Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікіту Сасіма асудзілі на тры месяцы арышту (абноўлены)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вядомага лідэра моладзевага руху Мікіту Сасіма асудзілі на тры месяцы арышту. Адвакаты Сасіма раней патрабавалі апраўдальнага прысуду.

12 траўня ў Баранавічах абвясьцілі прысуд аднаму з актывістаў моладзевага руху Мікіту Сасіму. Яго прызналі вінаватым ува ўхіленьні ад вайсковай службы й пакаралі арыштам на тры месяцы. Прысуд вынес судзьдзя Канстанцін Чыркун. Мікіта Сасім знаходзіцца пад вартай з 16 сакавіка. Такім чынам, на волю ён выйдзе больш як празь месяц.

Раней

у судзе юнак заяўляў, што разглядае працэс як помсту за актыўную апазыцыйную дзейнасьць. Пачуць камэнтар на прысуд ад Сасіма не ўдалося — яго адразу вывелі з судовай залі. Аднадумцы Мікіты Сасіма, якія прысутнічалі на абвяшчэньні прысуду, перакананы ў палітычных прычынах перасьледу.

Кажа Любоў Кучынская.

(Кучынская: ) “Мікіта Сасім — лідэр моладзі. Ён распачаў кампанію Джынс, распачаў дзень беларускай салідарнасьці. Таму не лічыць гэты суд палітычным немагчыма”.

Начальнік аддзелу прызыву баранавіцкага ваенкамату Аляксандар Шосьцік адкідае палітычныя матывы гэтай справы. Паводле яго, у Баранавічах не ўпершыню ўхіляюцца ад вайсковай службы, і стаўленьне да ўсіх аднолькавае. Што Сасім сьвядома ўхіляўся ад вайсковай службы, падпалкоўнік не сумняваецца. Прыкладам, у кастрычніку юнак не прыйшоў адпаведна з позвай у ваенкамат, а потым самавольна пакінуў шпіталь, куды яго накіравала для абсьледаваньня мэдычная камісія.

Нагадаем: легчы ў шпіталь Мікіту Сасіму давялося неўзабаве пасьля першага Дня беларускай салідарнасьці, які адзначаўся 16 верасьня. Падчас вулічнай акцыі юнак быў зьбіты міліцыянтамі й атрымаў траўму галавы. У судзе спадар Сасім прызнаў: ён на два дні раней зьехаў са шпіталю дамоў. І патлумачыў свой учынак: усе абсьледаваньні да таго часу ўжо былі завершаны. У крымінальнай справе спадара Сасіма, дарэчы, ёсьць справаздача дактароў са сьведчаньнем, што патрэбны курс абсьледаваньня прызыўнік прайшоў.

На думку адвакатаў, пацьверджаны быў толькі адзін факт — няяўка Мікіты Сасіма ў ваенкамат. Ці дастаткова гэтага для прызнаньня яго крымінальным злачынцам? Адвакаты Аляксандар Галіеў і Зоя Гаўдзей гэтак ня лічаць, а таму патрабавалі апраўдальнага прысуду. Зоя Гаўдзей адзначыла факт рознага стаўленьня ў Баранавічах да тых, хто ўхіляецца ад службы ў войску.

(Гардзей: ) “І суду вядома, і мне — як адвакату, які даўно практыкуе, — што ў нас гэта першы выпадак, калі па такім артыкуле прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці. У судох такіх спраў не было”.

Мікіта Сасім, ягоныя сваякі й абаронцы пакуль ня вызначыліся з тым, ці будуць абскарджваць прысуд. Маці Мікіты, Сьвятлана Сасім, паведаміла “Свабодзе”, што ў аўторак пойдзе на спатканьне з сынам. Гэта будзе для яе першае дазволенае спатканьне за два месяцы ўтрыманьня Мікіты пад вартай.

І ўсё ж: ці забяруць Мікіту Сасіма ў войска, калі ён адбудзе тэрмін пакараньня? Як патлумачылі “Свабодзе” ў прэсавай службе Міністэрства абароны, паводле беларускага закону, асоб, прызнаных вінаватымі за крымінальнае злачынства, на тэрміновую вайсковую службу не прызываюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG