Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі бамжы паміраюць ад абмарожваньняў


Казімер Яноўскі, Гомель У Гомелі бракуе сацыяльных прытулкаў для бяздомных людзей. Лютаўскія маразы заганяюць бамжоў у пад`езды ды падвалы. У амаль 500-тысячным Гомелі бракуе сацыяльных прытулкаў для бяздомных людзей. З усталяваньнем лютаўскіх марозаў бамжам у горадзе асабліва цяжка. Як выжываюць абяздоленыя людзі ў халоднае надвор`е, высьвятляў наш гомельскі карэспандэнт.

За апошнія дзесяць гадоў у горадзе быў створаны толькі адзін цэнтар сацыяльнай адаптацыі людзей з паламаным лёсам, дый і той выключна для раней асуджаных асобаў. У гэтыя лютаўскія маразы тут кватэруе толькі 12 чалавек. Усе астатнія бяздомныя гараджане зімуюць у пад`ездах, падвалах і наогул там, дзе прыйдзецца.

Распавядае гарадзкі бомж Пётра:

(Пётра: ) “Сёньня ўначы мяне тройчы выганялі з пад`езду. Кажуць: ты нам напісаеш. А я нават абгарэлы запалак ня кіну. Потым я зьбіраў бутэлькі ў кантэйнэрах для сьмецьця. Цяпер во жалезьзя назьбіраў, думаю, каму здаць”.

Сярод бяздомных ёсьць і жанчыны. Сьвятлане – усяго 38 гадоў. Шэсьць зь іх яна жыве на вуліцы. Зімой – таксама:

(Сьвятлана: ) “Дзе ў пад`ездзе, дзе ў падвале – дзе як даводзіцца. У пад`езд пагрэцца зойдзеш толькі вечарам. І то малалеткі могуць пабіць. Бывае, што і забіваюць бамжоў. Іх шмат пазабівалі. Малалеткі, як нап`юцца, вытвараюць усё, што заўгодна”.

Галоўнае для бамжоў у лютыя маразы – цяпло і харчаваньне. Аднак зімой з гэтым асабліва цяжка:

(Сьвятлана: ) “Дзе бутэльку паднімеш, дзе што-небудзь здасі. Так і харчуемся. Учора хлеба і сала зьела – людзі добрыя дапамаглі. А сёньня яшчэ нічога ня ела”.

Некаторыя з бамжоў, каб перажыць маразы, імкнуцца патрапіць да лекараў, найчасьцей у шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі. Калі ёсьць траўма ці абмарожваньне, то нейкі тыдзень бестурботнага жыцьця бяздомнаму чалавеку забясьпечаны. Іншыя, ня маючы яўных мэдычных паказаньняў, суткамі сядзяць ля прыемнага пакою, каб толькі сагрэцца.

З гарачым харчаваньнем бяздомным людзям дапамагаюць манашкі ордэну сьвятой маці Тэрэзы. А вось па лініі ўладаў стварэньне сацыяльнага прытулку для бяздомных людзей нават не плянуецца.

47-гадовы гарадзкі бомж Анатоль лічыць, што дзяржава на гэту сацыяльную праблему заплюшчыла вочы:

(Анатоль: ) “Дзяржава на ўсё гэта заплюшчыла вочы. Міліцыя займаецца самавольствам. Мы – непатрэбныя людзі. Нас адусюль выпіхваюць. На вакзал пагрэцца ня прыйдзеш. Нікуды не прыйдзеш! Могуць пабіць. Гэта ж няправільна. Трэба нешта рабіць – няхай не рэзэрвацыю, а дом нейкі асобны. Іх шмат пустуе. Сабралі б нас, бамжоў, у пакоі па чатыры ці больш чалавек. У доме ёсьць кухня, прыгатаваць нешта можна. Мы б прыбіралі за сабою. Магчыма, на работу якую б хадзілі. Трэба штосьці рабіць. Няхай бы далі матэрыялы, мы самі сабе дом пабудавалі б. Альбо адрамантавалі б. І мы б жылі там. І было б прыгожа ”, – прапануе свой варыянт вырашэньня праблемы бяздомных людзей гарадзкі бомж Анатоль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG