Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На знак салідарнасьці з Алесем Пушкіным іншыя мастакі зьнялі свае работы


Браніслава Станкевіч, Віцебск На знак пратэсту супраць забароны карціны Алеся Пушкіна іншыя ўдзельнікі Быкаўскага мастацкага пленэру таксама адмовіліся экспанаваць свае творы ў Віцебску. Такім чынам, выстава пад назваю “Доўгая дарога дадому” зьліквідаваная, і віцебчукі болей ня ўбачаць ні апальнага “Партрэту Васіля Быкава”, ні іншых карцін беларускіх мастакоў.

Удзельнікі Быкаўскага мастацкага пленэру, даведаўшыся пра тое, што працу Алеся Пушкіна “Партрэт Васіля Быкава” зьнялі з экспазыцыі ў Віцебску, параўналі гэтую падзею з закрыцьцём беларускага Ліцэю ды Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Паводле словаў мастака Міхася Ляўковіча, яны разам, супольна прыйшлі да высновы, што найбольш годна будзе зьняць і свае карціны на знак пратэсту супраць чарговае праявы дзяржаўнага ўціску.

(Ляўковіч: ) “Калі інфармацыя паступіла да Алеся Марачкіна, ён пачаў тэлефанаваць да менскіх мастакоў, потым – па рэгіёнах. Урэшце патэлефанаваў мне і сказаў: “Усё, здымаем!” Я таксама падзяляю ягонае меркаваньне, бо падобнага быць не павінна, гэта нонсэнс! Але ж цяпер мы ўсе будзем ведаць, што ў выставачнай залі Цэнтру сучаснага мастацтва пануе цэнзура!”

Пад цэнзуру падпалі анёлкі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ды калёны АМОНУ з дубінкамі, што заганяюць жывёлу на калгасную фэрму. Гэткі фон да партрэту Васіля Быкава стварыў Алесь Пушкін, выклікаўшы там самым незадавальненьне віцебскіх уладаў.

Дырэктарка Цэнтру сучаснага мастацтва Валянціна Кірылава так і не сказала, адкуль менавіта прыйшоў адпаведны загад. А гаворку пра зьняты партрэт Васіля Быкава паспрабавала перавесьці ў рэчышча мастацтвазнаўства.

(Кірылава: ) “Я думаю, што творчыя намаганьні Алеся Пушкіна маглі бы быць больш выразнымі, і я лічу, што над гэтым творам ён папрацаваў недастаткова. Як няма мастака, дык давай палітыку? Я лічу, што выставачная заля – гэта ня месца для палітычных дэманстрацыяў”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэта ваша прыватнае або афіцыйнае меркаваньне?”

(Кірылава: ) “І прыватнае, і службовае!”

На думку мастакоў, у той ці іншай ступені палітызаванымі можна лічыць усе карціны з гэтае выставы, бо яна прысьвечаная Васілю Быкаву. Што да самога Алеся Пушкіна, то ён кажа, што ўдзячны сваім калегам за прынятае прынцыповае рашэньне, хаця й шкадуе пра тое, што віцебчукі ўжо не пабачаць многія добрыя мастацкія творы.

Спадарыня Кірылава таксама кажа, што шкадуе пра прынятае мастакамі рашэньне, якое пазбавіла людзей магчымасьці наведаць выставу. Аднак карціну Алеся Пушкіна яна сёньня забараніла нават фатаграфаваць, дый увогуле схавала яе так, што месца ейнага знаходжаньня ня ведаюць нават супрацоўнікі выставачнае залі.

Усе астатнія карціны ужо складзеныя дзеля адпраўкі ў Менск, дзе на пачатку наступнага месяца заплянаваная выстава ў Чырвоным касьцёле. У Віцебску выстава экспанавалася усяго тры дні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG