Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі да ўлады прыйдзе апазыцыя — станем жабракамі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Для сёньняшняй размову я адабраў лісты, у якіх няма развагаў пра палітычныя баталіі й міжпартыйныя супярэчнасьці, пра падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў і верагоднасьць зьмены ўлады ў Беларусі. А ёсьць у гэтых лістах штодзённыя назіраньні людзей, далёкіх ад палітыкі, і іхны роздум пра паўсядзённыя клопаты. Пачну зь ліста Паўла Багацькі са Слоніму. Слухач піша:

“Вярнуўся з роднай вёскі. Уражаньні — гнятлівыя. Усьлед за фэльчарска-акушэрскім пунктам і школай там зьліквідавалі і краму. Вёска на вачах канае. Яе да сьлёз шкада. Гатоў сам вярнуцца са свайго ня надта ўладкаванага гарадзкога побыту. Але дзе знайсьці працу? Даведаўся, якія заробкі ў калгасе. Нават у спэцыялістаў — менш за 200 тысяч рублёў. Гэта ж жабрацтва. Пра якія 250 даляраў сярэдняга заробку можна гаварыць? І нічога зьмяніць немагчыма. Людзі сюды не паедуць, нават калі даваць ім жыльлё. Каму патрэбен стратны калгас?”

Зь дзяржаўнага бюджэту, спадар Багацька, на фінансаваньне калгаснай сыстэмы і на сацыяльныя праекты ў вёсцы выдаткоўваюцца вялізныя грошы. Але вы маеце рацыю: зрабіць працу ў калгасе прыцягальнай немагчыма толькі з дапамогай бясплатнага жыльля. А вось калі б такім, як вы, людзям, якія гатовы пераехаць у вёску, прапанавалі ня працу ў калгасе за мізэрную зарплату, а самастойнае гаспадараньне — зь неблагой зямлёй, з ільготнымі дзяржаўнымі крэдытамі на тэхніку і насеньне? Такія крэдыты вёсцы бюджэт выдаткоўвае і цяпер, але ідуць яны выключна на падтрымку калгаснай сыстэмы. А ў выніку агонія сыстэмы толькі зацягваецца, але ніякіх людзкіх праблемаў у адсталых калгасах гэтыя грошы не вырашаюць.

Вольга Кучынская зь Менску ў сваім лісьце абураецца тымі навінамі і камэнтарамі, якія часта гучаць па “Свабодзе”:

“Вы марна і бескарысна займаеце большую частку эфірнага часу, гаворыце зусім бескарысныя і неістотныя рэчы. У Беларусі цяпер усё вельмі добра. Краіна стала на ногі, жыцьцё палепшылася. Пэнсіі, заробкі растуць. Вядзецца вялізнае будаўніцтва. Вучаць, лечаць бясплатна — жыві ды радуйся. Нашы гарады прыгажэюць, усе ў кветках. Такога ніколі не было. А чаго дамагліся Літва, Латвія, Польшча, Украіна? Усё гэта мы добра бачым і чуем. Польская ўлада адпрацоўвае амэрыканскія грошы на страту свайму працоўнаму люду — без усялякага сумленьня і сораму. Як і ўсе іншыя.

Чаго нам, простым працаўнікам, чакаць ад апазыцыі? Такога жыцьця, як у Літве ці Польшчы, дзе багатыя багацеюць, а бедныя бяднеюць? Калі да ўлады прыйдзе апазыцыя, дык усё народнае багацьце апынецца ў руках капіталістаў. А народу будзе забясьпечана жабрацкае існаваньне. Вось таму апазыцыянэры і рвуцца да ўлады ўсімі сіламі. Вам на гэта адказаць няма чаго, бо ў капіталістаў няма праўды, а толькі падман простага народу”.

Мы, спадарыня Кучынская, даволі часта параўноўваем, як жывуць людзі ў Беларусі і ў суседніх дзяржавах. У Польшчы, Літвы, Латвіі, Беларусі — агульнае камуністычнае мінулае, калі ва ўсіх іх быў прыблізна аднолькавы ўзровень эканамічнага і сацыяльнага разьвіцьця. Але за апошнія пятнаццаць год яны разьвіваліся рознымі шляхамі. Вядома, ва ўсіх іх (у тым ліку ў Беларусі) і сёньня шмат падобных праблемаў: беспрацоўе, невысокія заробкі, злачыннасьць, беднасьць. Пытаньне ў тым, пры якім палітычным і эканамічным курсе ўладам удаецца з большай эфэктыўнасьцю супрацьстаяць гэтым праблемам. Вы, спадарыня Кучынская, сьцьвярджаеце, што Беларусь тут апярэдзіла ўсіх.

Але давайце паглядзім, як вынікі гэтага суперніцтва ацэньваюць незалежныя экспэрты. Вось апошняя справаздача ААН “Аб індэксе чалавечага разьвіцьця”. Гэты рэйтынг краінаў складаецца на падставе аналізу зьвестак пра сярэднюю працягласьць жыцьця, узровень пісьменнасьці і адукацыі, даходы на душу насельніцтва, даступнасьць мэдычнай дапамогі. Яшчэ некалькі гадоў таму Беларусь у гэтым рэйтынгу была наперадзе ўсёй СНД і ўваходзіла ў групу краінаў з найбольш высокім узроўнем чалавечага разьвіцьця. Быў час, калі яна займала 53-ці радок у рэйтынгу, летась — 62-гі. Сёлета Беларусь на 67-м месцы ў сьвеце. Для параўнаньня: Польшча ў рэйтынгу — 36-я, Эстонія — 38-я, Літва — 39-я, Латвія — 48-я. На лепшым месцы нават Расея — яна 62-я. Хоць усе мінулыя гады Беларусь яе апярэджвала.

Паўтару: гэта — зьвесткі экспэртаў ААН, якія грунтуюцца на аб’ектыўнай статыстыцы. Вядома, спадарыня Кучынская, калі вы робіце свае высновы толькі падставе рэпартажаў дзяржаўных беларускіх тэлеканалаў, якія штодня распавядаюць пра так бы мовіць, “капіталістычныя жахі” жыцьця ў суседніх краінах, то весьці з вамі дыскусію даволі праблематычна. Але ў такім разе хаця б задайце сабе пытаньне: калі Беларусь дасягнула такіх выдатных посьпехаў, а заходнія суседзі ў такім заняпадзе — чаму ніхто ні з Польшчы, ні зь Літвы, ні з Латвіі не перасяляецца сюды жыць і працаваць? Чаму адбываецца наадварот: многія беларусы шукаюць там і працы, і прытулку?

Ліст ад Васіля Валошкі з пасёлку Радашковічы Маладэчанскага раёну. Слухач напісаў нам, пачуўшы па “Свабодзе” новыя падрабязнасьці з галоўнай беларускай будоўлі — у прыватнасьці, тое, што ў комплексе Нацыянальнай бібліятэкі зьявяцца залі для правядзеньня самітаў і офіс прэзыдэнта.

“Пачуўшы гэта, я злавіў сябе на думцы, што нешта падобнае ўжо было ў гісторыі. У Старажытным Эгіпце славутыя піраміды-грабніцы будаваліся яшчэ пры жыцьці фараонаў. І яны павінны былі сымбалізаваць веліч і магутнасьць улады. І зусім не выпадкова вырашана правесьці саміт кіраўнікоў СНД у новай бібліятэцы. Калі б яго праводзілі ў іншым месцы, неяк нясьціпла было б адмыслова везьці прэзыдэнтаў, каб паказаць гіганцкі будынак. А так кіраўнікі дзяржаваў вымушаны будуць любавацца новабудоўляй.

І яшчэ адна дэталь. Неяк ад менскіх кіроўцаў чуў такую параду. Калі цябе спыняе на вуліцы дзяржаўтаінспэктар за перавышэньне хуткасьці — кажы, што працуеш на будаўніцтве бібліятэкі і сьпяшаесься на працу. Праверана: тут жа адпускаюць без усялякіх пакараньняў. Так што ня толькі мы, просты народ, жывём у страху. Баяцца і тыя, хто ў пагонах”.

У хуткім часе ў Менску можа зьявіцца яшча адна цыкляпічная новабудоўля — гіганцкая тэлевежа, адна з самых высокіх у сьвеце. І хоць беларускі ўрад адмоўна выказаўся пра эканамічную мэтазгоднасьць такога праекту, прэзыдэнт Лукашэнка на нядаўняй адмысловай нарадзе запатрабаваў паўторна вярнуцца да яго і прыхільна выказаўся пра ідэю. А гэта азначае, што вежу, хутчэй за ўсё, пачнуць узводзіць.

Відавочна, і яна, і ўжо пабудаваная Нацыянальная бібліятэка павінны стаць своеасаблівымі помнікамі эпохі Лукашэнкі. Свой архітэктурны сьлед у абліччы Менску пакінулі фактычна ўсе аўтарытарныя пасьляваенныя правадыры. Сталінскі псэўдаампір галоўных менскіх праспэктаў; хрушчоўска-брэжнеўскія шэрыя кварталы безаблічных дамоў-куфэркаў; машэраўскае зьнішчэньне гістарычнага цэнтру… На гэтым тле і бібліятэка, і тэлевежа — яшчэ не найгоршыя архітэктурныя сьляды. Гэта, праўда, калі ня браць пад увагу тое, колькі яны будуць каштаваць для беларускага грамадзтва.

Наступны ліст даслаў нам наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Гэтым разам слухач распавёў пра тое, як вяскоўцаў забясьпечваюць хлебам:

“З Маларыты нам завозяць хлеб кепскай выпечкі. А часам ён увогуле сыры. Так было, напрыклад, 10 кастрычніка. Відаць, лічаць, што на вёсцы і недапечаны пойдзе: самі не зьядуць, дык курам і сьвіньням скормяць. Пішы на іх скаргі ці не пішы — нічога не мяняецца, ніякіх мераў ніхто не прымае. Сама маларыцкая эліта купляе берасьцейскі хлеб — ён больш якасны. А да нас нікому справы няма. Такая вось рэальнасьць. А скардзіцца многія людзі баяцца, каб ня трапіць у няміласьць да начальства”.

Гэта, спадар Сац, бяда многіх сельскіх раёнаў, якія самі вырошчваюць хлеб, а якаснай выпечкі ніколі ня мелі і ня маюць. Так было за камуністамі, так працягваецца і цяпер. Ёсьць у кожным з такіх раёнаў свая “сельпоўская” пякарня з састарэлым тэхналягічным абсталяваньнем. Яна манапаліст, і дзесяцігодзьдзямі выпякае адны і тыя ж гатункі хлеба, да якога нават у непатрабавальных вясковых людзей вялікія прэтэнзіі. Выправіць гэтую сытуацыю даволі проста: усяго толькі і трэба, што дазволіць прыватным прадпрымальнікам выпякаць і прадаваць уласны хлеб — нароўні зь “сельпоўскім”. Такая практыка сям-там ужо была. Вынікі ўражвалі: людзі радаваліся смачнаму і таннаму хлебу. Але спажыўкаапэрацыя запратэставала: ва ўмовах сумленнай канкурэнцыі ейную прадукцыю купляць не хацелі. А паскардзіцца ў райвыканкам куды прасьцей, чым мяняць абсталяваньне ды вучыцца якаснай працы. У выніку прыватнікаў пачалі выцясьняць ды абмяжоўваць, канкурэнцыя зьнікла, а хлеб стаў такім жа, як і быў — недапечаным, нясмачным і дарагім.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG