнёвыя віды пакуль самыя відовішчныя...”

Парфяновіч:
“Але ж запытваюць за мэдалі на чэмпіянатах сьвету і Алімпіядах з усіх. А колькі дадаць гульнёвыя відаў? Адзін ад сілы?”

Пуціла:
“Паводле неафіцыйнай інфармацыі, нашым чыноўнікам ня вельмі і радасна, калі каманда трапляе на Алімпійскія гульні. Бо павесьці ўсю каманду — гэта вялізныя выдаткі. Быў шанец трапіць на Алімпійскія гульні ў жаночай каманды па хакеі на траве, але калі зборная “праляцела”, то ў Міністэрстве спорту ўздыхнулі з палёгкай. Бо везьці каманду з-за аднаго мэдаля, як Вы кажаце? А яго ж яшчэ заваяваць трэба”.

Парфяновіч:
“Дый тут не з-за мэдаля, а за ўдзел у спаборніцтвах. Але адну праблему ня бачаць і ня хочуць бачыць нашы чыноўнікі. Калі б мы павезьлі каманду, колькі спартоўцаў убачылі б Алімпійскія гульні і колькі крокаў наперад зрабіла б гэтая фэдэрацыя, гэты від спорту! А калі не павязем — дык і кроку наперад ня будзе”.

Пуціла:
“Нашы трэнэры возяць спартоўцаў, у тым ліку, ведаю, па лёгкай атлетыцы. Часам прызнаюцца шчыра: спартовец не гатовы да выступу. Аднак калі чалавек едзе на чэмпіянат сьвету ці Эўропы, то трэнэр атрымлівае дадатковыя фінансы. Мне так, прынамсі, казалі”.

Парфяновіч: “Ня ў гэтым справа. Што тычыцца трэнэра, няхай ён грошы атрымлівае. Нашыя трэнэры сёньня вельмі мала атрымліваюць. Асабліва тыя, якія працуюць з малымі дзецьмі...”

Пуціла:
“З малымі — адно, а калі ён працуе са спартоўцам высокага ўзроўню, як лічыцца, і ведае, што чалавек не гатовы, але ўсё роўна...”


Алімпійскія гульні — права ўсіх туды клясыфікаваных

Парфяновіч: “Спартовец, які мае права выступіць на Алімпійскіх гульнях, павінен там выступаць. Зойме ён там 10-е, 20-е месца — ня гэта галоўнае. Важна тое, каб ён паказаў свой найлепшы вынік”.
"Грошай няма”, — кажуць. А калі на хакей і на футбол ідзе каштарыс такі, як на ўсе віды разам узятыя

Пуціла: “Калі выканаў кваліфікацыйны алімпійскі нарматыў, то, зразумела, ён павінен туды ехаць”.

Парфяновіч: “Калі хто хоча, каб у краіне разьвіваўся спорт, дык павязе таго спартоўца. А ня так, як гэта адбываецца ў некаторых краінах”.

Карней:
“Дык а чаму ўсё ж у Беларусі абмяжоўваюць удзельнікаў Алімпіядаў?”

Парфяновіч: “Грошай няма”, — кажуць. А калі на хакей і на футбол ідзе каштарыс такі, як на ўсе віды разам узятыя, то пра што казаць?”

Пуціла: “Футболу і без таго дапамагае FIFA, UEFA...”

Парфяновіч: “Тая дапамога — гэта сьлёзы. А тое, колькі дапамагае дзяржава — вось гэта паказьнік”.

Карней:
“Ужо згадвалі, што многія беларускія спартоўцы выступаюць за межамі краіны. Але ўзьнікае яшчэ адно актуальнае пытаньне — стаўка на замежных спэцыялістаў, якіх у Беларусь пачалі ўсё больш прыцягваць. Аднак калі супрацоўніцтва Глэна Хэнлана з хакейнай камандай збольшага парадавала...”

Парфяновіч: “Што ж ён такога выдатнага ўчыніў?”

Пуціла:
“Найвышэйшае месца на чэмпіянаце сьвету зь ім узялі — шостае...”

Карней: “...у кожным разе, пасьля таго як на яго месца прыйшоў Курт Фрэйзэр, каманда ўвогуле нічога асаблівага не паказвае. У футболе з Бэрндам Штанге, падаецца, прамашка выйшла. Тое ж тычыцца і біятлённай каманды, зь якой працуе расейскі спэцыяліст. Якая павінна быць матывацыя, каб запрашаць трэнэраў, якія не заўсёды добрасумленна адпрацоўваюць свае немалыя заробкі?”

Парфяновіч: “А навошта яны патрэбныя? Калі няма сваёй школы, то запрашай каго заўгодна — нічога гэты спэцыяліст ня зробіць. Павінна быць свая школа, у тым ліку і трэнэрская. Родная беларуская школа. Людзі прыяжджаюць зь іншай падрыхтоўкай, а гэта зусім іншае. Мы павінны сваіх спэцыялістаў рыхтаваць, пасылаць іх на вучобу. Каб яны там пераймалі вопыт”.


Трэнэр бяз веданьня мовы — цалкам дзеяздольны?

Пуціла: “У нас звычайна адзін адказ: мы ня можам трэнэраў паслаць, бо ніхто зь іх ня ведае іншаземнай мовы, у прыватнасьці ангельскай. І вучыць асаблівага жаданьня ня мае”.

Парфяновіч: “Навошта тая мова? Любы спэцыяліст вачыма бачыць, што робяць на трэніроўцы спартоўцы іншай краіны. Там мова не патрэбная. Каб толькі пусьцілі паглядзець, далі зірнуць”.

Карней: “Як у тым выпадку з Алімпіядай — каб пабывалі, адчулі настрой”.

Парфяновіч: “Алімпіяда — гэта рыса, якая падводзіцца пад чатырохгодзьдзем. І толькі для спартоўца і трэнэра, якія прыйшлі на Алімпіяду, каб дасягнуць выдатнага выніку. А як гэты вынік зьяўляўся — вось над чым мы павінны працаваць”.

Карней: “І вы прыхільнік таго, каб арганізоўваць такія курсы для трэнэраў за мяжой?”

Парфяновіч: “І ў нас павінны гэта рабіць, і за мяжу дасылаць. Але запрашаць іншаземцаў — гэта ня наш шлях. Беларусь заўсёды славілася сваёй школай, сваімі кадрамі. Таму павінны свае кадры рыхтаваць”.

Карней:
“Неяк параўноўвалі заробкі, якія атрымліваюць трэнэры запрошаныя і мясцовыя, дык розьніца атрымліваецца разоў у восем. Заробак згаданага Штанге — 35 тысяч эўра штомесяц”.
Чэмпіёнам Алімпійскіх гульняў абяцаюць кватэры, а потым, колькі ўжо сутыкаўся з гэтым, калі ўзнагарода атрымана, адшукваюць магчымасьці перайграць — маўляў, у цябе ўжо ёсьць кватэры

Парфяновіч: “Пра гэта таксама трэба казаць. За якія заслугі? Калі папярэдні беларускі галоўны трэнэр атрымліваў 8 тысяч даляраў. Ці ён дасягне вынікаў за кошт заробку? Я б прапанаваў такую ідэю: няхай яму будзе 35 тысяч. Але толькі тады, калі ён дасягне жаданага выніку. А дагэтуль атрымлівае таксама 8 тысяч. Вось калі дасягнуў выніку — атрымай 35 тысяч. Калі не — дык і не.

Таксама і са спартоўцам, з трэнэрамі, зь беларускімі ў тым ліку, таксама павінны падпісвацца падобныя кантракты. Як толькі дасягаеш свайго выніку — ты атрымліваеш усю суму. Калі не — дык і не. І гэта будзе вельмі добры стымул. Ты будзеш сёньня атрымліваць 1 тысячу, а ў цябе ў кантракце будзе 10 тысяч. І калі ты зробіш, то за ўвесь пэрыяд атрымаеш усе 10 тысяч. А калі ня зробіш — “до відзэня”, як палякі кажуць”.

Пуціла: “У нас бывае і іншая рэч: калі чэмпіёнам Алімпійскіх гульняў абяцаюць кватэры, а потым, колькі ўжо сутыкаўся з гэтым, калі ўзнагарода атрымана, адшукваюць магчымасьці перайграць — маўляў, у цябе ўжо ёсьць кватэры і г.д. Карацей кажучы, ня так проста атрымаць тое, што нават абяцаюць”.

Парфяновіч: “У краіне абяцаюць шмат што... Вы ведаеце, як мой бацька кажа? Вось гляджу Беларускае тэлебачаньне — усё цудоўна, усё добра. Адкрываю лядоўню — нічога няма. Чаму нельга падключыць лядоўню да тэлевізара?”

Пуціла: “Два словы хацелася б сказаць наконт адміністратыўнага рэсурсу...”


Хто з чыноўнікаў лабіруе беларускі спорт?


Карней:
“Так, сапраўды хацелася б высьветліць адно пытаньне: прызначэньне на пасады кіраўнікоў фэдэрацыяў высокіх чыноўнікаў — ці апраўдвае яно спадзяваньні, што пры сваіх пасадах ды сувязях яны нібыта змогуць лабіраваць інтарэсы асобна ўзятай дысцыпліны?”

Парфяновіч: “Яны і лабіруюць. Добра лабіруе Пётра Пракаповіч акадэмічнае веславаньне. Можа, ён і любіць гэты від, але, можа, яму навязалі такую “любоў”. Маўляў, ідзі ты туды і займайся гэтым. Калі Ўладзімеру Канаплёву далі гандбол, а ён хацеў бы займацца футболам, то так ня трэба рабіць”.

Пуціла: “Я бачыў жах у вачох гандбалістаў, калі Ўладзімер Мікалаевіч раптам захварэў і рабіў апэрацыю, калі ён зьнік на пару месяцаў Людзі ў шоку былі: а ці будзе ён надалей? Ці вернецца ён? А што з нашым гандболам далей будзе?”

Парфяновіч: “Ды не з гандболам, а з грашыма, якія ён разьмяркоўвае”.

Пуціла:
“Але, напэўна, іх сапраўды не хапала ў ранейшых старшыняў, бракавала ў кіраўнікоў фэдэрацыі футболу адміністратыўнага рэсурсу. Чаму раней гандбол быў у заняпадзе, хоць у савецкія часы, у 1980-х, былі ў нас посьпехі... Але зараз і Сяргей Гарбок, які паддаўся на ўгаворы Ўладзімера Канаплёва, і іншыя легіянэры, як Віталь Федчанка, галкіпэр, прыехалі ў Беларусь, каб выступаць за Беларусь.

А тут раптам нават сам Канаплёў ня ведае — будзе ён надалей узначальваць фэдэрацыю ці не? Вось, прыкладам, у біятлёне пасада пераходзіць у спадчыну, ня трэба нават выбіраць. Праўда, даволі хутка зьмяняюцца старшыні Камітэту дзяржбясьпекі — Мацкевіч, Ерын, Сухарэнка, цяпер вось Жадобін...”

Парфяновіч:
“Жадобіна няўжо прызначылі?”

Пуціла:
“Не, ён яшчэ не прызначаны на пасаду. Але ня ведаю, ці будзе яшчэ зьбірацца нейкая справаздачна-выбарная канфэрэнцыя, ці яна не патрэбна”.

Парфяновіч:
“Калі каманда з адміністрацыі прэзыдэнта паступіць, то і зьбяруцца”.

Пуціла: “Я, карацей, супраць таго, каб прызначаліся на такія пасады чыноўнікі”.

Парфяновіч: “Я таксама супраць, бо выніку гэта не дае ніякага”.


Ці падасьць работнік МАЗу на разьвіцьцё біятлёну?

Карней: “То бок, выбіць грошы пад канкрэтны від спорту ўсё роўна складана?”

Парфяновіч: “А ў каго “выбіць грошы”? У рабочага трактарнага заводу? Ці МАЗу, ці БелАЗу? Вы да яго прыйдзеце і скажаце — дай грошы на мой від спорту, а то я на цябе (тук-тук) падатковую нацкую?”

Карней: “Ці можна ўвогуле закладаць у бюджэт выдаткі на канкрэтны від спорту?”

Парфяновіч: “Ёсьць бюджэт спорту, зь яго і трэба сыходзіць. А хто лабіруе, займаецца гэтым, мы павінны трымаць яго трошачкі пад пазногцем. Бо ўсе разумеюць так: хто бліжэй да цела, той і атрымае болей грошай. Калі правадыр сёньняшні займаецца хакеем, дык хакей сёньня, так скажам, партыйны від, як колісь у Савецкім Саюзе. А калі б ён захапляўся іншым відам? Што тады чакаць трэба было? Так не павінна быць!”

Пуціла: “Я чуў, што ў Магілёве будзе будавацца другі лядовы палац, бо першы ўжо нібыта не зьмяшчае ўсіх ахвотных”.

Парфяновіч: “Вы ведаеце, у чым насамрэч справа, калі браць агульна, маштабна? Клімат на плянэце цяплее, а чым больш каткоў — тым халадней”. (Усе сьмяюцца.)

Карней: “Сапраўды, нарэшце апошні пункт. У Беларусі цяперашнім часам узводзіцца нямала спартовых аб’ектаў, якія намінальна павінны спрыяць росту майстэрства беларусаў у камандных і індывідуальных спаборніцтвах. Гэта ўжо і тысячу разоў згаданыя лядовыя палацы, і горналыжныя цэнтры, і нават вясьлярны канал. На падыходзе шматфункцыянальная “Мінск-Арэна”, якая прытуліць усіх, хто яшчэ застаўся за кадрам. Але ж вынікаў — ня так шмат, як таго чакаюць...”

Парфяновіч: “Вы праедзьце па вясьлярных базах. Што будуецца? У нас хлявы! Нічога не зрабілі, толькі ў Гомелі пабудавалі”.

Пуціла: “А ў Берасьці?”

Парфяновіч: “А што ў Берасьці? Хто там будзе займацца? У тым жа Берасьці недалёка ад канала ёсьць база так званая. Хлеў стаіць. Адно — хлеў, дзе дзеткі займаюцца, а другое — “Шэратон”, куды калісьці хтосьці прыедзе. Хто туды прыедзе? Колькі ўклалі ў канал! Нібыта 10 мільёнаў даляраў. Дык мы за 10 мільёнаў даляраў усю краіну перабудавалі б.

І гэта тычыцца той жа лёгкай атлетыкі, цяжкой атлетыкі. Што зрабілі для іх? Ну, пабудавалі манэж. А што зрабілі для цяжкой? Як трэніраваліся ў сутарэньні, так і трэніруюцца. А для хакею што зрабілі? Дакладней, якія вынікі? Зрабілі тое, каб нашы легіянэры выяжджалі часьцей за мяжу і зараблялі часьцей грошы. Вось што зрабілі і што робіцца”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG