Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму прадпрымальнікі баяцца Ўказу №760?


1 студзеня пачынае дзейнічаць прэзыдэнцкі ўказ №760, згодна зь якім права выкарыстоўваць наёмную працу застанецца толькі ў юрыдычных асобаў.


Стаць юрыдычнай асобай у выглядзе прыватнага ўнітарнага прадпрыемства нават на льготных умовах не пажадалі больш за 90% індывідуальных прадпрымальнікаў. Разам з тым, колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў расьце. Толькі ў Менску штомесяц рэгіструецца каля тысячы новых індывідуалаў.
Прадпрымальнік і юрыст Сяргей Балыкін, які нядаўна сам перарэгістраваўся ў юрыдычную асобу на льготных умовах, заплаціў за ўсё каля 20 тысяч беларускіх рублёў – выдаткі на паперу і пячатку:
“У прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы ніхто нікога не заганяе. Былі створаныя льготныя ўмовы, каб індывідуальныя прадпрымальнікі рэгістравалі прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. І гэта не каштуе нічога. Гэта, як кажуць, на халяву”.
Карэспандэнтка: “А чаму такі лямант?”
“Прымушаюць ствараць юрыдычныя асобы ўвогуле: створыць ён прыватнае ўнітарнае прадпрыемства, таварыства з абмежаванай адказнасьцю, ці таварыства з дадатковай адказнасьцю, ці акцыянэрнае таварыства, ці вытворчы каапэратыў – ніякай розьніцы тут няма. З 1 студзеня 2008 года будзе забарона выкарыстоўваць наёмную працу (за выключэньнем працы сваякоў).
Нельга мець наёмных работнікаў
Намесьнік дырэктара Дэпартамэнту прадпрымальніцкай дзейнасьці Міністэрства эканомікі Яўген Сямёнаў ня раз вёў перамовы з прадпрымальнікамі:
Мельнікаў: “Яны баяцца наступнага: у межах юрыдычных асобаў ім трэба праводзіць ў вызначаным парадку ўвоз тавараў па дакумэнтах і з мытным афармленьнем. А з дакумэнтамі, на жаль, у Расеі для малых партыяў тавараў ёсьць пэўныя складанасьці. І асноўнае пытаньне, канечне, гэта забарона выкарыстоўваць наёмных работнікаў, за выключэньнем сваякоў. Поўная няяснасьць, колькі іх працуе”.
Шэры імпарт закупаецца ў Расеі без дакумэнтаў за гатоўку
Калі прадпрымальнік аказвае паслугі ці займаецца продажам беларускай прадукцыі, праблем няма. У яго ёсьць усе дакумэнты на свой тавар, ён карыстаецца спрошчанай сыстэмай падаткаабкладаньня. А вось калі прадпрымальнік займаецца гандлем імпартнай прадукцыі, тлумачыць Сяргей Балыкін:
“На гэту прадукцыю яму патрэбны паперы, накладныя, яму патрэбныя безнаяўныя разьлікі. Але ж нашы прадпрымальнікі, якія закупляюць “шэры імпарт” у Маскве, на Чаркізаўскім рынку, яны ж ніякіх папераў там не атрымліваюць. І калі ўсіх перавесьці ў юрыдычныя асобы, гэтыя людзі ня змогуць гандляваць”.
Прадпрымальнік Мікалай Рамашын, які мае два шапікі на адным з менскіх рынкаў, не хавае, што вязе тавар з Масквы, закупляе невялікія партыі на расейскіх рынках і плаціць гатоўкай, а не па безнаяўным разьліку, як гэта павінна рабіць юрыдычная асоба:
“Як я магу перавесьці суму за тавар у Расейскую Фэдэрацыю на Чаркізаўскі рынак, шэраг 7, сэктар 8, месца 25, грамадзянцы Івановай? Значыць, у мяне павінна быць дамова аб зьнешнеэканамічнай дзейнасьці, і мне трэба будзе адкрыць валютны рахунак”.
Да таго ж, кажа прадпрымальнік Мікалай Рамашын, каб перарэгістравацца ў юрыдычную асобу і наймаць прадаўцоў на законным умовах, яму трэба будзе зьняць офіс, мець бугальтара, афармляць шмат папер і дакумэнтаў:
“На два месца, груба кажучы, на 4 квадратных мэтры, дзе прыбытак складае 500 даляраў у месяц, трэба мець офіс. Другое – 25 відаў падаткаў у юрыдычных асобаў”.
Аляксандар Патупа: “Асяродак супраціўляецца, як можа”
Таму зараз сваіх прадаўцоў індывідуальныя прадпрымальнікі рэгіструюць таксама індывідуаламі, і яшчэ год яны могуць працаваць. Аляксандар Патупа, які 7 гадоў быў старшынём Беларускага Саюзу прадпрымальнікаў, кажа:
“Асяродак супраціўляецца, як можа. Але крытычным будзе 2008 год. Да канца 2008 года зьбіраюцца наагул усе льготы забраць у ІП, незалежна ад таго, зь якой колькасьцю людзей яны працуюць”.
Прадпрымальнік Мікалай Рамашын не хавае, што многія ягоныя калегі паступаюць такім жа чынам, каб яшчэ хоць год пратрымацца:
“Так, пераафармляем месцы на сваіх прадаўцоў. Таму што мы не разглядаем прадаўцоў як наёмных асобаў. Зразумейце правільна: прадаўцом ня возьмеш чужога, з вуліцы. Возьмеш толькі такога, якому можна даверыць тавар. І я бяру чалавека, якому давяраю. У нас прадавец – гэта бліжэй за сваяка”.
“Нарматыўны акт падпісаны прэзыдэнтам. Пакуль усё застанецца так”
10 сьнежня прадпрымальнікі правялі мітынг і ўручылі сваю рэзалюцыю дэпутатам. Тыя абяцалі разабрацца і паўплываць на ўрад. А вось намесьнік дырэктара Дэпартамэнту прадпрымальніцкай дзейнасьці Міністэрства эканомікі Яўген Сямёнаў выказаўся так:
“Вы ж разумееце, гэта не ўрадавыя ўказы. Нарматыўны акт падпісаны прэзыдэнтам. Пакуль усё застаецца так. Што будзе далей – паглядзім”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG