Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве газэты дагэтуль не прайшлі перарэгістрацыю з-за назваў


Іна Студзінская, Менск Дагэтуль застаецца невядомым, ці здолеюць прайсьці перарэгістрацыю “Белорусская деловая газета” і “Белорусская газета”. У адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам, недзяржаўныя выданьні павінны адмовіцца ад выкарыстаньня ў назвах слоў “беларускі” і “нацыянальны”. Большасьць выданьняў, якія мелі ў назвах гэтыя словы, ўжо зарэгістраваліся пад новымі назвамі – да прыкладу “Белорусский рынок” цяпер называецца “Белорусы и рынок”, а “Нацыянальная эканамічная газэта” стала проста “Эканамічнай газэтай”.

Указ № 247 быў падпісаны 31 траўня, але ўступіў у сілу з моманту апублікаваньня ў друку. І таму тэрмін заканчэньня перарэгістрацыі выданьняў, у назовах якіх ёсьць словы “нацыянальны” і “беларускі”, завяршаецца 5 верасьня, патлумачыў загадчык аддзелу рэгістрацыі СМІ Міністэрства інфармацыі Віктар Гурэцкі.

(Гурэцкі: ) “Юрысты падлічылі: 5 верасьня – апошні дзень, калі можна выпускаць газэту са старой назвай”.

(Карэспандэнтка: ) “Такім чынам, у пятніцу, 2 верасьня “БДГ” яшчэ можа выйсьці са старой назвай, а “Белорусская газета” – у панядзелак, 5-га?”

(Гурэцкі: ) “У панядзелак апошні нумар яшчэ можа выйсьці са старой назвай. 6-га – ужо ўсё, новая назва. Але ж там нейкія меры, нейкія рашэньні прыме міністар”.

Сытуацыю камэнтуе юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

(Бастунец: ) “Гэта ня проста страта брэнду, нейкія фінансавыя выдаткі, гэта яшчэ вялікія праблемы, зьвязаныя з тым, што рэдакцыям трэба прайсьці перарэгістрацыю згодна з Законам аб друку. Падрыхтаваць усе дакумэнты, атрымаць узгадненьне аб разьмяшчэньні рэдакцыі з мясцовымі ўладамі. А вось тое, што у “Белорусской деловой газеты” няма пакуль што ніякай інфармацыі, гэта можа азначаць, што менавіта такую мэту і перасьледавалі тыя, хто выконваў гэты загад”.

30 жніўня міністар інфармацыі Уладзімер Русакевіч даў інтэрвію “Інтэрфаксу”, дзе сьцьвярджае, што асабіста ён “за тое, каб усе газэты працягвалі выходзіць”. Паводле спадара Русакевіча, спэцыялісты ведамства сумесна з выдаўцамі, якія прапанавалі абрэвіятуры ў новых назвах, вырашаюць пытаньне, як іх назваць.

Выдавец і галоўны рэдактар “Белорусской деловой газеты” Пётр Марцаў, які падаў у дакумэнтах новы назоў газэты як абрэвіятура “БДГ. Деловая газета”, перакананы, што не міністэрская гэта справа – вырашаць, як называцца таму ці іншаму выданьню.

(Марцаў: ) “Міністар Русакевіч выкладае такую складаную праблематыку, што тычыцца назваў дзьвюх газэт. Гэта, у прынцыпе, зусім не ягоная справа – ацэньваць. Міністэрства інфармацыі ня мае права ні ацэньваць назвы, ні мяняць іх, ні раіць – абрэвіятура гэта ці набор літар, якая яму розьніца? З пункту гледжаньня закону, не ягоная гэта справа. Таму можна толькі здагадвацца аб прычынах…”

З выдаўцом і галоўным рэдактарам “БДГ” Пятром Марцавым цалкам салідарны і юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

(Бастунец:) “Зразумела, што гэта ня справа для міністра інфармацыі, што гэта адзін з сымптомаў хваробы гэтага міністэрства – хранічнае ўмяшаньня ў справы незалежных СМІ, у тыя справы, у якія орган дзяржаўнай улады, дзяржаўнага кіраваньня можа ўмешвацца ў нейкіх выключных сытуацыях, якія прапісаны ў Законе. Усё астатняе – гэта справы заснавальнікаў, PR-мэнэджэраў, але зусім не такога PR-мэнэджэра, як спадар Русакевіч”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG