Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юныя вулічныя змагары: гульні “ў дарослых” ці сьвядомы выбар?


Севярын Квяткоўскі, Менск Ці пашыраецца вулічны супраціў моладзі? Што штурхае юнакоў на забаронены ўладамі палітычныя крокі? Хто яны – сёньняшнія падпольшчыкі, якія малююць на сьценах лёзунгі апазыцыі? Як матывуюцца іхныя дзеяньні? Дасьледаваньне "Свабоды".

Першыя вулічныя акцыі пратэсту найноўшага часу адбыліся ў Менску ў 1988 годзе. Актывістка праваабарончага цэнтру “Вясна” Паліна Сьцепаненка мяркуе:

(Сьцепаненка: ) “Ад 1988 году дзесяткі тысяч маладых людзей прайшлі праз апазыцыйныя арганізацыі. І тым, ці іншым спосабам далучыліся да дэмакратычнага руху”.

Паводле некаторых іншых ацэнак, лік можа ісьці на сотні тысяч, бо ня ўлічаныя юнакі, якія спрычыняліся да апазыцыйных акцыяў па-за сяброўствам у арганізацыях.

На думку аднаго з актывістаў анархісцкага руху Паўлюка Канавальчыка, галоўны пэрыяд вулічнай грамадзянскай актыўнасьці, у тым ліку моладзевай, прыпаў на 1989–1999 гг:

(Канавальчык: ) “У нашы часы, калі нам было па 20 гадоў, магчымасьцяў вулічнага змаганьня было на шмат болей, чым зараз. І зь гледзішча санкцыяў, і зь гледзішча захапленьня студэнцкай моладзі. Бо не было яшчэ структураў, якія б маглі кантраляваць моладзь. Якая так ці інакш уплывае на сучаснага студэнта”.

Паўлюк Канавальчык адзначае, што больш як дзесяцігадовыя меры застрашэньня, а таксама ідэалягічная апрацоўка моладзі дала плён.

(Канавальчык: ) “Магчымасьць вулічнага адкрытага пратэсту цяпер зьведзеная фактычна да нулю. Вельмі цяжка зараз казаць пра шчыры, адкрыты масавы пратэст на вуліцах тут і цяпер”.

(Хлопец: ) “Вялікі псыхалягічны ціск. І з боку міліцыянтаў ідзе ціск: выклікаюць, тэлефануюць… І з боку настаўнікаў: на іх ціснуць зь верху, а яны на нас”.

Гэта словы школьніка, які ня раз затрымліваўся міліцыяй, у тым ліку з балёнчыкамі з фарбай у заплечніку.

Звычайныя грамадзяне без прыхільнасьці ставяцца да насьценных надпісаў, незалежна ад іхнага зьместу:

(Кабета: ) “Гэта вельмі непрыемна. Устаеш рана ранкам, выходзіш на двор. І твой двор расьпісаны: сьцены, дзьверы пад’ездаў”.

Дзяржаўная тэлевізія дае сваю вэрсію ўсплеску палітычных графіці на сьценах беларускіх гарадоў:

(Вядоўца ОНТ: ) “Шалёныя выкрыкі ў прымітыўнай графічнай форме выдаюцца за прыгожую ідэю свабоды. Але ў дадзеным выпадку ідэя праплачаная, і дыктуецца на сэмінарах у Львове і Кіеве”.

Дзяржаўныя СМІ ўжо анансавалі падрыхтоўку закону пра крымінальную адказнасьць за графіці. Вось камэнтар падлетковага псыхоляга Жаны Міцкевіч:

(Міцкевіч: ) “Гэта не зусім правільна. Справа ў тым, што ўсё, што забараняецца, як пратэст вынікае – хочацца яшчэ больш. Так характэрна для гэтага ўзросту. Што дазваляецца, па-ціху губляецца цікаўнасьць да гэтага”.

Працытуем сюжэт дзяржаўнай тэлевізіі:

(Вядоўца: ) “Падлеткі, іх большасьць сярод аўтараў крывых надпісаў, лічаць сябе героямі-рэвалюцыянэрамі. Але ў 15 гадоў так лёгка пайсьці за чужой ідэяй. Але сапраўдная грамадзянская пазыцыя падразумявае яшчэ і адказнасьць за свае дзеяньні”.

Па дзяржаўнай тэлевізіі раз-пораз перадаюць сюжэты пра дабраахвотныя акцыі сябраў БРСМ. У тым ліку палітычныя. Напрыклад, летась перад польскай амбасадай, калі маладыя людзі пілавалі сымбалічнае бервяно “польска-беларускай дружбы”. Вось як пракамэнтаваў падобныя мерапрыемствы адзін са старшыняў БРСМ у адным зь менскіх ВНУ.

(Хлопец: ) “Натуральна, ніхто не хацеў у гэтым удзельнічаць. Па-першае адміністратыўны момант: не здасі залік, альбо не атрымаеш экзамэн, альбо застанесься без падвышанай стыпэндыі, хаця будзе нармальны бал. І другі момант, казалі “проста едзем на экскурсію”. А там людзі давалі лапаты, ламы, і наперад. Усё адбывалася такім чынам, і, натуральна, людзі не хацелі гэта рабіць”.

Але вернемся да моладзі, якая хіліцца да недзяржаўных палітычных рухаў. Працягвае Жана Міцкевіч:

(Міцкевіч: ) “Яны сваё “я” праносяць праз пэўныя экстрэмальныя сытуацыі. Каб самаўпэўніцца, каб убачыць сябе, і самарэалізавацца. А што я магу, а хто я такі. Бо гэты пэрыяд, як кажуць у псыхалёгіі, сындытыўны – самы чуйны”.

Сёньня выказаць свой пратэст і палітычныя погляды падлетак можа хіба ў інтэрнэце ды на сьценах:

(Хлопец: ) “Я думаю, гэта ня вельмі кепска. Калі яны гэта пішуць, то яны жадаюць нешта сказаць гэтым. Яны ж ня могуць выйсьці, і сказаць гэта нашаму мэру і г.д. І таму яны так альтэрнатыўна пішуць. Каб людзі бачылі, што такія людзі ёсьць”.

***

(Школьнік: ) “Я спачатку асьцерагаўся-асьцерагаўся… А пасьля так паставіўся – трэба. Хто пойдзе тады на барыкады, калі не мы?”

Філёзаф і паэт Ігар Бабкоў быў актыўным прыхільнікам палітычных графіці адразу пасьля рэфэрэндуму 1995 году. Цяпер Ігар Бабкоў гаворыць пра зьмену кантэксту, у якім існуюць палітычныя графіці:

(Бабкоў: ) “палітычныя графіці ўспрымаліся на мяжы мастацтва і наўпроставага палітычнага дзеяньня. Кантэкст, у які патрапляе палітычнае графіці сёньня, гэта кантэкст палітычнай рэклямы, і паліттэхналёгіяў. Нажаль. То бок, гэта не ўспрымаецца, як прарыў да праўды, да чыстага палітычнага дзеяньня”.

(Карэспандэнт: ) “Якія парады маладому чалавеку, каб выказацца палітычна?”

(Бабкоў: ) “Пісаць добрыя вершы – самы радыкальны палітычна праект”.

Тым ня менш, штораз новыя юнакі далучаюцца да актыўных вулічных дзеяньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG