Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрылі мэмарыяльную дошку Івану Шамякіну (фота)


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў Менску адбылося ўрачыстае адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі народнаму пісьменьніку Беларусі Івану Шамякіну. Імпрэзу арганізаваў праўладны Саюз пісьменьнікаў. Тым часам у Беларусі дагэтуль няма памятнай дошкі народнаму пісьменьніку Беларусі Васілю Быкаву. Пра тое, як у Беларусі па-рознаму шануюць памяць народных пісьменьнікаў, расказвае наша карэспандэнтка.

Урачыстае адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі народнага пісьменьніка Беларусі Івана Шамякіна на доме па вуліцы Янкі Купалы ладзілася з ініцыятывы й з актыўным удзелам уладаў. Прысутнічалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, старшыні Саюзаў кінэматаграфістаў і кампазытараў, вэтэранскіх арганізацый, БРСМ.



Адкрывалі дошку дачка Івана Шамякіна Тацяна й старшыня праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Дарэчы, даючы яму слова, намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Міхаіл Ціцянкоў назваў Чаргінца старшынём Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Сапраўднага ж старшыню памянёнага Саюзу Алеся Пашкевіча ды іншых сяброў творчай арганізацыі на ўрачыстасьць не запрасілі.

Генэрал-лейтэнант міліцыі, сябра Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец выступаў на расейскай мове. Кіраўнік Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі Валер Максімовіч паведаміў: Інстытут пачынае падрыхтоўку выданьня найбольш поўнага збору твораў Івана Шамякіна, якое мае пабачыць сьвет у 2009 – 2013 гадах. Таксама плянуецца стварэньне музэю Шамякіна на ягонай радзіме і ўстанаўленьне помніка. Раней сёлета імя Івана Шамякіна было нададзена Мазырскаму пэдагагічнаму ўнівэрсытэту.

Мэмарыяльная дошка, зробленая скульптарам Іванам Міском

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч адзначае: прапановы ў справе ўшанаваньня памяці народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава, уключна з устанаўленьнем мэмарыяльнай дошкі й выданьнем поўнага збору твораў, былі дасланыя ва ўрад пасьля сьмерці Быкава ў 2003 годзе. Аднак дагэтуль не атрыманы адказ.

(Пашкевіч: ) “Самае сумнае, што ніводзін з пунктаў па ўшанаваньні памяці й зьберажэньні спадчыны Васіля Быкава ня быў выкананы. Памяць народных творцаў ушаноўваецца па-рознаму. Калі мы гаворым пра літаратараў, пра пісьменьнікаў, то перадусім згадваем народнага пісьменьніка Беларусі Янку Брыля. Гэта дзікунства, калі магіле такога вядомага творцы, апавяданьні, аповесьці якога ў школьных праграмах амаль паўстагодзьдзя ўжо, не знаходзіцца месца ў сталіцы Беларусі. Мы ўсе, наш Саюз пісьменьнікаў, радуемся тым намаганьням дзяржавы, што ўкладаюцца ва ўшанаваньне спадчыны й памяці народнага пісьменьніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна”.

Як згадваюць сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, да Івана Шамякіна ў апошнія гады жыцьця зьвярталіся з прапановай узначаліць альбо ўвайсьці ў склад тады яшчэ плянаванага праўладнага саюзу пісьменьнікаў. Іван Пятровіч адмовіўся.

Алесь Пашкевіч працягвае:

(Пашкевіч: ) “Іван Пятровіч Шамякін да канца свайго жыцьця заставаўся верны сваім ідэалам, як верны ён заставаўся й адзінаму Саюзу пісьменьнікаў. На прапановы стаць стваральнікам нейкага іншага саюзу пісьменьнікаў ён публічна адказваў адмовамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG