Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Савеце Рэспублікі зацьвердзілі папраўкі да Крымінальнага кодэксу аднагалосна і без дыскусіі (абноўлены)


Валер Каліноўскі, Менск Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу зацьвердзіў папраўкі да Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў. “За” выказаліся ўсе 47 сэнатараў, галасоў “супраць” не было. На мінулым тыдні гэтыя папраўкі, унесеныя А.Лукашэнкам, ухваліла Палата прадстаўнікоў. Законапраект яшчэ мае падпісаць кіраўнік дзяржавы. Папраўкі, сярод іншага, прадугледжваюць крымінальную адказнасьць за “дэстабілізацыю сытуацыі” і дыскрэдытацыю краіны і яе ўладаў, перадачу заведама непраўдзівых зьвестак аб сытуацыі ў Беларусі замежным і міжнародным арганізацыям. За гэта чакае пакараньне ад штрафу і шасьцімесячнага арышту да пазбаўленьня волі тэрмінам да пяці гадоў.

Абмеркаваньне паправак у крымінальнае заканадаўства ў Савеце Рэспублікі заняло ўсяго пяць хвілінаў. Законапраект прадставіла старшыня камісіі Натальля Андрэйчык. Яна гаварыла, сярод іншага, пра замежны досьвед барацьбы з дыскрэдытацыяй дзяржавы:

(Андрэйчык: ) “Пры распрацоўцы гэтага законапраекту ўлічваўся досьвед і заканадаўства іншых краінаў, у прыватнасьці Расейскай Фэдэрацыі і шэрагу краінаў Цэнтральнай і Заходняй Эўропы. Аналягічныя крымінальна-прававыя нормы ёсьць і ў заканадаўстве іншых дзяржаваў”.

Пасьля гэтага сьпікер Савету Рэспублікі Генадзь Навіцкі зьвярнуўся да залі:

(Навіцкі: ) “Калі ласка, ці ёсьць пытаньні ў сябраў Савету Рэспублікі да Натальлі Іосіфаўны?.. Няма пытаньняў. Дзякуй, Натальля Іосіфаўна! Ці ёсьць жадаючыя выступіць?.. Таксама няма”.

Паводле рэглямэнту, Генадзь Навіцкі абвясьціў галасаваньне, якое адбывалася пад гукі 40-й сімфоніі Моцарта, і пазьней абвясьціў вынікі:

(Навіцкі: ) “Вынікі галасаваньня “за” — 47, супраць няма. Рашэньне прынятае. Дзякуй!”

Кіраўнік камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспэцы Мікалай Чаргінец так патлумачыў, чаму не было дэбатаў па пытаньні, якое выклікала востры рэзананс у краіне і сьвеце:

(Чаргінец: ) “Ведаеце, у нас палата экспэртаў, і перш чым выйсьці з такім законам, праводзіцца глыбокая экспэртыза кожнага артыкулу, а часам і слова… Тут усё было ясна, таму што на ўсе пытаньні былі дадзеныя адказы ў камісіях, і ўсе мелі ўнутраную згоду з тым, што такі законапраект патрэбен”.

Кіраўнік іншай камісіі Савету Рэспублікі Анатоль Малафееў зазначыў, што, прымаючы гэты закон, тут абапіраюцца на калектыўнае меркаваньне:

(Малафееў: ) “Прымае Палата прадстаўнікоў, там у кожнага ёсьць сваё меркаваньне. Таму індывідуальнае меркаваньне ёсьць ці не, а прымае калектыў. Таксама і ў Савеце Рэспублікі. Асабістае меркаваньне — гэта асабістае. Я ж лічу, што ў цяперашняй сытуацыі гэта апраўдана”.

Сябра Савету Рэспублікі зь Ліды, дырэктар гімназіі Натальля Зайцава перакананая, што ўхвалены імі закон ня выкліча ніякай напружанасьці ў беларускім грамадзтве і ў адносінах з замежжам.

(Зайцава: ) “Лічу, што гэты закон неабходна было прыняць нашмат раней. Вострай неабходнасьці няма, даўно гэта трэба было зрабіць, гэта зроблена ў многіх цывілізаваных дзяржавах сьвету”.

Шэраг сябраў Савету Рэспублікі, у тым ліку вядомы музыка Міхаіл Фінберг, ад камэнтароў ухваленага імі закону адмовіліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG