Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэты ў Дзень сьмеху: ад гумару да сур’ёзнага


Падрыхтаваў Уладзімер Глод Агляд незалежнага друку

Барысаўскія ўлады нечакана палюбілі незалежнае гарадзкое выданьне – газэту “Борисовский курьер”. На многіх прадпрыемствах дзяржаўнай формы ўласнасьці працоўных прымушаюць абавязкова стаць падпісчыкамі менавіта гэтай газэты. На ўсе няўцямныя пытаньні кіраўнікі заводаў і фабрыкаў адказваюць адно: да нас прыйшоў адпаведны загад. Вось такая радасная для “Борисовского курьера” інфармацыя надрукаваная сёньня, 1 красавіка. Акрамя такой, скажам, дзіўнай інфармацыі ў нумары ёсьць і іншая, якая не выклікае зьдзіўленьня.

Сёньняшняя “Белорусская деловая газета” перад сваім першапалосным матэрыялам зьмяшчае папярэджаньне – “Гэта ня жарт”. Шчыра кажучы, гэтага, бадай, можна было і не рабіць. Чаму? Ды таму, што назоў узгаданай карэспандэнцыі наступны: “З 1 красавіка тарыфы на камунальныя паслугі будуць расьці хутчэй”. З падвышэньнем цэнаў жыхары Беларусі ўжо настолькі звыкліся, што, мабыць, ніхто і ня будзе атаясамліваць гэтую навіну з 1-м красавіка. Газэта ўзгадвае, што згодна з Пастановай ураду кошты на прыродны газ і электраэнэргію будуць штомесяц павялічвацца на 2%. Глядзіш, да восені і набягуць даволі значныя сумы. Дарэчы, улады рыхтуюць экспэрымэнт (і гэта таксама ня жарт), паводле якога плаціць за электрычнасьць будуць у залежнасьці ад часу сутак карыстаньня ёю. Але, каб фіксаваць гэта, патрэбны новыя лічыльнікі. А кошт такіх апаратаў складае ад 60 да 100 умоўных адзінак.

У інтэрвію з лепшай канькабежкай Беларусі Анжалікай Кацюгай, якое таксама сёньня друкуе “БДГ”, падобна, пераплялося і сур’ёзнае, і жартлівае. Дзяўчына, зь якой беларускія заўзятары зьвязваюць свае надзеі на мэдалі зімовай Алімпіяды 2006 году, распавяла шмат цікавага і нечаканага. А яшчэ ў гутарцы з журналістамі ўдзельнічаў Ігар Пагарэлаў – трэнэр і муж Анжалікі. Іх іранічныя ды жартлівыя камэнтары да адказаў яскрава даюць зразумець, чаму сямейны дуэт такі шчасьлівы – і ў шматграннасьці жыцьця, і на спартыўных дарожках.

А вось слуцкая газэта “Инфо-курьер” у сваім апошнім нумары ўздымае тэму, да якой ніякі жарт зусім не дапасуе. У сувязі з “Дажынкамі”, якія сёлета пройдуць у Слуцку, вырашана правесьці рэканструкцыю цэнтра гораду. Ад добра вядомага ўсім мясцовым жыхарам Дома саветаў помнік Леніну хочуць перанесьці на другі бок вуліцы, якая таксама носіць імя правадыра. Месца для новага разьмяшчэньня помніка, каля Дома дзіцячай творчасьці, абралі быццам бы вэтэраны. Але калі будаўнікі пачалі раскопкі, яны натыкнуліся на людзкія парэшткі. Газэта задаецца пытаньнем: няўжо помнік правадыру будзе стаяць на людзкіх касьцях? Журналісты прапануюць чытачам газэты выказацца на гэты конт, а таксама праводзяць інтэрнэт-апытаньне: дзе лепш разьмясьціць помнік?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG