Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельская арганізацыя АГП выступіла за адкліканьне сваіх прадстаўнікоў з акруговых выбарчых камісіяў


Казімер Яноўскі, Гомель Гомельская абласная арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі сталася ініцыятарам адкліканьня сваіх прадстаўнікоў са складу акруговых выбарчых камісіяў.

Рашэньне адклікаць сваіх прадстаўнікоў з акруговых выбарчых камісіяў прыняла ўчора большасьцю галасоў рада абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ініцыяваў гэтае пытаньне намесьнік старшыні рады Ўладзімер Кацора:

(Кацора: ) “Сёньня можна канстатаваць, што ў акруговыя камісіі патрапілі адзінкі. І нават у тых акругах, куды яны патрапілі, кандыдаты не зарэгістраваныя. Ва ўчастковыя камісіі мы вылучалі болей за сотню сяброў, але нікога ў іх склад не ўключылі. Падкрэсьліваю: нікога! Цяпер мы ўжо бачым, што ўлада не дазваляе весьці агітацыі ні за кандыдатаў, нават зарэгістраваных, а тым больш супраць пытаньняў рэфэрэндуму. Гэта галоўнае, чаму мы вырашылі адклікаць сваіх сяброў са складу акруговых камісіяў”.

Прапанова гамельчукоў накіраваная ў Нацыянальны камітэт Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ён і павінен прыняць канчатковае рашэньне наконт адкліканьня сваіх прадстаўнікоў з акруговых выбарчых камісіяў. Гаворка вялася таксама й пра адкліканьне зарэгістраваных кандыдатаў, але рада да пэўных высноваў не прыйшла.

Спадар Кацора, у сваю чаргу, лічыць, што такі крок быў бы цалкам апраўданы:

(Кацора: ) “Трэба адклікаць усіх зарэгістраваных кандыдатаў ад АГП, іншых апазыцыйных партыяў, бо ўжо сёньня зразумела, што і вынікі выбараў, а тым больш рэфэрэндуму, будуць сфальшаваныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG