Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўтвараецца аб''яднаньне падманутых кватэранаймальнікаў


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня, 26 ліпеня, ва ўсіх 124-ох ЖЭСах Менску аб”яўлены Дзень адчыненых дзьвярэй. Паводле ўпраўленьня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менгарвыканкаму, чыноўнікі на месцах павінны працаваць да позьняга вечара, каб пагутарыць з кожным наведнікам.

Дэпутат Менскага гарадзкога Савету Людміла Крамко працуе галоўным урачом паліклінікі нумар адзін. Але пісьмовую перапіску са ЖРЭА Цэнтральнага раёну і ЖЭСам нумар 62 яна вядзе паводле скаргаў жыхароў з выбарчай акругі. Па словах спадарыні Крамко, камунальныя службы дрэнна рэагуюць нават на дэпутацкія запыты”.

(Крамко: ) “У той праблеме, якую я вырашаю, ЖЭС наўрад ці чым дапаможа. А ў ЖРЭА я апошні ліст накіравала. Адказу пакуль няма”.

(Карэспандэнт: ) “Не мінуў яшчэ месяц тэрміну, так?

(Крамко: ) “Тыдні тры ўжо мінула. Канечне, адказ мусіў быць. Я так гэта разумею”.

Пры доўгім шляху вырашэньня праблемаў у камунальных службах Менска наплыву наведнікаў у Дні адчыненых дзьвярэй у ЖЭСах не зафіксавана. Як лічыць жыхар дому нумар два па вуліцы Кульман Ілья Латышаў, людзі зьвяртаюцца ў ЖЭС пераважна па даведкі. “Пытаньні ўтрыманьня жыльля ці яго рамонту даводзіцца вырашаць у іншых установах”, – кажа суразмоўца.

(Латышаў: ) “Капітальны рамонт нашага дому пачаўся ў лютым гэтага году. Жыхароў склікалі на сход, сказалі, што будуць рабіць: заменяць трубы, пафарбуюць пад”езды, перакрыюць дах і ўсё. Жыхары пацікавіліся, чаму ня будуць заменьваць вокны і ўцяпляць сьцены? Адказам было, што не хапае грошай. І мы пачалі барацьбу за добры капрамонт. Пісалі ў ЖРЭА, ЖЭС, адміністрацыю раёну, у адміністрацыю прэзыдэнта, у Менгарвыканкам, Міністэрства будаўніцтва, Камітэт па энэргаэфэктыўнасьці”.

Да канца гэтага году ў Менску трэба капітальна аднавіць 400 дамоў. Паводле правілаў правядзеньня капрамонту, пад яго палягаюць будынкі 20-25-гадовай даўніны. Рэальна цяпер у Менску рамантуюць “хрушчоўкі” 1962-65 гадоў. Па зьвестках Менгарвыканкаму, сёлета на капрамонт зь бюджэту будзе выдаткавана 76 мільярдаў рублёў – гэта толькі палова сумы ад патрэбнай. І гэта ў той час, калі нават навасёлы плацяць у фонд капітальнага будаўніцтва роўна столькі ж, колькі і на тэхабслугоўваньне кватэры. Яшчэ на памяці некалькі лякальных канфліктаў, што адбываліся ў Менску з нагоды няякаснага альбо зацягнутага па часе капрамонту шматкватэрак. Зараз у Інтэрнэце зьявіўся менскі сайт “Капрамонту няма” і на ім інфармацыя аб намеры стварыць аб”яднаньне падманутых кватэранаймальнікаў. Юрыст па адукацыі і аўтар праекту “Капрамонту няма” Ілья Латышаў даводзіць прычыны неабходнасьці калектыўнай барацьбы з абыякавасьцю чыноўнікаў”.

(Латышаў: ) “Чыноўнікі лічаць, што людзі нічога ня ведаюць. Маўляў, яны ня ведаюць, якія ў іх ёсьць правы, яны ня ведаюць, да каго зьвяртацца з праблемамі. І таму камунальнікі стараюцца рабіць як мага менш. Наш дом – красамоўны таму прыклад. Гавораць, што грошай няма, дом наш цёплы, што мы не пераплочваем. А усё-такі, калі капнуць глыбей, то праблема ёсьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG