Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Значэньні пантыфікату Яна Паўла ІІ для Беларусі


Сяргей Абламейка, Прага Новая перадача сэрыі “Сымбаль веры”.

У гэтыя дні ўвагу сьветных сродкаў масавай інфармацыі прыцягнутая да асобы Папы Рымскага Яна Паўла ІІ, які памёр у суботу, 2 красавіка, і да будучага Каталіцкай царквы.

Адзначаецца, што Ян Павал ІІ спрычыніўся да развалу камуністычнай сыстэмы, да адраджэньня цэркваў ва Ўсходняй Эўропе, да паляпшэньня адносінаў з пратэстантамі, праваслаўнымі і юдэямі. Ян Павал ІІ стаўся першым папам, які стаў шмат езьдзіць па сьвеце – ён зьдзейсьніў больш за 120 замежных паездак, і гэта моцна ўзьняло папулярнасьць Каталіцкай царквы. За час пантыфікату Яна Паўла ІІ было апублікавана і шмат крытыкі. Напрыклад, нямецкі тэоляг-дысыдэнт Ганс Кунг у швайцарскай газэце “Sonntagszeitung” сьцьвярджаў, што за час пантыфікату Яна Паўла ІІ мільёны вернікаў сышлі з Каталіцкай царквы. Прыгадвалі крытыкі і нязьменна цьвёрдую пазыцыю Яна Паўла ІІ у захаваньні цэлібату сьвятароў, непрызнаньні гомасэксуальных шлюбаў і змаганьні з абортамі.

Што да ўкладу папы ў паразу камунізму, дык варта згадаць і яго непрыняцьце чыстага капіталізму. Ян Павал ІІ заявіў, што “свабодны рынак ня можа сам па сабе забясьпечыць усеагульны дабрабыт, бо існуе шмат чалавечых патрэбаў, якім няма месца ў рынку”.

Мы, аднак, сёньня засяродзім сваю ўвагу на значэньні пантыфікату Яна Паўла ІІ для Беларусі. Менавіта гэты папа прызначыў першага ў другой палове ХХ стагодзьдзя каталіцкага біскупа ў Беларусі – Тадэвуша Кандрусевіча, а пасьля у 1993 годзе павялічыў колькасьць дыяцэзіяў, прызначыў новых біскупаў і першага ў гісторыі беларускага кардынала Казімера Сьвёнтака.

Калі гаварыць пра значэньне пантыфікату Яна Паўла ІІ для Беларусі, нельга абысьці і тэмы адносінаў Каталіцкай царквы з Праваслаўнай. Менавіта з-за напружаных адносінаў Ватыкану з Рускай Праваслаўнай царквой Ян Павал ІІ так і ня змог прыехаць у Беларусь. Як вядома, з суседзяў Беларусі ён наведаў Польшчу, Літву і Ўкраіну, і ня быў толькі ў самой Беларусі і ў Расеі. Афіцыйная прычына напружанасьці з боку РПЦ – Унія на Ўкраіне і заснаваньне каталіцкіх структураў у Расеі. Пры гэтым, пратэстуючы супраць заснаваньня каталіцкіх эпархіяў у Расеі, РПЦ замоўчвае факт, што ў каталіцкіх краінах Эўропы свабодна дзейнічаюць эпархіі Рускай Праваслаўнай Царквы.

У гэтыя дні беларускія католікі асабліва шкадуюць, што візыт папы ў Беларусь так і не адбыўся. Беларусь – незалежная краіна, у Беларусі няма праблемаў у адносінах праваслаўных з католікамі, але Масква так і не дала згоды на візыт Яна Паўла ІІ ў Беларусь.

Вось як супрацоўнік каталіцкага выдавецтва “Про Хрысто” Мікола Гракаў адказвае на пытаньне, ці не адчуваюць сябе беларускія католікі ў пэўнай ступені закладнікамі палітыкі Маскоўскага патрыярхату, калі гаворка ідзе пра візыт папы ў Беларусь.

(Гракаў: ) “Безумоўна гэта ёсьць, гэта адчувалася ўчора падчас ранішніх нядзельных набажэнстваў, калі вернікі сабраліся ўпершыню, ужо ведаючы пра сьмерць папы. Безумоўна, папа сам у 1995 годзе сказаў: "Да сустрэчы ў Беларусі..." Ён сам спадзяваўся, вельмі хацеў прыехаць. У прынцыпе, сама Беларуская Праваслаўная царква, калі пачалася адліга і адраджэньне рэлігійнага жыцьця, калі толькі першыя пробліскі свабоды зазьзялі ў нашай краіне, тады адбыўся візыт у Беларусь польскага кардынала Юзафа Глемпа.

Тады ў нас, фактычна, сваёй гіерархіі не было. Зьявіўся толькі першы Апостальскі адміністратар для католікаў у Беларусі Тадэвуш Кандрусэвіч. Тады было поўнае адчуваньне, што візыт папы ў Беларусь цалкам магчымы. А тое, што пасьля ў выніку не зусім зразумелых міжканфэсіянальных адносінаў (тут не вядома, якія інтарэсы ўваходзілі ў гульню), гэты візыт не адбыўся, дык гэта вельмі крыўдна. Папа быў амаль ва ўсіх суседніх зь Беларусьсю краінах, а ў Беларусі – не, гэта ня проста крыўдна, але гэта наш боль. Гэта вялікі чалавек, вялікая асоба, і ён так і ня змог прыехаць на нашую зямлю ня гледзячы на тое, што і ён хацеў, і вернікі тут яго заўсёды чакалі і вельмі горача маліліся аб магчымасьці гэтага візыту”.

Да думкі Міколы Гракава далучылася сёньня і рэдактарка каталіцкіх часопісаў “Ave Maria” і “Наша Вера”, пісьменьніца Хрыстына Лялько. Яна асабіста сустракалася з папам і гаварыла зь ім пра візыт у Беларусь.

(Лялько: ) “Я ў першую сваю сустрэчу з папам таксама гаварыла зь ім пра візыт у Беларусь. Я сама яго – прыватна – запрасіла тады ў Беларусь. Ён усьміхнуўся і сказаў: "Вядома, я вельмі хацеў бы ступіць на вашу зямлю, пабачыць Беларусь, якую я вельмі люблю". Пасьля запрашэньне прыехаць у Беларусь неаднойчы паўтараў кардынал Казімер Сьвёнтак. Але ж вы ведаеце, што гэтага запрашэньня было мала, каб Ян Павал ІІ да нас прыехаў. Я думаю, што тыя сілы, якія не хацелі, каб ён ступіў на нашу зямлю, каб ён сустрэўся зь беларускімі католікамі, на жаль, здолелі перашкодзіць гэтаму”.

Гаварыла рэдактарка каталіцкіх часопісаў “Ave Maria” і “Наша Вера”, пісьменьніца Хрыстына Лялько. Яшчэ ў 1995 годзе на Сусьветнай сустрэчы моладзі Ян Павал ІІ выказаў жаданьне і надзею пабываць у Беларусі. 22 жніўня 2002 году нават Аляксандар Лукашэнка заявіў пра магчымасьць візыту папы ў Беларусь і яго сустрэчу ў Менску з расейскім патрыярхам Алексіем, але візыт так і не адбыўся.

Вось што сёньня сказаў афіцыйны прадстаўнік экзархату Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі архімандрыт Аляксей Шынкевіч у інтэрвію Радыё Свабода. Мы спыталіся ў яго, чаму, ня гледзячы на адсутнасьць у краіне канфліктаў паміж праваслаўнымі і католікамі, Ян Павал ІІ так і не атрымаў ад мітрапаліта Філарэта запрашэньня прыехаць у Беларусь.

(Шынкевіч: ) “Супярэчнасьцяў няма толькі зьнешне. Мы жывем паміж сабой разумна, лагодна, мірна. Але вось тая палітыка, якая была распачатая памерлым папам, яна ня вельмі адпавядала тым адносінам, якія ўсталяваліся сёньня і раней, у гады бязбожжа, існавалі паміж Праваслаўнай царквой і Рама-каталіцкім касьцёлам. Нам не падабаецца палітыка празэлітызму. Гэта проста дзякуючы мудрай пазыцыі мітрапаліта Філарэта, які вельмі станоўча адносіцца да Рыма-каталіцкага касьцёлу, у нас усё мірна і, можна сказаць, спакойна”.

Гэта была думка афіцыйнага прадстаўніка экзархату Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі архімандрыта Аляксея Шынкевіча.

Мы папрасілі Апостальскага візытатара для грэка-католікаў у Беларусі, доктара тэалёгіі архімандрыта Сяргея Гаека сказаць слова пра значэньне пантыфікату Яна Паўла ІІ для Беларусі.

(а. Гаек: ) “Якраз у вечар, калі кардынал Вайтыла быў выбраны на Папу Рымскага, я быў на пляцы Сьвятога Пятра ў Ватыкане і калі пачуў, што папам стаў славянін, я ня меў сумневу, што яго пантыфікат прынясе шмат карысьці для цэркваў ва ўсім славянскім сьвеце – ва Ўсходняй Эўропе, і, натуральна, у Беларусі. Ужо пешыя словы, якія ён накіраваў для вернікаў "Non abiate paura" ("Ня бойцеся") – былі вялікім заклікам для ўсяго эўрапейскага Ўсходу. Я не сумняваўся, што ён у новы спосаб будзе шукаць месца царквы ў грамадзтве і місію царквы ва ўсім сьвеце, але асабліва ў той частцы сьвету, якая была пад камуністычным ярмом.”

Вельмі хутка Сьвяты айцец пачаў у прывітаньнях да ўсяго сьвету на Пасху і на Раство Хрыстова кіраваць некалькі словаў і па-беларуску. У той час, калі Беларусь была ў складзе Савецкага Саюзу.

Першы візыт папы ў Польшчу ў 1979 годзе меў значэньне і для Беларусі і для ўсяго Савецкага Саюзу. Асабліва, калі папа ў Гнезьне накіраваў свой заклік да ўсіх краінаў Ўсходняй Эўропы. Пасьля таксама ў Асьвенціме, у Аўшвіцы, Сьвяты айцец згадаў ахвяры таталітарызму, фашызму, але таксама і ахвяры ўсіх таталітарызмаў, у тым ліку і сталінскага. Зразумела, што ўжо падчас наступных пілігрымкаў у Польшчу, на гэтыя сустрэчы маглі прыяжджаць некаторыя пілігрымы зь Беларусі. І гэта заўжды была крыніца вялікай духовай сілы.

Сьвяты айцец Ян Павал ІІ прыняў два разы біскупа Часлава Сіповіча зь беларускімі сьвятарамі, якія ў той час жылі ў вольным сьвеце – у Заходняй Эўропе і ў Амэрыцы. Гэта давала магчымасьць паінфармаваць Сьвятога айца пра рэальную сытуацыю, у якой жыла царква ў Беларусі.

Пасьля прыйшлі бэатыфікацыя 13 мучанікаў Падляскіх, пасьля 13 беларускіх мучанікаў часоў ІІ Сусьветнай вайны ў рамках бэатыфікацыі ў Варшаве 108 мучанікаў, пасьля 11 сясьцёр-назарэцянак з Наваградку. Вось гэта такія канкрэтныя моманты, якія канкрэтна абуджалі надзею і сілу веры ў вернікаў Беларусі.

Вядома, калі глядзець на навучаньне Сьвятога айца – а навучаньне Сьвятога айца мае характар унівэрсальны, і энцыклікі – гэта лісты, якія папа накіроўвае да ўсіх вернікаў Каталіцкай царквы, – але некаторыя з гэтых энцыклікаў у асаблівы спосаб адносіліся да Ўсходняй Эўропы, да Ўсходу. Я нагадаю толькі апостальскі ліст "Magnum baptismi donum" ("Вялікі дар хрышчэньня"), які быў накіраваны да ўсіх, хто ў 1988 годзе сьвяткаваў хрышчэньне Кіеўскай Русі, і гэта таксама адносілася да Беларусі. Пасьля была энцыкліка пра славянскіх апосталаў Кірыла і Мятода – "Slavorum apostoli". Пасьля было апостальскае настаўленьне "Orientale lumen" ("Сьвятло Ўсходу"), якое вельмі канкрэтна гаварыла пра ўсходнія цэрквы, у тым ліку і пра Грэка-Каталіцкую царкву, гэта значыць таксама і пра Беларускую Грэка-Каталіцкую царкву. Далей была адна з апошніх энцыклікаў "Ut unum sint" ("Хай усе будуць адно"), дзе гаворыцца пра экумэнічнае заангажаваньне Каталіцкай царквы і пра неабходнасьць прымірэньня паміж хрысьціянамі, у тым ліку і паміж праваслаўнымі і католікамі. Гэта азначае, вядома, вялікі выклік, вялікае заданьне для ўсіх хрысьціянаў, у тым ліку і ў Беларусі”.

Гэтак Апостальскі візытатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек ацэньвае значэньне пантыфікату Яна Паўла ІІ для Беларусі. Ён лічыць, што першыя візыты папы Яна Паўла ІІ у Польшчу і першыя бэатыфікацыі беларускіх мучанікаў абудзілі ў беларускіх верніках надзею і сілу веры.

З просьбай ацаніць значэньне пантыфікату Яна Паўла ІІ для Беларусі мы зьвярнуліся і да галоўнай рэдактаркі беларускіх каталіцкіх часопсаў “Ave Maria” і “Наша Вера”, пісьменьніцы Хрыстыны Лялько.

(Лялько: ) “Пантыфікат Яна Паўла ІІ стаўся крыніцаю сілы і надзеі для грамадзтва найперш у краінах так званага сацыялістычнага лягеру. Ён стаўся заклікам для аднаўленьня сумленьня, а таксама як бы прадвесьцем тых зьменаў, якія сапраўды неўзабаве наступілі. Раней касьцёлы ва Ўсходняй Эўропе называлі касьцёламі маўчаньня. Зь першых дзён пантыфікату папа даў зразумець, што гэтыя касьцёлы маўчаньня могуць разьлічваць на яго падтрымку. І так яно сталася. Папа адразу зьмяніў аб''ект, да якога скіроўваў свае пасланьні. Гэта ўжо былі не камуністычныя ўлады, а вернікі і ўсе людзі добрай волі ў гэтых паднявольных краінах. І калі ўжо казаць пра значэньне гэтага пантыфікату для вяртаньня рэлігійнай свабоды, то трэба згадаць адну зь першых папскіх энцыклік "Redemptor hominis" ("Адкупіцель чалавека"), у якой папа падкрэсьлівае, што ігнараваньне рэлігійнай свабоды – гэта радыкальная несправядлівасьць адносна таго, што ёсьць асабліва глыбокім у чалавеку, што ёсьць сапраўды чалавечым. Галоўным ва ўсім навучаньні Яна Паўла ІІ заўсёды была ня толькі павага да правоў чалавека, але і да годнасьці асобы”.

Ацэньваючы значэньне гэтага пантыфікату нельга не сказаць пра адносіны папы да Грэка-Каталіцкай царквы – найбольш перасьледванай каталіцкай супольнасьці на тэрыторыі былога Саюза.

У часе папярэдніх пантыфікатаў гэтая праблема замоўчвалася. Ян Павал ІІ адразу ўзьняў свой голас у абарону уніятаў. На пачатку 80-х, калі жалезная заслона здавалася яшчэ непарушнай, Ян Павал ІІ заклікаў касьцёл пераступіць усе існуючыя межы і дыхаць двума лёгкімі – усходнім і заходнім. Гэта быў прарочы заклік, бо ён зьмяняў людзкую сьвядомасьць, ён вяртаў надзею ў сэрцы людзей. З пэрспэктывы часу добра бачна, які агромністы быў ўнёсак гэтага пантыфікату ў распад камунізму, у вяртаньне рэлігійнай свабоды ва Ўсходняй Эўропе.

Пантыфікат Яна Паўла ІІ мае асаблівае значэньне таксама для Каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, для яго адраджэньня. Папа добра ведае пакутную гісторыю каталіцтва ў нашым краі, разумее ўсе мінулыя і сёньняшнія праблемы касьцёлу ў Беларусі, які называе ўмілаваным і блізкім ягонаму сэрцу. На пачатку 90-х Сьвяты айцец рэарганізаваў дыяцэзіяльныя структуры ў Беларусі, прызначыў касьцёльную гіерархію. Ён неаднаразова падкрэсьліваў, што "я нашу глыбока ў сэрцы ўсё тое, што сталася вашым лёсам". І гэта для нас, беларусаў, асабліва дорага”.

Вось так рэдактарка беларускіх каталіцкіх часопсаў “Ave Maria” і “Наша Вера”, пісьменьніца Хрыстына Лялько ацэньвае пантыфікат Яна Паўла ІІ і яго значэньне для Беларусі.

Вядома, што менавіта гэты папа першым стаў зьвяртацца два разы на год па-беларуску да беларускага народу.

Пасьля ён шмат разоў прамаўляў па-беларуску на сустрэчах зь беларускімі вернікамі і біскупамі. Ад 2002 году беларуская мова зьяўляецца афіцыйнай мовай Каталіцкай царквы ў Беларусі, па-беларуску служацца набажэнствы і прамаўляюцца казаньні ў большасьці каталіцкіх парафіяў Беларусі і вядзецца навучаньне ў Вышэйшай каталіцкай сэмінарыі ў Пінску.

Пачынаючы з 1991 году выйшла больш за 20 каталіцкіх малітоўнікаў на беларускай мове – для параўнаньня, у праваслаўных за гэты ж час выйшала толькі перавыданьне малітоўніка мітрапаліта Мікалая Мацукевіча. 16 кастрычніка 2003 году, калі адзначаўся 25-гадовы юбілей пантыфікату, Таварыства Беларускай мовы накіравала Яна Паўлу ІІ віншаваньне з падзякай за пашырэньне беларускай мовы ў Беларусі і сьвеце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG