Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выскачыў як Піліп з канапель


Мікола Раманоўскі, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Піліп з канапель выскоквае нечакана і недарэчы. У Кандрата Крапівы ў п’есе “Мілы чалавек” адзін пэрсанаж на сходзе просіць слова для нечарговай заявы, і ў залі гучаць галасы: “Як гэта бястактна! – Хто ён такі? – Выскачыў як піліп з канапель”. А вось Самсону Самасую ў аповесьці Андрэя Мрыя ягоны прыяцель Торба радзіў: “Трэба ўсюды торкацца, як Піліп з канапель! У гэтым сакрэт перамогі ў жыцьці”.

Як сьвет сьветам, ідзе спрэчка паміж навукоўцамі, адкуль пайшоў гэты выраз. Сфармаваліся дзьве партыі, гістарычная і заалягічная. Згодна з гістарычнай партыяй, шляхціц Піліп жыў у сваёй вёсцы пад назвай Каноплі, што на Ігуменшчыне. Аднойчы ён паехаў паслом на нейкі важны сойм і выступіў там з прамоваю, але зь непрывычкі гаварыў так недарэчы, што ўсе сталі сьмяяцца: што гэта за Піліп і зь якіх такіх Канапель ён выскачыў?

Заалягічная ж партыя нагадвае, што ў некаторых мясьцінах паляўнічыя называюць піліпам зайца. А заяц, якога цкуюць сабакі, можа схавацца ў каноплях – дзе сабакі, магчыма, страцяць ягоны сьлед, – а можа і выскачыць адгэтуль як ачмурэлы. Але ж тады за ім ізноў пачнецца пагоня. Таму выскокваць з канопляў цкаванаму зайцу ня вельмі выпадае.

Хто тут мае рацыю – вырашыць змогуць, напэўна, толькі будучыя пакаленьні дасьледчыкаў. Абы канапель хапіла. Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG