Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму і ў які колер фарбуюць валасы беларускія жанчыны?


Юлія Шарова, Менск Амаль кожная сучасная жанчына хоць аднойчы ў жыцьці фарбуе валасы, нават калі ёй ня трэба схаваць сівізну. Але ня кожная жанчына разумее, для чаго яна гэта робіць. Часам новы колер валасоў абіраецца спантанна, часам жанчына прыходзіць да яго мэтадам спробаў і памылак. Адны перафарбоўваюцца кожны месяц, іншыя ходзяць у аднойчы абраным колеры ўсё жыцьцё.

Як выявілася ў часе вулічнага апытаньня, якое я зладзіла ў цэнтры Менску, кожная па-рознаму тлумачыць сваё рашэньне пафарбавацца. Падобныя адна да адной жанчыны толькі ў сваім памкненьні зрабіцца прыгажэйшымі.

(Дзяўчына:) “Я лічу, што ня кожнай дзяўчыне пасуе ейны колер валасоў. Напрыклад, у мяне русыя, мышынага колеру валасы. Гэты колер абсалютна ня яркі, ён мяне абсалютна не вылучае. Значыцца, я фарбуюся для таго, каб вылучыць сваё аблічча, вочы”.

(Іншая дзяўчына:) “Проста так. Можа быць, проста каб памяняцца”.

(Спадарыня:) “Магу сказаць толькі пра сябе: сівізна. Таму й валасы пафарбаваныя”.

(Іншая спадарыня:) “Твар ярчэйшым робіцца, а гэта ўжо каб выглядаць прыгажэй”.

(Яшчэ адна спадарыня:) “Кожнай жанчыне хочацца быць арыгінальнай. Не задавальняе тое, што дала прырода, таму хочацца нешта памяняць”.

(Спадарыня:) “Па-першае, зафарбаваць сівізну. А па-другое, выглядаць больш эфэктна”.

(Іншая спадарыня:) “Хочацца зьмяніцца неяк, звонку і ўнутрана”.

Жанчыны з натуральным колерам валасоў увогуле сталі цяпер рэдкасьцю. Зусім не фарбуюцца хіба што толькі дзяўчаткі-падлеткі. Астатнія экспэрымэнтуюць. Але й жанчыны зь першай сівізной часта падбіраюць сабе адценьне ня блізкае да іхнага натуральнага колеру, а радыкальна адрознае.

На думку цырульніка-мадэльера салёну “Плянэта” й выкладчыка мадэльнай агенцыі “Старз” Дыяны Ясенцавай, зьмена колеру часта дазваляе жанчыне дасягнуць душэўнага камфорту.

(Ясенцава:) “Усе знаёмыя з гэтым парадоксам: унутры бляндынка, а па прыродзе брунэтка. Што ж рабіць? Натуральна, рабіць нейкія апэрацыі. У дадзеным выпадку, гэта хімічная апрацоўка валасоў. Гэта афарбоўка. То бок, са сьветлымі валасамі чалавек пачуваецца камфортней”.

Колер валасоў можа стаць візытоўкай чалавека, ягоным абарончым фонам. Так, напрыклад, бялявыя валасы былі й застаюцца візытоўкай Мэрылін Манро. Увогуле, свой сапраўдны колер жанчына знаходзіць не заўсёды. Яна можа спантанна перафарбавацца, бо нядаўна перажыла стрэс, а візыт да цырульніка - добры спосаб зьняць нэрвовую напругу. Але з выбарам колеру лёгка памыліцца. Брунэткі з амаль белымі бровамі й вейкамі, бляндынкі са смаліста чорнымі бровамі – такіх можна сустрэць нямала. Кажа мастак Яўген Семянюк.

(Семянюк:) “Колер звычайна ўплывае на псыхалёгію. Калі раптам маладая дзяўчына робіцца попельнай, амаль сівой, а натуральная бляндынка раптам робіцца чорнай, то паўстае пытаньне: а што там у яе адбываецца ў душы? І потым яшчэ такі момант. Уявіце сабе, што адбывацца, калі брунэтка фарбуецца ў бляндынку. У яе пачынаюць адрастаць валасы і даводзіцца вельмі часта фарбавацца, фарбавацца й фарбавацца. Да таго ж, гэта выглядае даволі сьмешна: бляндынка з чорнымі каранямі”.

Паводле назіраньняў цырульніка Дыяны Ясенцавай, беларускі найчасьцей фарбуюцца ў бляндынак. І гэта лягічна: большая частка жаночага насельніцтва краіны – няцёмныя шатэнкі зь бляклай скурай і сьветлымі вачыма. Таму бялявасьць ім пасуе болей. Другі паводле папулярнасьці колер – рыжы. У цёмных шатэнак і брунэтак беларускі фарбуюцца нячаста.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG