Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя графіці ў Ваўкавыску: заведзена крымінальная справа


Радыё Свабода У ноч з суботы на нядзелю на будынках у Ваўкавыску зьявіліся надпісы “Просим уйти”, “Уходи”. Міліцыя завяла крымінальную справу “па факце хуліганства”. У нядзелю ўвечары ў Віктара Вайцюка і Віталя Гуляка — зьбіральнікаў подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча — адбыўся ператрус.

Надпісы на будынках зробленыя чорнай і чырвонай фарбамі. Прычым, як адзначаюць відавочцы, вельмі акуратна. Найбольш іх у цэнтральнай частцы гораду, як на адміністрацыйных, так і на жылых дамах, на крамах, дзіцячых садках і школах. Надпісы зроблены таксама на ўскрайку гораду.

У нядзелю пасьля 19-й гадзіны адразу ў двух сяброў ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча быў праведзены ператрус. Віталь Гуляк расказваў, што надпісы на сьценах будынкаў заўважыў раніцай, калі ішоў у касьцёл. Пасьля абеду ён быў у сябра на дні нараджэньня, а калі вярнуўся пасьля 19-й гадзіны дадому, у яго ўжо адбываўся ператрус. Міліцыянты канфіскавалі беларускія каляндарыкі, сымболіку, газэты, часопісы, якія Гуляк зьбіраў некалькі гадоў.

Потым Віталя Гуляка адвезьлі ў міліцыю, дзе сьледчы дапытваў яго як сьведку па факце хуліганства. Ён патлумачыў, што ніякага дачыненьня да надпісаў на сьценах ня мае, у ноч з суботы на нядзелю быў дома і нікуды не выходзіў. Пасьля гэтага сьледчы яго адпусьціў. Вось што думае ў сувязі з допытам сам Віталь Гуляк:

(Гуляк: ) “Я разумею, што гэта ўсё рабілася, каб ня толькі асабіста мяне, бо, думаю, цяпер пойдзе хваля ператрусаў — каб проста людзей запалохаць”.

У Віктара Вайцюка канфіскавалі кампутар, 140 плякатаў з аўтабіяграфіяй Аляксандра Мілінкевіча і некалькі нумароў справаздачы ААН аб правах чалавека. Ён таксама даваў паказаньні як сьведка. Праўда, яго больш распытвалі пра тое, дзе ён узяў матэрыялы, якія ў яго канфіскавалі.

(Вайцюк: ) “У міліцыі ў мяне пыталіся, дзе я гэта ўсё ўзяў, а надпісамі ў прынцыпе ня вельмі цікавіліся”.

Намесьнік начальніка Ваўкавыскай міліцыі Аляксандар Глебаў пацьвердзіў, што заведзена крымінальная справа па факце хуліганства, але больш размаўляць ня стаў, спаслаўшыся на занятасьць.

А вось што пра надпісы на сьценах будынкаў думае кіраўнік раённага штабу збору подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча Мікола Аксаміт:

(Аксаміт: ) “Гэта нейкае барбарства. Чым і хто кіраваўся? Магчыма, гэта правакацыя, мне цяжка патлумачыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG