Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім трэба быць беларусу, каб дамагчыся фінансавага посьпеху?


Сьвятлана Курс, Менск Сацыёлягі паведамляюць: ровень пісьменнасьці дарослага насельніцтва ў Беларусі складае 98,7 %. Вырасла апошнім часам колькасьць студэнтаў у краіне. Але няма залежнасьці паміж роўнем фармальнай адукацыі і колькасьцю грошай у кішэні чалавека – толькі 2 % беларусаў могуць лічыцца забясьпечанымі. Якія чалавечыя якасьці патрэбныя, каб дабіцца фінансавага посьпеху?

Каля 2 % беларусаў могуць лічыцца заможнымі, бо трацяць на ежу менш за 25 % прыбыткаў. Паводле міжнародных стандартаў, чалавек лічыцца бедным, калі траціць больш за палову прыбытку на харчаваньне, як гэта і ёсьць у Беларусі. Прытым больш як палова беларусаў лічыць сябе “сярэдняй клясай”. Гэтыя зьвесткі атрыманыя з афіцыйных статыстычных справаздачаў і ад НІСЭПД.

Ня ўсе імкнуцца разбагацець. Больш як палова беларусаў ніколі ня ўдзельнічалі і надалей не зьбіраюцца браць удзелу ў бізнэсе. Аднак пры гэтым бальшыня ўважае, што беларускае грамадзтва рэгулюецца ў асноўным грашыма й сувязямі. Каля 62 % уважае, што быць адначасна багатым і сумленным немагчыма. Гэтую пашыраную думку камэнтуе соцыяпсыхоляг Павел Урбановіч:

(Карэспандэнтка: ) “Ці працуе яшчэ, на Вашую думку, сэнсавая зьвязка “беднасьць – сумленнасьць”?

(Урбановіч: ) “Яшчэ працуе. І пакуль яна будзе працаваць, датуль у краіне нічога ня зьменіцца. “Калі шмат грошай у каго, значыць, яны заробленыя несумленным шляхам”. Гэта папраўдзе ня так, бо можна нармальна зарабляць. Але ўстаноўка “я сумленны, то й грошай мае быць мала” працуе надзейна”.

(Карэспандэнтка: ) “А што, выправіўшы асобу, можна зрабіць так, што яна пачне зарабляць шмат грошай?”

(Урбановіч: ) “Натуральна. Рэч у тым, што адносіны з грашыма – псыхалягічная праблема. Пры кожным рэжыме, у кожнай сыстэме заўжды ёсьць людзі, у якіх грошай шмат, бо яны ўмеюць іх зарабляць”.

Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў Расейскай акадэміі навук, беднасьць – ня гэтулькі эканамічная, колькі псыхалягічная катэгорыя. Бедныя прадукуюць у сваёй сям’і пэсымізм. Наркаманія і п’янства ў некалькіх пакаленьнях у сям’і тлумачыцца ў немалой ступені тым, што бедныя ня вераць, што можна выбіцца уласным розумам, бяз грошай і сувязяў. Каля дзьвюх трацінаў расейцаў увесь час адчуваюць несправядлівасьць ад усяго, што адбываецца вакол, адчуваюць уласную бездапаможнасьць празь немагчымасьць паўплываць на сучаснасьць. Думаю, гэтыя лічбы можна дастасаваць і для Беларусі.

Сьвятлана Хільмановіч закончыла псыхалягічны факультэт, выйшла замуж за незаможнага чалавека, разьвялася, занялася цацачным бізнэсам, знайшла багатага мужа. Цяпер жанчына піша кнігу пра багатых і бедных. Яна пагадзілася расказаць пра свае жыцьцёвыя высновы.

(Хільмановіч: ) “На хлеб зарабляюць рукамі, на масла – галавою, а каб зарабіць на чорную ікру, трэба выдумаць нешта яшчэ. Кожны, хто займаецца бізнэсам, напачатку пачынае адчуваць сябе жахліва. Першыя тры гады яны працуюць і па 18 гадзінаў на суткі. Калі адабраць у багатых грошы і раздаць бедным, усё праз гадоў пяць вернецца да ранейшага стану. Бо бедныя мысьляць па-беднаму, а багатыя – па-багатаму, і гэта ўсё зьмяняе. Цэлымі днямі ляжаць на канапе, кніжкі чытаць і думаць, які я разумны, уласьціва ўсім бедным. Мой бедны хлопец стамляўся да выходных, хацеў ляжаць на канапе, піць гарэлку і глядзець тэлевізію. Багатыя сябры клікалі: паехалі туды і сюды. Але ў бедных ня выбудаваны распарадак дня. Няма асобных гадзінаў для працы і для адпачынку. Усё размытае. Малааплатная праца іх дастае, дык яны сярод будняў сабе выходныя ладзяць. А на выходных раптам разумеюць, што настаў час і папрацаваць. Бедныя вельмі шчодрыя. Грошы гэта адчуваюць і думаюць: мы ў тваю кішэню, можа, і леглі б, дык ты ж нас жабраку вунь таму падасі, п’яніцу. Мы пашукаем гаспадара, які нас будзе берагчы”.

Эканаміст Яраслаў Раманчук бачыць яшчэ дзьве прычыны беднасьці: першая – беларусы працуюць замнога й неэфэктыўна, гадзінамі зарабляюць на тое, што за лічаныя хвіліны заробіць чэскі ці польскі працаўнік. Другая прычына – разбурылася адвечная сыстэма паняткаў, зьвязаных з уласнасьцю і грашыма. Дзесяцігодзьдзі ўрэзаных правоў і ўсеагульнага братэрства ў беднасьці адвучылі людзей працаваць з грашовымі знакамі – інвэставаць, берагчы, прымушаць грошы рабіць новыя грошы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG