Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыпынены суд аб ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (фота)


Галіна Абакунчык, Менск 5 траўня ў Вярхоўным судзе для запатрабаваньня неабходных дакумэнтаў на нявызначаны тэрмін прыпынена слуханьне грамадзянскай справы аб ліквідацыі грамадзкага аб''яднаньня "Саюз беларускіх пісьменьнікаў" (СБП), ініцыяванага Міністэрствам юстыцыі. Такое рашэньне прыняў судзьдзя Ігар Мільто пасля задавальненьня хадайніцтваў, вылучаных бакамі падчас працэсу.

Закрыцьця старэйшай творчай арганізацыі патрабуе Міністэрства юстыцыі. Падставай для пазову Мін''юсту аказаліся папярэджаньні, вылучаныя да грамадзкай арганізацыі цягам некалькіх апошніх гадоў. Кіраўніцтва Саюзу гэтыя вінавачаньні ў судзе зьняпраўджвае й называе працэс палітычна матываваным.

У судзе выступілі сьведкі правядзеньня ў кавярні Дому літаратара зьезду Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Міністэрства юстыцыі заяўляе, што форум быў арганізаваны кіраўніцтвам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. І гэта ёсьць адной з асноўных падставаў для ліквідацыі арганізацыі. Аднак намесьнік старшыні партыі Ўладзімер Нісьцюк заявіў у судзе, што ніякага дачыненьня да партыйнага зьезду грамадзкая супольнасьць ня мае. Беспадстаўнымі закіды Міністэрства назваў і прысутны на судзе перакладчык і навуковец Лявон Баршчэўскі.

(Баршчэўскі: ) “Міністэрства юстыцыі села ў лужыну. Бо відочна, што справа абсалютна высмактана з пальца. Чыноўнікам, якія рыхтавалі гэты пазоў, ня месца ў Міністэрстве юстыцыі. Я думаю, калі будзе наўпроставы загад зьверху, то рашэньне можа быць любое. Але здаровы сэнс падказвае, што няма падстаў для ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня”.

Нагадаю: Міністэрства юстыцыі называе некалькі прычынаў, якія, на думку чыноўнікаў, ёсьць падставай для ліквідацыі грамадзкай арганізацыі. У тым ліку, часовая адсутнасьць арыгіналу статуту, неадпаведная форма пячаткі й афіцыйных блянкаў, фігураваньне герба “Пагоня” на шыльдзе перад службовым уваходам у будынак Дому літаратара. Аднак усе гэтыя закіды прадстаўнікі пісьменьніцкай арганізацыі аспрэчваюць у судзе. Гаворыць намесьнік старшыні СБП Барыс Пятровіч.

(Пятровіч: ) “Наконт пячаткі, наконт статуту, наконт блянкаў і наконт зьезду вінавачаньні практычна адпалі. Больш за тое, калі мы на папярэднім паседжаньні былі, дык зрабілі заўвагу: на нумарках, якіх нам выдалі ў камэры захоўваньня ў Вярхоўным судзе, было пазначана, што гэта Вярхоўны суд БССР. Сёньня, як бачыце, яны замянілі гэтыя нумаркі. А якое ўрэшце рэшт суд прыме рашэньне — гэта ўжо справа суду. Але вы бачыце: папраўдзе разглядаецца не грамадзянская справа, а палітычная”.

Падтрымаць кіраўніцтва пісьменьніцкай арганізацыі па-ранейшаму прыходзяць шэраг вядомых пісьменьнікаў, прадстаўнікі іншых грамадзкіх арганізацыяў і журналісты. Судовыя слуханьні будуць прадоўжаны.

Варта ўзнавіць найбольш значныя падзеі, датычныя гэтае справы: 2 сакавіка гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта пра высяленьне кіраўніцтва Саюзу з Дому літаратара, а таксама пра сплату арэнднай сумы — 55-ці мільёнаў рублёў. Раней, у 1997 годзе, Дом літаратара быў пераведзены з падпарадкаваньня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў ва ўласнасьць прэзыдэнцкай адміністрацыі. Пасьля стварэньня яшчэ адной пісьменьніцкай суполкі — на чале зь Мікалаем Чаргінцом — у 2005 годзе пра выхад з СПБ заявілі каля 70 літаратараў.

Фотарэпартаж





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG