Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беспрацоўя нібыта няма, а добрую працу ня знойдзеш...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”

Апазыцыя і грамадзтва, апазыцыя і ўлада…Пра ўзаемадачыненьні паміж імі разважаюць у сваіх лістах многія слухачы Свабоды.

Наш слухач Васіль Шахновіч зь Менску лічыць, што ў шмат якіх праблемах, зь якімі сутыкаецца беларускае грамадзтва, вінавата менавіта апазыцыя. Спадар Шахновіч піша:

“Шкада мне нашу апазыцыю. Колькі яна ні пнецца — нічога не атрымліваецца. Няма там асобы, роўнай па таленту Лукашэнку. Ён вунь як лоўка схапіў уладу. І моцна яе трымае, ужо чатырнаццаты год з рук не выпускае.

А апазыцыянэры толькі грызуцца паміж сабой. У БНФ партфэлі пачалі дзяліць. І сьмех, і грэх: дзеляць тое, чаго няма.

Знайшоўся б зараз у апазыцыі свой Лукашэнка — напэўна, усё ў нас было б па-іншаму. Народ, па праўдзе кажучы, ужо стаміўся ад гэтай улады. Хацелася б нейкіх зьменаў.

Беспрацоўя ў нас нібыта няма, а добрую працу, дзе б нармальна плацілі, ня знойдзеш. Медыцына нібыта бясплатная, а да добрага доктара на прыём бяз грошай ня трапіш. Абвешчана сацыяльная роўнасьць і справядлівасьць, а ў сапраўднасьці багата жывуць толькі чыноўнікі. Ім — палацы і бясплатныя кватэры, а просты народ туліцца ў цеснаце.

Як, напрыклад, у мяне: на тры сям’і — адна кватэра. І ніякіх пэрспэктываў нешта набыць, бо цэны на жыльлё ў Менску ніяк не суадносяцца з нашымі заробкамі.

Хочацца жыць, як людзі, мець хоць бы той дастатак, які маюць у Польшчы. А пры Лукашэнку ж мы гэтага мець ня будзем. Няўжо апазыцыянэры ня здольныя згуртавацца так, каб вылучыць са свайго асяродзьдзя сапраўднага лідэра, роўнага Лукашэнку?”
— пытаецца ў сваім лісьце на Свабоду Васіль Шахновіч зь Менску.

Моцны палітычны лідэр, вядомы ўсёй нацыі, зьяўляецца не тады, калі гэтага хочацца апазыцыі, а калі для гэтага існуюць адпаведныя ўмовы. Хто на пачатку 90-х гадоў ведаў Аляксандра Лукашэнку? І ці здабыў бы ён тады агульнанацыянальную папулярнасьць, калі б не шматгадзінныя трансьляцыі з залі паседжаньняў Вярхоўнага Савету, разьняволенасьць тагачаснай прэсы, шырокі доступ да тэлебачаньня падчас выбарчай кампаніі 1994 году?

Іншая справа, што, выкарыстаўшы ўсе тыя магчымасьці, Аляксандар Лукашэнка, відавочна, зрабіў са свайго досьведу адпаведныя высновы: ягоныя палітычныя супернікі ні ў 2001, ні ў 2006 такіх умоў не атрымалі. А яркі палітычны лідэр Аляксандар Казулін, які падчас апошняй выбарчай кампаніі імкліва набіраў папулярнасьць, урэшце ўвогуле апынуўся ў турме.

Наш слухач Марк Саньнікаў з Добрушу паведамляе, што ліст на Свабоду напісаў на просьбу свайго 80-гадовага дзеда Сямёна Маркавіча.

“Апошнія некалькі год найлепшым сябрам дзеду стаў старэнькі радыёпрыймач “Акіян-205” яшчэ савецкай вытворчасьці, а празь яго — Радыё Свабода. Штодня, пачынаючы з 18 гадзіны, для яго перастаюць існаваць іншыя крыніцы інфармацыі, і асабліва — прывідны сьвет дзяржаўнай прапаганды.Напэўна, толькі гэта і трымае яшчэ яго на гэтым сьвеце. Надта хочацца старому даведацца, чым жа скончыцца экспэрымэнт над цэлым народам у цэнтры Эўропы.

Ён часта ўспамінае савецкі час, калі ягоны сусед здаў дзяржаве трохгадовага быка і атрымаў за гэта цэлую тысячу рублёў. За многія гады гэткім чынам ён назьбіраў прыстойныя па тым часе грошы — на бязьбедную старасьць. Але надышла перабудова, усе ашчадкі прапалі, а стары заўчасна сышоў у магілу, не перажыўшы падману.

Дзед кажа, што ў 1994 годзе яму і такім, як ён, нібы хто ружовыя акуляры на вочы надзеў. Але ўсё жыцьцё ў гэтых акулярах не праходзіш. Адносна цяперашняй апазыцыі ў яго таксама ёсьць меркаваньне. Мець такую апазыцыю — мара любога валадара. Пры ёй прэзыдэнт можа спаць спакойна. І навошта ім было аб’ядноўвацца, каб потым насьмяшыць увесь сьвет сваім разводам?

Ня ведаю, што адказаць дзеду адносна амэрыканскай дэмакратыі, дзе канстытуцыя не перапісваецца пад пэўную асобу, а пасьля прэзыдэнцкіх выбараў пераможцы ня кідаюць апанэнтаў у турму. Немагчыма не пагадзіцца зь дзедам і ў тым, што на нашых цесных кухнях кіпяць гарачыя баталіі абуранага народу, але плошчы нават пры такім абурэньні ўсё роўна бязьлюдныя”,
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Марк Саньнікаў з Добрушу.

Амэрыканскаму грамадзтву дэмакратыя не сама звалілася на галаву: народ Злучаных Штатаў у свой час заплаціў за яе немалую цану. Напэўна, сваю цану павінна заплаціць і беларускае грамадзтва. Прынамсі, пратэстуючы толькі на ўласных кухнях, зьменаў у краіне можна і не дачакацца.

Ліст ад нашага сябра Кастуся Сырэля з Вушачаў, які прапануе слухачам Свабоды крыху пасьмяяцца зь некаторых рэальных падзеяў жыцьця, удзельнікам якіх быў ён сам або пра якія чуў. Пры гэтым Кастусь заўважае: “Ні слова маны ў маіх нататках няма, толькі зусім крышачку гратэску”. У сваім лісьце слухач піша:

“Жыцьцё наша апошнім часам зрабілася, як кажа сучасная моладзь, хоць і не зусім клёвае, але затое прыкольнае. Яно, як было й пры Савецкім Саюзе, складаецца з “кампаній”, якія зьмяняюць адна адну.

Вось, напрыклад, была антыалькагольная кампанія. Безумоўна, моладзь яе ня памятае. Але сталейшыя людзі ведаюць, як пры Гарбачове ў Малдавіі ды іншых рэспубліках павысякалі вінаграднікі — быццам чароўная, напоеная сонцам ягада вінаватая ў тым, што сьлесар-сантэхнік Васька (Мішка, Пецька) з палучкі гэдак натхніўся “белым моцным”, што ачуняў толькі на трэці дзень у выцьвярэзьніку без капейкі ў кішэні.

А ўспомніце безалькагольныя вясельлі! Мне пашчасьціла не прысутнічаць на такіх, а вось безалькагольны навагодні “агеньчык” давялося сьвяткаваць у адным дружным калектыве. На сталах не было ніводнай бутэлькі. Затое гарбата, якую разьлівалі з халодных чайнікаў, была нішто сабе, асабліва пад селядзец з гарачай бульбай. Дзеля кансьпірацыі (калі раптам якое начальства наляціць) на сталах стаяла і звычайная, “гарбатная” гарбата. Праўда, бяз цукру, дый заваркі вельмі мала было пакладзена — навошта грошы дарма трынькаць. Дзеля той жа кансьпірацыі калектыў арандаваў памяшканьне не ў саміх Вушачах, а выбраў саўгасную сталоўку ў вёсцы Арэхаўна, за пяць кілямэтраў ад райцэнтру.

А ўзяць цяперашнюю “кампанію” па росьце развалу адраджэньня сяла разам з прэзыдэнцкімі дамкамі. У адной вёсцы будавалі такі церам-церамок, ды вось толькі пачалі дзьверы падганяць, што з панадворку, а сьцены ўзялі дый паваліліся і страхой накрыліся. Уся вёска рагатала да ўпаду. Хіба ж гэта не прыкольна?”

Напрыканцы ліста Кастусь Сырэль прапануе і іншым слухачам Свабоды напісаць пра кур’ёзныя і сьмешныя выпадкі з жыцьця. “Я б з задавальненьнем паслухаў ці пачытаў пра гэта на сайце Свабоды, — піша Кастусь. — Мяркую, што не адзін я. Нават кніжку з такіх лістоў у бібліятэцы Свабоды можна было б скласьці”.

Дзякуй, спадар Сырэль, за цікавую прапанову. Спадзяемся, нашы слухачы на яе адгукнуцца.

Згаданая Вамі антыалькагольная кампанія сярэдзіны 80 гадоў запомнілася шмат каму. Я ў той час працаваў у шчучынскай раённай газэце. Аднаго разу рэдактар паслаў мяне асьвятляць першае ў раёне безалькагольнае камсамольскае вясельле. Маладыя — дзеці мясцовых начальнікаў. Дзеля такой нагоды да арганізацыі далучыліся райкам камсамолу і райвыканкам. Вясельле ў рэстаране райцэнтру атрымалася кароткім і ня надта вясёлым. Тамада па старой завядзёнцы заклікаў: “Піце, госьці дарагія, піце”, але газаваныя напоі “Тархун” і “Бураціна” госьці пілі ня надта ахвотна.

На другі дзень вясельле працягвалася ў другім месцы, на беразе Нёмана — ужо без райкаму камсамолу і карэспандэнтаў раённай газэты, затое з зусім іншым сьпісам напояў. Але падрабязнасьці добрыя людзі ў газэту паведамілі, і я сумленна пераказаў іх у сваім рэпартажы пад двухсэнсоўнай назвай “Пачатак і канец традыцыі”. Мудры і паблажлівы рэдактар Абрам Данілавіч Змудзяк у той вечар доўга размаўляў са мной, учорашнім выпускніком журфаку, пра складаныя ўзаемазалежнасьці і ўзаемаўплывы ў асяродзьдзі раённай намэнклятуры. І ў выніку рэпартаж назаўтра выйшаў без абзаца пра другі дзень вясельля на беразе Нёмана. Праўда, двухсэнсоўны загаловак рэдактар пакінуў бязь зьменаў.

На заканчэньне — фрагмэнт зь ліста былога афіцэра Міколы Канаховіча з Пружанаў — на тэму русыфікацыі ў Беларусі. Слухач піша:

“Сёньня Беларусь — гэта суцэльны расейскі лягер для палонных, ва ўсіх адносінах — ад кнігі ў бібліятэцы да найвышэйшых дзяржаўных структураў. Усё русыфікавана, усё падпарадкавана Расеі. Пры гэтым усе прарасейскія палітыкі, чыноўнікі, інтэлігенцыя, а таксама ўся чэрнь не разумеюць, што Расеі яны патрэбныя толькі як гарматнае мяса, працоўная сіла ў Сібіры. Наша тэрыторыя для іх — як палігон. Неўзабаве ў Беларусь вернецца і ядравая зброя Расеі, бо нам Чарнобылю мала. Віват, “дэмакраты”! — напісаў у сваім лісьце на Свабоду Мікола Канаховіч з Пружанаў.

Галоўная прычына русыфікацыі — не за межамі Беларусі, а ўнутры яе, унутры самога беларускага грамадзтва, спадар Канаховіч, — пра гэта ня раз даводзілася гаварыць, камэнтуючы Вашыя прасякнутыя беларускім патрыятызмам лісты. Праблема гэтая вялікая, даўняя і цяжкавырашальная. А што да вяртаньня ядравай зброі на беларускую тэрыторыю, то на сёньня яно выглядае малаверагодным. Бязьядравы статус Беларусі замацаваны ў многіх міжнародных пагадненьнях, а ігнараваньне іх мела б для Беларусі і Расеі вельмі сур’ёзныя наступствы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG